Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскія нататкі: ці ўтрымаецца прэзыдэнт Юшчанка?


Сяргей Навумчык, Кіеў — Прага Інтэрнэт-эсэ. Тыдзень правёў ва Ўкраіне журналіст Свабоды Сяргей Навумчык. Ягоныя чарнобыльскія рэпартажы гучалі ў эфіры, фотаздымкі з Чарнобылю былі зьмешчаны на нашым сайце --> http://archive.svaboda.org/xml/articles/2006/04/7FFDD015-977C-4649-BECE-4831863B6ECF.html . Інтэрнэт-эсэ прысьвечаныя кіеўскім сустрэчам і назіраньням.

Па выходных прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка зазвычай выбіраецца на лецішча. Крашчацік гэтым часам перакрыты. А таму прэзыдэнцкі картэж змушаны абмінаць Крашчацік, бо менавіта па выходных цэнтральная вуліца цалкам аддадзена пешаходам — пераважна моладзі зь півам, што тут звыкла тусуецца.

Уласна, на гэтым можна было б і прыпыніць абмаляваньне стану дэмакратыі ў сёньняшняй Украіне, дзе прэзыдэнт насамрэч трымаецца прынцыпу: не народ для ўлады, а ўлада для народу.

Але ўлада — ня толькі прэзыдэнт.

Часам гэтага наведаньня Кіева я цягам дзьвюх гадзін назіраў за Віктарам Юшчанкам у будынку Опэрнага тэатру, падчас урачыстага адкрыцьця міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай трагедыі Чарнобылю. Спадар Юшчанка парушыў расклад, адклаўшы свой выступ на потым і даючы магчымасьць напачатку выказацца намесьніку Генэральнага сакратара ААН, кіраўніку ЮНЭСКА, іншым высокім міжнародным чыноўнікам.

Ня ведаю, выпадкова гэта зрабіў украінскі прэзыдэнт ці з пэўным разьлікам, але ў сваім выступе ён дыпляматычна паставіў кропкі над “і”. Чыноўнікі казалі пра “аднаўленьне” Чарнобыльскай зоны (якраз у кірунку МАГАТЭ), Юшчанка ж нагадаў пра небясьпеку, якую да гэтага часу тоіць у сабе чацьвёрты энэргаблёк. І пра міжнародную дапамогу, безь якой Украіна ня здолее збудаваць над дзьвюмастамі тонамі ядравага паліва ахоўнага даху.

Аднак мяне цікавіла ня столькі прамова Юшчанкі, колькі ягоная манэра паводзін. Тры гады таму, пад час ягонага візыту ў Прагу, мы паўгадзіны гутарылі ў маленькай студыі беларускай “Свабоды”. І чым шырэй тады расла ўва мне сымпатыя да гэтага мяккага, інтэлігентнага чалавека, тым больш рупіла асьцярога: прэзыдэнтам яму ніколі ня стаць — адсутнічае харызма, ня бачна рашучасьці, нарэшце, не заўважна й “бульдожай хваткі”, безь якое нерэальна перамагчы кіраўніка ўраду й стаўленіка Крамля.

На шчасьце, я памыліўся. Праўда, у Кіеве кажуць, што перамог ня Юшчанка — перамог народ на Майдане. Дый сабраўся Майдан, папраўдзе, ня дзеля Юшчанкі, а дзеля свабоды. Але тым ня менш...

Што мне спадабалася цяпер? За паўтара гады пры ўладзе Юшчанка не зьмяніўся. Як падалося. Адчувалася, што Чарнобыль для яго — ня проста палітыка. Ён прамаўляў эмацыйна, крыху нават хваляваўся — і на трыбуне, і, што дзіўна, з прэзыдыюму. Словам, чалавек не “замацярэў”, здабыўшы ўладу.

Па-людзку — гэта вельмі добра.

А з гледзішча палітычнага? Вось тут — ня ведаю.

З моманту абраньня прэзыдэнтам Украіны Віктара Юшчанкі прайшло паўтара гады. Пераводжу гэта на мову беларускай храналёгіі: праз паўтара гады пасьля абраньня Лукашэнкі, у канцы 95-га, ужо зеўралі “белыя плямы” ў газэтах, ужо зьняважана зьніклі нацыянальныя сымбалі, ужо зьбівалі дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад БНФ і канчаткова сфармавалася “прэзыдэнцкая вэртыкаль”.

