Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Флэш-мобы: форма грамадзянскага пратэсту ці сродак палітычнай барацьбы?


Радыё Свабода Хто будзе займацца арганізацыяй флэш-мобаў? У руху “За Свабоду” ствараецца цэнтар правядзеньня гэтых акцыяў, шэраг флэш-мобэраў ня згодны падпарадкоўвацца палітычнай арганізацыі, міліцыя зьвяртаецца да пракуратуры па тлумачэньні пра гэтыя пакуль дзіўныя для Беларусі акцыі.

Новай зьявай апошніх тыдняў сталі так званыя флэш-мобы, якія моладзь ладзіць у розных раёнах Менску і іншых гарадоў. Дзьвюхчасткавае слова флэш-моб – ад двух ангельскіх словаў: flash "бліск, усплёск, успышка" і mob "натоўп", "гурма". Такім чынам, гаворка ідзе пра сучасны публічны пэрформанс, калі вялікая група людзей зьбіраецца ў папярэдне вызначаным месцы, праводзіць нейкую кароткую акцыю і хутка разыходзіцца.

Цягам апошняга тыдня моладзь у Менску прала ў тазіку расейскі сьцяг, у выніку чаго ён ператвараўся ў сьцяг СССР зь сярпом і молатам, вяртала "лапшу" Беларускаму тэлебачаньню, кідаючы макароны ў скрыню з надпісам "БТ", адварочвалася падчас навінаў ад вялікага экрану на Кастрычніцкай плошчы ў навушніках і з завязанымі вачыма пад воклічы “Ня верым”, а таксама пратыкала іголкамі дзясяткі надзіманых балёнікаў са словамі “Саюзная дзяржава – пшык!”

Сёньня на сайце Аляксандра Мілінкевіча зьявілася паведамленьне, што ў межах руху “За свабоду” ствараецца цэнтар правядзеньня палітычных флэш-мобаў. Мяркуецца, што цэнтар будзе каардынаваць арганізацыю ўсіх флэш-мобаў. Дзеля бясьпекі ўдзельнікаў усе задумы меркаваных акцый маюць разглядаць юрысты — на прадмет адпаведнасьці з заканадаўствам. Мяркуецца захоўваць усе правілы ананімнасьці й бясьпекі. Пры гэтым цэнтар не зьбіраецца абмяжоўваць сваёй дзейнасьці флэш-мобамі, але будзе спрычыняцца й да правядзеньня іншых акцый.

Сёньня ж сайт Аб’яднанай Грамадзянскай партыі разьмясьціў заяву некаторых удзельнікаў флэш-мобаў, якія мяркуюць аб’яднацца ў грамадзянскі рух “Ініцыятыва”. У ёй гаворыцца, што флэш-мобы мусяць заставацца ў распараджэньні грамадзянаў, а іх удзельнікі не павінны далучацца ні да адной з палітычных партый. Аўтары заявы цьвердзяць: толькі ў такім разе ўдасца “захаваць флэш-мобы ў якасьці асаблівай формы грамадзянскага пратэсту, а ня сродку палітычнай барацьбы”.

Паводле заявы, штаб Аляксандра Мілінкевіча мусіць падтрымаць пасьлявыбарчыя грамадзянскія ініцыятывы, а не ствараць альтэрнатыўныя. Таксама выказваецца гатоўнасьць да супрацоўніцтва “з афіцыйнымі палітычнымі рухамі на раўнапраўных умовах”.

Сёньня ж гарадзкая ўправа менскай міліцыі зьвярнулася ў пракуратуру па прававую ацэнку флэш-мобаў, што праводзяцца ў Менску. Паводле Інтэрфаксу, міліцыя мае намер выклікаць для гутаркі арганізатара й каардынатара флэш-мобаў, імя якога ёй стала вядома. Зь цьверджаньня намесьніка начальніка менскай міліцыі палкоўніка Аляксандра Найдзенкі, удзельнікі флэш-мобаў ствараюць нязручнасьці менчукам, ад якіх ужо сталі паступаць скаргі. Міліцыянты таксама распачалі адмысловыя тлумачальныя гутаркі ў навучальных установах.
XS
SM
MD
LG