Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост цэнаў на золата – прыкмета эканамічнай нестабільнасьці


Кастусь Бандарук, Прага Золата заўсёды даражэе ў часы эканамічнай і палітычнай нестабільнасьці, бо лічыцца самай бясьпечным спосабам капіталаўкладаньня. Рост цэнаў на золата і падзеньне курсу даляра зьвязаныя зь бюджэтным дэфіцытам і ростам інфляцыі ў ЗША, найбуйнейшай эканоміцы сьвету. Гэта закранае і таго, хто мае альбо здабывае шмат золата, і таго, хто ня мае ні золата, ні даляраў.

Акрамя праблемаў амэрыканскай эканомікі, працягваецца вайна ў Іраку, узмацняецца палітычная напружанасьць вакол ядзерных праграмаў Ірану, а цэны паліва застаюцца на рэкордна высокім узроўні, што адчувае ледзь ня кожны жыхар Зямлі.

Высокія цэны нафты ў сьвеце, занепакоенасьць ростам інфляцыі і палітычная напружанасьць вакол ядзерных праграмаў Ірану – гэта чыньнікі, якія, паводле эканамістаў, прывялі да небывалага росту цэнаў на золата. Толькі сёлета цана на гэты мэталь вырасла на траціну. Учора, 10 траўня, на біржы ў Лёндане за унцыю золата плацілі 704 даляры, найболей за апошнія 25 гадоў.

У мінулым назіралася наўпроставая залежнасьць цаны даляра і золата. Калі золата даражэла, даляр таньнеў. З 1900-га да пачатку 1970-х гадоў вартасьць амэрыканскай валюты была прывязаная да цаны на золата, аднак 30 гадоў таму Цэнтральны Банк ЗША адмовіўся ад гэтай залежнасьці. Менавіта тады цана даляра выражаная ў золаце раптоўна ўпала. Неспадзяваная страта даверу да даляра выклікала імклівы рост цаны на золата. У верасьні 1980-га году на працягу 20 хвілінаў яно каштавала 850 даляраў за унцыю (прыблізна 31 грам). Паводле сёньняшніх цэнаў, гэта амаль 2 тысячы даляраў за унцыю.

Прычыны росту цаны на золата патлумачыў Джыл Лэйланд з Усясьветнай Рады Золата:

(Лэйланд: ) "За інвэставаньнем у золата прамаўляць палітычныя і эканамічныя чыньнікі. Занепакоенасьць тым, што даляр можа абясцэніцца яшчэ болей, выкліканая бюджэтным і гандлёвым дэфіцытам у ЗША, высокімі цэнамі на нафту, рэальнай пагрозай паглыбленьня інфляцыі, а таксама палітычнай напружанасьцю вакол ядзерных праграмаў Ірану. У такі неспакойны час золата зьяўляецца найбольш бясьпечным спосабам капіталаўкладаньня".

Паводле Джыла Лэйланда, пошукі золата працягваюцца, але здабыча гэтага мэталю ў сьвеце не павялічваецца. Затое імкліва расьце попыт на гэты мэталь. Зь меркаваньняў фінансавай абачлівасьці ў такі няпэўны час як цяпер, калі існуе пагроза з боку міжнароднага тэрарызму, у золата інвэстуюць найбуйнейшыя фінансавыя ўстановы кшталту пэнсійных фондаў.

Золата наагул скупляюць, калі сытуацыя ў сьвеце нестабільная. Калі, аднак, яна нармалізуецца, мэталь пачынаюць выкідаць на рынкі. За апошнія гады замест таго каб прадаваць золата, цэнтральныя банкі шэрагу краін пачалі яго скупляць. Разам з зацікаўленьнем больш бясьпечнымі ўкладаньнямі, таксама цана на срэбра сёлета – найвышэйшая за апошнія 23 гады.

Каштоўныя і каляровыя мэталі даражэюць таксама з прычыны павялічанага попыту на іх з боку прамысловасьці некаторых краінаў, такіх як Кітай і Індыя. Сёлета Кітай мае намер набыць 250 тон золата, на 40% болей, чым 5 гадоў таму. Таксама Індыя хоча павялічыць свае запасы каштоўных мэталяў.

На думку Джыла Лэйланда, у прынцыпе цяперашняя сытуацыя вельмі неспрыяльная для глябальнай эканомікі. Аднак з росту цэнаў на каляровыя і каштоўныя мэталі карыстаюць краіны, якія здабываюць іх, у тым ліку – самыя бедныя ў сьвеце краіны, такія як Лаос і Малі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG