Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе фінал “Эўрабачаньня-2006” зь беларускім удзелам?


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня беларуская ўдзельніца міжнароднага песеннага конкурсу “Эўрабачаньне-2006” Паліна Смолава пачынае рыхтавацца да выступу непасрэдна ў сталіцы Грэцыі. 18 траўня сьпявачка пад пятым нумарам стартуе ў паўфінале, фінал конкурсу заплянаваны на 20 траўня. Магчымасьці патрапіць у яго прадстаўніцы Беларусі – высьвятляў карэспандэнт "Свабоды".

Гэта трэцяя спроба Беларусі заявіць пра сябе на “Эўрабачаньні”. Першыя дзьве былі досыць сьціплыя. Два гады таму ў Стамбуле барысаўскі дуэт “Аляксандра і Канстанцін” прыйшоў на фініш у ліку апошніх. Летась у Кіеве, нягледзячы на ўкладзеныя ў раскрутку Анжалікі Агурбаш мільёны даляраў, эпатажная сьпявачка таксама ня здолела пераадолець стадыю паўфіналу.

Напярэдадні ад''езду ў Афіны Паліна Смолава, якую, дарэчы, у 2005 годзе не без дапамогі нацыянальнага журы абышла менавіта Агурбаш, заявіла, што ўлічыла памылкі папярэднікаў. Яна лічыць, што для Беларусі выхад у фінал – ужо посьпех. Аднак прадусар Юры Падольскі, бацька мінулагодняй удзельніцы ад Расеі Натальлі Падольскай, перакананы: у мэханізьме падрыхтоўкі да “Эўрабачаньня” у Беларусі нічога не зьмянілася.

(Падольскі: ) “Беларусь не разьвіваецца ў гэтым відзе. Вось калі прэзыдэнт асабіста, як спартовец, зацікаўлены ў хакеі, то, паглядзіце, мы ўжо дзесьці пачалі выйграваць. А тут асабіста ніхто не зацікаўлены. Чыноўнік зацікаўлены быць ня можа, бо ў чыноўніка, як суб''екта чалавечых адносінаў, іншая функцыя ў грамадзтве, іншыя інтарэсы. Можа з-за таго, што гэты ідэалягічны кірунак, мякка кажучы, ім не ўказала адміністрацыя прэзыдэнта. А самі яны прызвычаіліся ініцыятыву не выяўляць. Зрэшты, як і ўсе мы, яны чакаюць каманды”.

Вакол магчымасьці выезду Паліны Смолавай у Афіны апошнім часам было нямала размоваў. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў сьпявачка актыўна ўдзельнічала ў прапагандысцкім канцэртным туры “За Беларусь” у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, а летась у складзе дэлегацыі БРСМ езьдзіла ў Вэнэсуэлу на Ўсясьветны фэстываль моладзі й студэнтаў. У шэрагах беларускай апазыцыі гучала ідэя зьвярнуцца ў эўраструктуры, каб забараніць Смолавай уезд у Эўразьвяз. Праўда, калегі Смолавай лічаць, што маніпуляваць артыстамі з дапамогай палітыкі не этычна. Гаворыць Іна Афанасьева.

(Афанасьева: ) “Мне здаецца, што такія меркаваньні належаць людзям, якія сядзяць на кухні і нічога ня хочуць рабіць. А той, хто імкнецца штосьці робіць, няхай і зь нейкімі памылкамі, няхай не заўсёды добра ці якасна, але робіць дзеля гонару краіны, не заслугоўвае такога да сябе стаўленьня. Проста іншая справа, што мы заўсёды кагосьці з кімсьці параўноўваем”.

У часе так званага прома-туру напярэдадні конкурсу “Эўрабачаньне” Паліна Смолава наведала дзьве сталіцы – Маскву і Кіеў, хоць раней заяўляла, што плянуе выступіць як найменей у 15 краінах. Мабыць, улічыла досьвед Анжалікі Агурбаш, якая летась разам з мужам, расейскім “каўбасным баронам” Мікалаем Агурбашам, аб’ехала два дзясяткі краінаў, а плёну ад гэтага не было ніякага.

Між тым, некаторыя беларускія музыкі лічаць ганебнай практыку арыентацыі на Расею як на “узор песеннага мастацтва”.

Лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка кажа, што справа ня толькі ў сьляпым капіяваньні расейскай папсы; тая ж Расея ўвогуле ігнаруе Беларусь як суб''ект музычнай культуры.

(Хаменка: ) “Мы павінны разумець, што яны мусяць паважаць і нас таксама. А то прыяжджаюць і запытваюць: а хто там у вас у Беларусі ёсьць? Ну, “Песьняры” – так, ведаем. “Сябры”, чулі. А яшчэ хто?.. Уся культура Беларусі засталася для іх на межах якога-небудзь 1979 году. І ніхто ў Расеі не засьпяваў па-беларуску. Па-ўкраінску колькі сьпявалі “Океан Эльзи” і “Воплі Відаплясава” ў Маскве? Гэта натуральна, бо гаворка ідзе пра абмен культураў”.

Ці зможа Паліна Смолава разарваць практыку няўдалых выступаў беларусаў на конкурсах “Эўрабачаньня”, стане вядома 18 траўня, калі сьпявачка выйдзе на афінскую сцэну зь песьняй “Мама”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG