Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады “хіміі” – за палітычныя графіці (фота)


Радыё Свабода Cуд Першамайскага раёну Менску пакараў Артура Фінькевіча абмежаваньнем волі на два гады. "Маладафронтаўца" затрымалі 31 студзеня ў момант, калі ён рабіў надпіс на плоце вакол будоўлі на вуліцы Батанічнай.

Міліцыянты зафіксавалі ўсе надпісы ў раёне й абвінавацілі Артура ў пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці на суму 35 мільёнаў рублёў. Шэраг арганізацый выставілі пазовы да маладафронтаўца з мэтай кампэнсацыі страт.

У суд Першамайскага раёну Менску сёньня прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек на знак салідарнасьці з Артурам Фінькевічам. Ахоўнікі не пусьцілі ў судовую залю паплечнікаў падсуднага, журналістаў, прадстаўнікоў амэрыканскай амбасады й АБСЭ.

Паседжаньне доўжылася некалькі хвілінаў, і судзьдзя Вікторыя Зайцава абвясьціла перапынак — каб адвакат меў магчымасьць падрыхтаваць квіткі пра аплату грошай арганізацыям, якія зафарбавалі надпісы: “Мы хочам новага!” і “Достал”.

Паводле ЖЭС №6, каб зафарбаваць некалькі надпісаў, спатрэбілася 33 мільёны рублёў (гэта 15 з паловай тысяч даляраў). У суд прадстаўнікі ЖЭС не падалі запатрабаваных дакумэнтаў. Сёньня яны прынесьлі дакумэнтацыю, згодна зь якой страты склалі 461 тысячу рублёў (прыкладна — 220 даляраў). Адвакат паказаў суду квіткі пра аплату. Прадстаўнікі ўсіх арганізацыяў заявілі ў судзе, што прэтэнзій да Артура Фінькевіча ня маюць.

Пракурор зьняла абвінавачаньне ў пашкоджаньні маёмасьці, але папрасіла пакараць Артура абмежаваньнем волі на два з паловай гады за злоснае хуліганства.

Яна матывавала гэта тым, што палітычныя графіці абразілі жыхароў раёну. Довады адваката пра адсутнасьць скаргаў на гэта не паўплывалі на рашэньне судзьдзі. Вікторыя Зайцава пакарала Артура Фінькевіча “хіміяй” на два гады.

Паплечнікі Артура ўспрынялі прысуд воплескамі. Хлопца вызвалілі з-пад варты ў судовай залі. Артур адразу сказаў некалькі слоў Радыё Свабода:

(Фінькевіч:) “Думаю, што рэжым вырашыў не садзіць мяне, бо ня лічаць патрэбным рабіць зь мяне чарговага палітзэка. Калі б мне далі тры гады… Я насамрэч быў гатовы да трох гадоў пазбаўленьня волі. Рыхтаваўся да горшага. Умовы, канешне, былі антычалавечыя. У камэры на 10 месцаў 17 чалавек. Паветра ўвесь час не хапала… Наадварот, гэта мне надасьць моцы і запалу. З прысудам нязгодны, але абскарджваць яго не бачу сэнсу”.

Артур Фінькевіч падзяліўся сваімі плянамі. Ён распавёў, што найперш хоча сустрэцца са сваімі сябрамі й кампэнсаваць адсутнасьць інфармацыі пра падзеі ў краіне.

Маці Артура, Марыя Фінькевіч, лічыць, што ейнага сына выдаляюць зь Менску, каб пазбавіць магчымасьці ўдзельнічаць у апазыцыйных акцыях. Яна абураная тым, што хлопца трымалі пад вартай паводле несапраўдных зьвестак, якія падалі сьледзтву супрацоўнікі ЖЭС.

Артура Фінькевіча цягам месяца мусяць выклікаць у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, каб паведаміць, у якім месцы ён будзе адбываць “хімію”.

Фотарэпартаж


Міліцыя не пускае журналістаў у суд





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG