Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заводы ў нас “запушчаны”: ад цагельнага застаўся адзін комін; мясакамбінат закрылі; хутка, напэўна, закрыюць і малочны...”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 10 траўня 2006 году) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Цягам апошніх месяцаў у пошце Свабоды стала заўважна больш лістоў, аўтары якіх асьцерагаюцца называць свае сапраўдныя імя й адрас.

Напрыклад, кожная другая карэспандэнцыя, атрыманая намі на мінулым тыдні, альбо не падпісана ўвогуле, альбо аўтар папярэджвае рэдакцыю: у эфіры нельга называць ягонае прозьвішча. Відавочна, людзі баяцца, што адкрыта выказанае меркаваньне можа мець для іх нэгатыўныя наступствы.

Аўтар аднаго з такіх лістоў — пэнсіянэр з Рэчыцы.

“Хоць я й на пэнсіі, але прозьвішча не называю — баюся. А за ліст узяўся таму, што немагчыма стала глядзець тэлевізар — адны воклічы “за Бацьку”. Сталін таксама быў “бацькам” . Праўда, “бацькам народаў”. І чым тое скончылася?

Лукашэнка — гісторык. Я зьдзіўляюся: чаму ён ня робіць высноў на падставе гісторыі?

Учора размаўляў са студэнтамі Гомельскага ўнівэрсытэту. Яны кажуць: “У нас фактычна манархія”. Дык маё меркаваньне такое: няхай, і праўда, увенчваецца на царства. А выбары можна зрабіць такія, як за камуністамі: адкрыты сход — і кіраўнік прапануе тым, хто за Лукашэнку, узьняць рукі. Вынік будзе стопрацэнтны.

Далей у сваім лісьце на Свабоду рэчыцкі пэнсіянэр апісвае адметнасьці цяперашняй выбарчай сыстэмы, зь якімі ён асабіста сутыкнуўся.

“Кіраўніка загадзя папярэджваюць: не забясьпечыш выніку — на пасадзе не ўтрымаесься. Вось усе й стараюцца: каму ахвота застацца бяз працы? Я гэта кажу пра Рэчыцу, бо горад маленькі, і я ўсё тут ведаю. І яшчэ ў мяне многа сяброў і знаёмых працуюць нафтавікамі. Пераважная большасьць зь іх была супраць Лукашэнкі — зь меркаваньня. што ён несправядліва адхіліў ад пасады іхнага кіраўніка. Але, калі верыць афіцыйным вынікам галасаваньня, — амаль усе былі за Лукашэнку. Усе абураюцца. І адначасова баяцца. Так хочацца, каб у нас нарэшце зьявіўся разумны, інтэлігентны кіраўнік.

У справядлівыя выбары я больш ня веру. Папросту дзіўлюся, як столькі год ён можа трымаць уладу ў руках. Няўжо ў яго такое моцнае атачэньне?”

У аўтарытарнай сыстэме лідэр утрымлівае асабістую ўладу не з дапамогай нейкіх надзвычайных здольнасьцяў свайго атачэньня. Хутчэй, наадварот: бліжэйшыя паплечнікі дыктатара якраз не павінны вызначацца харызмай, асабістай ініцыятыўнасьцю й папулярнасьцю ў народзе. Інакш яны рызыкуюць разьвітацца з высокай пасадай і трапіць у апалу: у першай асобы ня мусіць быць канкурэнтаў, роўных ёй — здольнасьцямі і ўплывам.

Аснова ж трываласьці такой сыстэмы — якраз той агульны татальны страх, пра які Вы, шаноўны слухач, напісалі ў сваім лісьце. Страх за пасаду, за працу, за месца вучобы, за сваіх дзяцей... Як толькі значная частка грамадзтва пераадольвае гэты страх, перастае баяцца, — уся сыстэма вельмі хутка разбураецца.

Аўтар наступнага ліста — Уладзіслаў Чумакоў з Полацку. Ён згадвае 94-ы год, калі Аляксандар Лукашэнка (тады яшчэ малавядомы кандыдат на прэзыдэнта) прыяжджаў да іх у горад і выступаў у палацы культуры “Хімвалакна”. Спадару Чумакову запомніліся з таго выступу два абяцаньні: на вуліцах ня будзе “бамжоў” і новы прэзыдэнт запусьціць заводы. Вось мінула дванаццаць год.

“Бамжоў” на нашых вуліцах хоць адбаўляй. А як запушчаны заводы? Быў у нас у Полацку цагельны завод —застаўся цяпер адзін комін над будынкам з выбітымі шыбамі. Яшчэ на станцыі Фарынова быў завод жалезабэтонных вырабаў — вытвараў розныя канструкцыі для будаўніцтва кароўнікаў ды сьвінарнікаў. Цяпер ён нікому не патрэбен. Зачынілі мясакамбінат. Хутка, напэўна, спыніцца й малочны, бо свайго малака мала — возяць зь Міёрскага і Ўшацкага раёнаў. Навошта малочны завод, калі каровы ня будуць даіцца?”

Далей у лісьце на Свабоду Уладзіслаў Чумакоў расказвае пра сваю працу: ён сямнаццаць год адпрацаваў у вайсковым будаўніцтве й чатырнаццаць год — у “Аграпрамэнэрга”. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“За тыя гады мы збудавалі сямнаццаць вайсковых гарадкоў. А цяпер? Ніякага будаўніцтва няма. Адзінае, што адужалі, — дык гэта “Лінію Сталіна”. І дзе жыць беспрытульным афіцэрам? Ведаю: міністар абароны давядзе, што на гэта няма грошай. Я падкажу, скуль іх узяць: з прыбытку ад тае зброі, што вывезьлі й распрадалі зь дзясяткаў вайсковых баз”.

