Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зноў даражэе бэнзін


Радыё Свабода У разгар пасяўной у Беларусі павялічыліся кошты на нафтапрадукты. З учорашняга дня цана бэнзіну А-76 і дызэльнага паліва вырасла на 2,6 % – да 1200 рублёў за літар, А-92 на 2,7 % – да 1520 рублёў, А-95 цяпер каштуе 1720 рублёў.

Паводле тлумачэньняў “Белнафтахіму”, розьнічныя цэны на паліва, якое рэалізуецца праз аўтазаправачныя станцыі, павялічаныя ў сувязі з праведзенай на пачатку красавіка індэксацыяй ставак акцызаў на нафтапрадукты. Такім чынам, гэта яшчэ не зьвязана з усясьветнымі цэнамі на нафту, якія 9 траўня таксама пайшлі ўгару на Лёнданскай і Нью-Ёрскай нафтавых біржах.

Што да разгару сельгаспрацаў, то гэта падвышэньне ня вельмі істотна закране калгасы і нават фэрмэрскія гаспадаркі. Гаворыць фэрмэр са Жлобінскага раёну Міхаіл Пашук:

(Пашук: ) “На нас яно слаба паўплывае, таму што мы датуемся дзяржавай амаль пад патрэбу. Калі б нас не датавалі, мы б не існавалі ўжо”.

Эканаміст Міхал Залескі цьвердзіць, што падвышэньне коштаў на паліва адбіваецца на ўсёй эканоміцы краіны.

(Залескі: ) “Падвышэньне невялікае, здавалася б. А зараз мы паглядзім, як гэта будзе адбівацца на сямейным бюджэце таго, хто мае прыватны аўтамабіль, як гэта адаб''ецца на структуры выдаткаў літаральна ўсіх прадпрыемстваў, на структуры выдаткаў, зьвязаных зь перавозкамі, як гэта адаб''ецца на сабекошце прадукцыі. Наўпрост здаецца, ну, капейчына зь кішэні вывалілася, нічога страшнага. А ўскосна гэта робіць жыцьцё наагул даражэйшым. Гэта ёсьць тая самая прыхаваная інфляцыя, якая пачынае ўлазіць да нас у кішэню. Пры тым, што рубель жа стабільны! Вось і атрымліваецца што тут у нас крыху адабралі”.

Тое, што любое падвышэньне коштаў на нафтапрадукты вядзе да росту цэнаў на ўсё астатняе, у тым ліку і на прадукты, пацьвярджае і жлобінскі фэрмэр Міхаіл Пашук.

(Пашук: ) “Безумоўна, будуць падвышацца цэны і на нашу прадукцыю. Падвышэньне абавязкова будзе. Калі растуць у цане нафтапрадукты – а яны працэнтаў 30 – 40 забіраюць па ўсіх затратах, то канечне, гэта адаб''ецца на цане ўсёй астатняй прадукцыі”.

Дарэчы, Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі ў 2007 годзе складзе 4%, а рост цэнаў – 13,3%.
XS
SM
MD
LG