Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Калякін – на волі (абноўлены)


Радыё Свабода З турмы на Акрэсьціна выйшаў лідэр ПКБ Сяргей Калякін. Ён адседзеў 14 сутак арышту за ўдзел у Чарнобыльскім шляху 26 красавіка. Сяргея Калякіна супрацоўнікі турмы адвезьлі дамоў cамі а 9-й раніцы — каб не дапусьціць урачыстай сустрэчы ля брамы спэцпрыёмніка, якую рыхтавалі паплечнікі паолітыка. Але на знак пратэсту сябры Калякіна прывезьлі яго назад, на Акрэсьціна, ужо з дому, каб усе ахвочыя займелі мажлівасьць для віншаваньня.

А 9-й раніцы каля турмы на Акрэсьціна сабралася некалькі дзясяткаў чалавек — сустрэць Сяргея Калякіна. Сярод прысутных былі аднапартыйцы лідэра ПКБ, а таксама кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, Аляксандар Дабравольскі, Сяргей Альфэр, Юры Хадыка, прадстаўнікі незарэгістраваных моладзевых рухаў і журналісты.

Паводле пратаколу, палітыка павінны былі адпусьціць у 10.40. 20 хвілінаў на адзінаццатую Сяргей Калякін патэлефанаваў сваім паплечнікам, якія стаялі ля брамы турмы, з хатняга тэлефону й распавёў, як яго загадзя вывелі ў турэмны двор, пасадзілі ў машыну з танаваным шклом і хутка адвезьлі дахаты. Людзі пачалі абурацца. Гэта ня першы выпадак, калі палітвязьняў выпускаюць раней за пазначаны судом тэрмін, каб не дапусьціць урачыстай сустрэчы. Гаворыць Віктар Карняенка:

(Карняенка: ) “Такая практыка ня першы раз. Вось гэта й ёсьць тым рэальным пачуцьцём салідарнасьці — калі чалавек адчыняе брамку, а тут яго чакаюць сябры, паплечнікі. Ну, вось, пазбавілі… Гэта такія дробныя паскудзтвы ўлады. Усё, на што яна здольна”.

Сябры Сяргея Калякіна вырашылі прывезьці яго зноў да турмы на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў. Прыбыцьцё ягонае машыны ўсе сустрэлі воплескамі.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, чаму вас адвезьлі?”

(Калякін: ) “Я думаю таму, што ня хочуць, каб адбываліся такія сустрэчы, каб людзі ведалі, што пра іх не забыліся, што сустракаюць усіх. Гэта боязь тых, хто знаходзіцца наверсе й кіруе гэтым працэсам. Мяркую, што гэта сыходзіць ад структур, блізкіх да прэзыдэнта. Ня думаю, што гэта ініцыятыва кіраўнікоў Акрэсьціна… Ну, прывезьлі дадому з шыкам…”

Сяргей Калякін упершыню трапіў за краты турмы на Акрэсьціна. Ён выказаў свае ўражаньні “Свабодзе”.

(Калякін: ) “Трохі адчуваецца недахоп інфармацыі аб тым, што адбываецца на волі. Усё астатняе, і ўмовы побыту: раз на дзень маглі карыстацца душам. Але не было гарачай вады — толькі халодная. Нас тут усе празвалі маржамі. Хадзілі і Мілінкевіч, і я, і астатнія хлопцы. Стаўленьне да тых, каго тут трымаюць пад вартай, у тым ліку, і да палітычных, вельмі добрае. Не магу казаць, што тут некага прыніжалі. Усе прыгадвалі Шчукіна: гэта ж ён дамогся ўмоў значна лепшых за тыя, што былі да таго, як яго пасадзілі. Цяпер ёсьць і лыжкі, і водзяць у душ”.

Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, Зьмітра Дашкевіча й Вінцука Вячорку спачатку трымалі ў адной камэры. А праз суткі разьмясьцілі паасобку — у розныя камэры.

А 10-й вечара на волю выйдзе лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, 12 траўня — Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Бухвостаў і Зьміцер Дашкевіч. За кратамі застанецца Віктар Івашкевіч.
XS
SM
MD
LG