Наўрад ці, спадар Чумакоў, ёсьць сэнс доўжыць будаўніцтва вайсковых гарадкоў у Беларусі. За пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі іх паўстала вялізная колькасьць. А пасьля распаду СССР, калі расейскія вайсковыя часткі пакінулі Беларусь, узьнікла іншая праблема: як выкарыстоўваць аб’екты, што засталіся пасьля вываду? Беларуская армія ў такой колькасьці вайсковых гарадкоў патрэбы ня мае. Мясцовыя ж улады ў шэрагу выпадкаў ня здольны прапанаваць праекты невайсковага выкарыстаньня гэтых аб’ектаў. Сваіх бюджэтаў для такога недастаткова, а замежныя інвэстары ісьці ў Беларусь пабойваюцца.

Наш слухач Васіль Валошка зь мястэчка Радашкавічы Маладэчанскага раёну адгукнуўся на дыскусію пра мэтазгоднасьць будаўніцтва ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі. Перадача на гэту тэму прагучала ў эфіры Свабоды 30-га красавіка. Васіль Валошка піша:

“Я — чалавек, далёкі ад атамнай энэргетыкі, але нават мне зразумела, што ў краіне, дзе ўсё робіцца пад патранажам адной асобы, будаўніцтва такога аб’екту надзвычай небясьпечнае. АЭС — гэта не аграгарадкі, не бібліятэка й не лядовыя палацы. Ну, загадаў прэзыдэнт, каб адзін вясковы дамок каштаваў менавіта столькі, а ніяк ня больш. Гэта ж ніякай катастрофай не абернецца. У найгоршым выпадку давядзецца спальваць больш дроў дзеля ацяпленьня. А што, калі ён такі ж загад аддасьць датычна атамнай станцыі? Калі ён будзе самавольна вызначаць тэрміны будаўніцтва, уносіць карэктывы ў тэхнічныя пытаньні? Такая станцыя ў будучыні можа стаць помнікам усім нам — у літаральным сэнсе (надмагільным помнікам)”.

Што да рэальнага праекту беларускай АЭС, дык пра гэта гутаркі пакуль няма — адмыслоўцы разважаюць пра аддаленую пэрспэктыву (сама мала — наступныя дзесяцігодзьдзі). Калі, магчыма, справа дойдзе да такога будаўніцтва. Ня думаю, спадар Валошка, што лёс гэтага праекту будзе вырашаць цяперашняя ўлада. Аднак энэргетычная праблема — адна з найбольш вострых для Беларусі, і татальная залежнасьць у гэтым пытаньні ад Расеі можа мець для будучыні дзяржавы драматычныя наступствы — тое відочна ўжо сёньня. І выйсьце з такой сытуацыі шукаць рана ці позна давядзецца: пакінуць усё, як яно ёсьць, не выпадае.

Варта падаць і фрагмэнт ліста Юрася Навіцкага зь Менску. Слухач незадаволены тым, як апазыцыя рыхтавалася да апошніх масавых акцыяў:

“Лічу недапушчальнай такую падрыхтоўку да акцыяў — незалежна ад таго, Чарнобыльскі шлях гэта, ці нешта іншае. Шэсьце й мітынг былі дазволены, часу хапала. Актывісты й камандзіры былі на месцы. Дык дзе ж у такім разе звароты лідэраў да людзей, дзе абвесткі ў СМІ, дзе ўлёткі?

А як быў арганізаваны мітынг? Хто стаяў за дзесяць мэтраў ад выступоўцаў, — ня чулі ні слова. Дзе ваша гукаўзмацняльная тэхніка? Нашы ганаровыя ды пачэсныя лідэры праводзілі акцыю, да якой была магчымасьць добра падрыхтавацца. Але не зрабілі гэтага”.

На заканчэньне — кароткі ліст ад сельскага музыкі Міхаіла Барсука зь вёскі Лежнеўка Магілёўскага раёну.

“Мы не заўважылі, як перасталі ў нас гучаць песьні й музыка, што бяруць за душу. Нават і тое, што выдаецца за народнае, такім не зьяўляецца. Напрыклад, на дзяржаўным радыё аб’яўляюць: “Гучыць народная музыка”. І даюць баян і домру. А гэта ж — не беларускае. Не бяруць гукі гэтых інструмэнтаў за душу, не расплаўляюць яе так, як акардэон, самаробны гармонік і гавайская гітара. У нас усюды пхаюць баян, гукі якога — як рашпілем па піле. Ад яго — нэўроз, ногі скакаць не ідуць. А таму ён і не прыжыўся на вёсцы, — як той чырвона-зялёны сьцяг.

Няхай бы хоць Свабода давала хвілін 20 штодня музыку й песьні на акардэоне, каб крыху адвесьці душу ад сьлёз”.

Напэўна, спадар Барсук, нямала й тых людзей, якія гукі баяна ўспрымаюць зусім ня так, як Вы. Іхныя густы таксама трэба паважаць. Да таго ж, лічыць акардэон больш беларускім інструмэнтам, чым баян, зусім не выпадае: абодва — вынаходка зусім не беларуская.

Што да Вашай прапановы: Радыё Свабода застаецца пераважна інфармацыйным. Найперш навін, апэратыўнага аналізу, незалежных камэнтароў чакаюць нашы слухачы ва ўмовах дэфіцыту інфармацыі. І музыцы мы, на жаль, ня можам аддаваць шмат прасторы ў сваім эфіры. Асабліва з улікам таго факту, што прыходзім да вас на кароткіх і сярэдніх хвалях, якасьць гучаньня на якіх далёка не спрыяе ўспрыманьню музыкі й сьпеваў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG