Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ц.Дранчук знаходзіцца ў ізалятары КДБ ужо 80 дзён


Алена Ціхановіч, Прага Сёньня мінула 80 дзён, як у сьледчым ізалятары КДБ знаходзіцца Цімафей Дранчук. Разам зь ім былі арыштаваныя Мікола Астрэйка, Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая. Усіх іх падазраюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”.

За гэты час Цімафей Дранчук ня меў магчымасьці ні пабачыць свайго сына – першынца, ні сустрэцца з бацькамі.

Ягоны бацька Валеры Дранчук сёньня пісьмова зьвярнуўся да менскага пракурора Мікалая Куліка. У сваім звароце ён называе меры абыходжаньня з сынам бязьлітасьлівымі і блізкімі да катаваньня. З Валерам Дранчуком гутарыць Алена Ціхановіч.

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Дранчук, ці першы гэта Ваш зварот да праваахоўных органаў у справе сына?"

(Валеры Дранчук: ) "Гэта ня першы зварот. Гэта ўжо чацьверты. Два былі адрасаваныя сьледчаму, які вядзе справу, спадару Грахоўскаму. Адзін быў накіраваны Міклашэвічу, генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь. Ну і вось жа нарэшце я вырашыў зноў зьвярнуцца ў судовыя органы. Лічу, што нашая праваахоўная сыстэма і рэжым адэкватна не рэагуюць на мае запыты і лісты. І я вырашыў назваць рэчы сваімі імёнамі".

(Карэспандэнтка: ) "І вы лічыце, што да вашага сына прымяняюцца катаваньні ці дзеяньні, блізкія да катаваньняў?"

(Дранчук: ) "Я лічу, што гэта так. Тое, што адбываецца з маім сынам, гэта нясе прыкметы катаваньня".

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, калі ласка, ці ёсьць у вас магчымасьць нейкай камунікацыі зь Цімафеем?"

(Дранчук: ) "Цімафей пакутуе з-за таго, што ён ня бачыць свайго сына. У адносінах да ягонага сына ўсё гэта вельмі не па-людзку. Я маю на ўвазе, ягоную поўную ізаляцыю ад сына і сям''і. Ён вельмі перажывае. Ён можа быць ня піша пра гэта крыкам, але я адчуваю гэта. Я адчуваю, наколькі яму гэта баліць. Ён ня мае ніякай магчымасьці патрымаць на руках свайго ўласнага сына, хаця і мае на гэта поўнае права".

(Карэспандэнтка: ) "Нагадайце слухачам, якое абвінавачаньне прад''яўлена Цімафею".

(Дранчук: ) "На першы погляд яно вельмі простае – арганізацыя і ўдзел у аб''яднаньні, якое нібыта парушае правы грамадзянаў. Гутарка ідзе пра аб''яднаньне "Партнэрства", якое плянавала ўнутранае сачэньне за прэзыдэнцкімі выбарамі, дапамогу выбаршчыкам. Мэта дзейнасьці арганізацыі – гарантаваць празрыстасьць выбарчага працэсу. Безумоўна, гэта не спадабалася рэжыму".
XS
SM
MD
LG