Не, паралелі не выстройваюцца: тут газэты адкрыта абмяркоўваюць, на чым езьдзіць і дзе жыве сын Юшчанкі, і ніхто за гэта іх не зачыняе; сьпікер Вярхоўнай Рады падпісвае закон, зь якім прэзыдэнт не пагаджаецца, але закон усё ж набывае сілу; ува ўсім Кіеве — ніводнай абвесткі па-расейску.

Ды ў Кіеве шмат гавораць пра карупцыю.

І чамусьці паўстае паралель зь іншымі часамі найноўшай беларускай гісторыі — з восеньню 1993-га. І не з Лукашэнкам, а са Станіславам Шушкевічам. Старшыня ВС шукае згоды з пракамуністычнай, “пракебічавай”, большасьцю, адкідае адну за другой прапановы дэпутацкай апазыцыі БНФ, у тым ліку, — і прапановы кааліцыйнага ўраду, звароту наўпрост да народу (Шушкевіч яшчэ меў вялізны рэйтынг). Нарэшце — пазбаўленьне дэпутацкіх паўнамоцтваў асоб (улучна з Лукашэнкам), якія адкрыта выказаліся за зьнішчэньне Беларусі як незалежнай дзяржавы. І гэты крок, дарэчы, абсалютна нармальны для ўсялякай дэмакратычнай краіны. Сьпікер выключаў мікрафоны дэпутатам апазыцыі, як толькі размова заходзіла пра карупцыю, але перад гэтым прапаноўвае ўзначаліць антыкарупцыйную дэпутацкую камісію дырэктару саўгасу са Шклова.

Шушкевіч не лічыў тую тэму першачарговай. Але народу гэта балела, і на гэтым нэрве сыграў Лукашэнка. Калі ў 1992 годзе рэйтынг даверу Шушкевіча перавышаў, зь некаторых апытаньняў, 50 адсоткаў, — дык у студзені 94-га, як яго, з высілкаў Лукашэнкі й “маладых ваўкоў” выправілі ў адстаўку, на плошчу бараніць Станіслава Шушкевіча ня выйшаў ніхто.

Ці выйшлі б сёньня кіяўляне на Майдан бараніць Юшчанку, калі б сталася такая нагода?

“Маю сумнеў, — адказвае знаёмы пісьменьнік. — Канечне, нехта зьбярэцца. Магчыма, нават некалькі дзясяткаў тысяч падцягнуцца. Але мільёнаў ужо ня будзе. У 2004-м людзей вывела крыўда за тое, што іх падманулі, і трымаў на Майдане давер да лідэра, які паводзіў сябе шчыра. Сёньня, ужо з новай уладай, мы таксама адчуваем, што нас падманваюць. Наверсе ідзе барацьба паміж кланамі. Карупцыя нікуды ня зьнікла. Якраз Юшчанка не замешаны. Ды вось чыноўнікі... А давер? Гэта адзінае, што пакуль застаецца ў Юшчанкі, і гэтага — нямала. Людзі чакаюць ад яго ня хуткага паляпшэньня жыцьця. Большасьці ж зразумела, што хутка эканоміцы ня ўзьняцца. Яны хочуць пераканацца, што час злодзеяў мінуў, і злодзеі пакараны. Гэта прэзыдэнту зрабіць якраз прасьцей, чым узьняць эканоміку. Ды толькі шмат што застаецца па-ранейшаму, у кабінэтах — тыя ж людзі, маюць свае бізнэсы, будуюць катэджы”.

Ці ведае Юшчанка, што кіяўляне сёньня кажуць пра карупцыю ўлады? Ён не скруціў карупцыянэраў таму, што ня бачыць? Ці таму, што — занадта “мяккі”? Ці зь нейкай іншай прычыны?

