Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У грузінскіх і малдаўскіх вінах шкодных рэчываў не знайшлі


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі завяршылася праверка якасьці він, імпартаваных з Грузіі й Малдовы. Шкодных рэчываў у напоях ня выяўлена. Нагадаем, некалькі тыдняў таму вінная прадукцыя з гэтых краінаў забаронена да продажу ў Расеі.

Месяц таму галоўны санітарны доктар Беларусі падпісаў распараджэньне “Аб узмацненьні дзяржаўнага санітарнага нагляду за абарачэньнем алькагольнай прадукцыі”. На падставе гэтага дакумэнту экспэртызу грузінскіх і малдоўскіх він ажыцьцяўляў Рэспубліканскі цэнтар гігіены й эпідэміялёгіі. Тут узялі на праверку больш як паўсотні проб. Правяралася вінная прадукцыя, імпартаваная з Грузіі й Малдовы, у Менску й рэгіёнах.

Ужо сталі вядомы канчатковыя вынікі праверкі. Вось што паведаміла пра іх начальнік аддзелу гігіены Міністэрства аховы здароўя Марына Мазік:

(Мазік: ) “Станоўчыя — у пляне бясьпекі прадукцыі. А тое, што шукалі, –– пэстыцыды (як у Расейскай Фэдэрацыі), — дык перасьцярогі не знайшлі пацьверджаньня. У нас рэалізуюцца віны нармальныя й якасныя. За выключэньнем рэалізацыі прадукцыі са скончаным тэрмінам рэалізацыі, што знайшлі ў гандлёвай сетцы”.

Паводле спадарыні Мазік, апроч малдоўскіх і грузінскіх він, у Беларусі была праверана на якасьць і ўкраінская вінная прадукцыя. Але і ў ёй шкодных рэчываў ня выяўлена.

Беларускія імпартэры грузінскіх і малдоўскіх він, якія рэалізуюцца ў гандлёвай сетцы краіны, задаволены вынікамі праверкі. Вось якім меркаваньнем падзялілася адміністратар менскай крамы “Галярэя він” Наталя Сітнікава:

(Сітнікава: ) “Я ведаю, што ў некаторых фірмах бралі віны на праверку. Скажам, тыдзень правяралі — і нічога ў іх не знайшлі. Грузінскія віны ў нас таксама правяраліся. І было ўсё добра. Я так разумею, што гэта праблема была ў Расейскай Фэдэрацыі. А ў нас такіх праблем няма”.

Нагадаем, ад 27 сакавіка Масква забараніла ўвоз грузінскіх і малдоўскіх він на тэрыторыю Расеі, спасылаючыся на рэкамэндацыі санэпідслужбаў. Многія лічаць гэта рашэньне палітычным, з мэтай аказаць уціск на Грузію і Малдову.

Вось як адрэагаваў на вынікі беларускай праверкі ў гутарцы з карэспандэнтам "Свабоды" прадстаўнік віннай лябараторыі з Тбілісі Ніко Шакулашвілі:

(Шакулашвілі: ) “Чаго й варта было чакаць. Атрымліваецца, што вельмі аб’ектыўна падышлі да гэтага пытаньня й належным чынам правялі аналізы. Бо тыя віны, што экспартуюцца, — яны з асаблівай пільнасьцю правяраюцца. Тым больш пасьля віннай вайны з Расеяй — асабліва сурова й дасканала падыходзім да гэтага пытаньня”.
XS
SM
MD
LG