Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне: каму цікава, пра што Пуцін гаварыў у Дзярждуме Расеі?


Галіна Абакунчык, Менск Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін выступіў са штогадовым пасланьнем перад дэпутатамі Дзярждумы Расеі. Ці вам цікава, пра што ён гаварыў? – Такое пытаньне задавала карэспандэнтка "Свабоды" мінакам на менскіх вуліцах.

(Юначка: ) “Калі папраўдзе казаць, то мяне больш цікавіць, што адбываецца ў маёй краіне. А тое, што ў Расеі? Гэта — у іх. У іх там свае пытаньні й свае праблемы”.

(Спадар: ) “Так, мне цікава. Я паводле нацыянальнасьці расеец, таму мяне цікавіць, як будуць разьвівацца стасункі паміж Беларусьсю й Расеяй”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вам цікава, пра што Ўладзімер Пуцін будзе гаварыць у Дзярждуме Расеі?”

(Юнак: ) “Ну, безумоўна. Мы ж з Расеяй — саюзная дзяржава, і тое, што адбываецца ў Расеі, тым ці іншым чынам уплывае й на нас — і ў эканамічным, і ў палітычным, і ў культурным пляне”.

(Спадарыня: ) “Цікавіць што ён скажа: як будуць разьвівацца дачыненьні паміж краінамі. Гэта мяне цікавіць”.

(Спадар: ) “Мяне вельмі цікавіць выступ прэзыдэнта Пуціна. Я хацеў бы, каб ён выказаўся пра становішча, што склалася ў Беларусі. Асабліва — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Я лічу, што прэзыдэнт Пуцін павінен паўплываць на прэзыдэнта Лукашэнку: каб ён больш увагі зьвярнуў на праваахоўныя органы — там цяпер поўнае бязьмежжа. Альбо зьвяртаесься са скаргай да прэзыдэнта Лукашэнкі, але адказу ніякага. А калі атрымаеш, то як пры Сталіне: напісаў ліст, ды адказ прыйшоў у ботах”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вам цікава, пра што Ўладзімер Пуцін будзе гаварыць у Дзярждуме Расеі?”

(Юнак: ) “Цікавіць, бо апошнім часам узьніклі пытаньні з пастаўкай газу ў Беларусь. На сёньня гэта самая надзённая праблема”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю. Расея, зь ейнай палітыкай і ўсім астатнім, неяк далёка цяпер. Прынамсі, для мяне”.

(Юнак: ) “Пытаньні Расейскай Фэдэрацыі — гэта іхныя пытаньні. А я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я тут жыву, і мяне цікавяць пытаньні сваёй краіны”.

(Юначка: ) “Безумоўна, такія выступы нас ня могуць не цікавіць, бо абавязкова прэзыдэнт Пуцін нешта скажа адносна стасункаў зь Беларусьсю. Гэта й пэрспэктыва адзінай валюты, і стварэньне адзінай дзяржавы — таксама ж ня можа не хваляваць. Хацелася б, дарэчы, пачуць што-небудзь на падтрымку тых, хто супраць гэтага рэжыму. Але, канечне, мы нічога падобнага не пачуем. Прынамсі, ёсьць спадзяваньне на тое, што прэзыдэнт Расеі рэальна ацэньвае становішча ў Беларусі, і вельмі хутка яны адмовяцца падтрымліваць нашага прэзыдэнта”.
XS
SM
MD
LG