Дарэчы, дамы тыя мне паказалі — узьведзеныя ў розных раёнах Кіеву, з эўрапейскіх мерак, яны цягнуць не на адзін мільён даляраў. Называлі мне і ўладальнікаў: вядомыя палітык альбо чыноўнік, з афіцыйным заробкам некалькі соцень даляраў. Праўда, цяпер заробная плата ўзьнялася: дэпутаты Вярхоўнай Рады апошняй кадэнцыі перад спыненьнем паўнамоцтваў атрымлівалі дзьве з паловай тысячы даляраў на месяц, а пэнсію ўсталявалі —80 адсоткаў ад заробкаў з правам сыходу на адпачынак, фактычна, у 45 гадоў.

Не прайграе й выканаўчая ўлада. Усё гэта людзі бачаць і абмяркоўваць. Калі гаворка зайшла пра адну вельмі вядомую жанчыну — палітыка, сымбаль “памэранчавай рэвалюцыі”, у мяне запыталіся: ці можа на Захадзе палітык апранацца ў гарнітур, які ў некалькі разоў перавышае ягоны гадавы заробак?

На вопратку ў Кіеве ўвогуле пільна зважаюць — гэта адчуваецца пасьля Прагі ці Нью-Ёрку, дзе, папраўдзе, усё роўна, ува што ты апрануты, — абы зручна. Сёньня Крашчацік — каляровы ланцуг шыкоўных крам з дарагім адзеньнем, а вопратка VIP нават ператвараецца ў крытэр свабоды слова: “Вы ўяўляеце сабе, каб вуснамі ўкраінскай прэсы наша грамадзтва распавяло Юлі Цімашэнка, што нельга на пасяджэньні ўраду прыходзіць у міні-спадніцы ды на шпільках? Бо гэта ж вобраз лёс-анжэлесскай прастытуткі”, — пытаецца пісьменьніца Аксана Забужка. І гэту фразу Забужкі друкуе папулярны часопіс.

Мне цяжка меркаваць пра норавы Лос-Анжэлесу, але са свабодай прэсы ў Кіеве ўсё нармальна.

І вось тут палягае прычына майго прадчуваньня, што ўсё ва ўкраінцаў атрымаецца.

Праблема Юшчанкі ўскладняецца яшчэ тым, што з абраньнем новай Вярхоўнай Рады ягоныя паўнамоцтвы істотна паменшалі — уступіў у дзеяньне новы канстытуцыйны закон, які ператварае Ўкраіну з прэзыдэнцка-парлямэнцкай рэспублікі ў парлямэнцка-прэзыдэнцкую. Магчыма, у яго застаецца зусім няшмат часу...

Блюзьнерства некаторых маскоўскіх ды менскіх СМІ над палітычнай сытуацыяй ва Ўкраіне — недарэчнае. Так, сын Юшчанкі езьдзіць на дарагім аўтамабілі, але пра гэта напісалі ўсе кіеўскія газэты, а сам Юшчанка мусіў даваць тлумачэньні на прэсавай канфэрэнцыі. У некаторых іншых краінах дзеці міністраў куды на больш шыкоўных аўто зьбіваюць насьмерць людзей, і пра гэта маюць сьмеласьць паведаміць толькі адна-дзьве газэты ды Інтэрнэт-сайты. З прызнаньня ж Юшчанкі вынікала, што сын працуе ў прыватнай фірме й мае добрыя грошы. Што ж, усталёўваць заробак, як бы там ні было, — права ўладальніка. Хаця кіеўская інтэлігенцыя, верагодна, жадала б сустракаць сына прэзыдэнта не на модных дыскатэках, а ў філярмоніі. І ў больш сьціплым антуражы. А ўсё ж Віктар Юшчанка не прызначыў свайго сына дарадцам прэзыдэнта ў пытаньнях бясьпекі, і сівыя генэралы не стаяць перад юнаком па камандзе “сьмірна”.

Нягледзячы на крытыку на свой адрас, часам зьнішчальную, почасту несправядлівую, — за паўтара гады Юшчанка не зачыніў ніводнай незалежнай газэты, не пазбавіў ліцэнзіі ніводзін тэле– альбо радыёканал. Вось гэта, напэўна, і завецца “рухацца шляхам свабоды”. Ці, трохі іначай, — у бок Эўропы.


Крашчацік у выходны дзень


Віктар Юшчанка рыхтуецца да выступу


Мэмарыяльная шыльда ў Палацы, дзе ў 1918 годзе абвешчаная Ўкраінская Народная Рэспубліка
XS
SM
MD
LG