Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штогадовым пасланьні Пуцін абышоў увагай "Саюзную дзяржаву"


Ігар Карней, Менск Сёньня са штогадовым пасланьнем да Фэдэральнага сходу зьвярнуўся прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Акрэсьліўшы прыярытэты разьвіцьця краіны на бліжэйшыя 10 гадоў, расейскі лідэр ніяк ня вызначыў пэрспэктываў так званай саюзнай дзяржавы, спыніўшыся, перадусім, на неабходнасьці фармаваньня “гуманітарнай прасторы СНД”.

Гэта ўжо сёмае штогадовае пасланьне прэзыдэнта Расеі. Значная частка яго была прысьвечана вырашэньню дэмаграфічнай праблемы і ўмацаваньню Ўзброеных сілаў. Акрэсьліўшы месца Расеі на міжнароднай арэне, пры канцы выступу Пуцін вельмі коратка азначыў і ролю Расейскай Фэдэрацыі ў справе падтрымкі СНД. Пры гэтым, ні пра якія асаблівыя стасункі зь Беларусьсю, параўнальна з іншымі краінамі, сказана не было.

(Пуцін: ) “На прасторы СНД ідзе няпросты, але актыўны пошук аптымальных мадэляў узаемадзеяньня. І Расея гатова зразумела й ясна заявіць пра пажаданы для нас канчатковы вынік. Гэта — стварэньне аптымальнай эканамічнай сыстэмы, якая забясьпечвала б эфэктыўнае разьвіцьцё кожнага з удзельнікаў. Паўтару: стасункі з нашымі бліжэйшымі суседзямі былі й застаюцца найважным кірункам зьнешняй палітыкі Расейскай Фэдэрацыі”.

Асабліва Ўладзімер Пуцін падкрэсьліў, што неабходна ўмацоўваць гуманітарную прастору СНД. Расейскі лідэр ня стаў удакладняць, што мае на ўвазе. Аднак экспэрты заўважаюць, што робіцца гэта на тле ўсё больш вострых палітычных і эканамічных супярэчнасьцяў між удзельнікамі СНД. Гаворыць палітоляг Андрэй Фёдараў.

(Фёдараў: ) “Ад мінулага году абмяркоўваецца ініцыятыва Пуціна наконт гуманітарнай прасторы. Мне здаецца, Расея ўжо разумее: нічога ў эканамічным пляне з СНД ня выцісьнеш, нічога не атрымаецца, і застаецца толькі нейкім чынам свой уплыў падмацоўваць праз гуманітарныя рэчы, адначасна падтрымліваючы суродзічаў у іншых краінах былога Савецкага Саюзу. Хоць я ня думаю, што з гэтага таксама нешта выйдзе. А чаму Пуцін не згадаў Беларусі? Ну, па-першае, гэта ўжо ня першы год ён не прыгадвае яе (сёлета, прынамсі, Беларусь ня называлася ўвогуле). Але ня трэба лічыць гэта нейкім папярэджаньнем, незадаволенасьцю. Папросту такі ў яго стыль апошнім часам”.

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў згодзен зь беларускім палітолягам. Ён лічыць, што ігнараваньне Пуціным так званай Саюзнай дзяржавы не азначае, быццам расейскае кіраўніцтва пачало па-іншаму ставіцца да Лукашэнкі. Зь меркаваньня спадара Кавалёва, у расейскага й беларускага лідэраў ужо больш падабенства, чым адрозьненьняў. Прынамсі, — цьвердзіць Сяргей Кавалёў — у структуры ўлады Менск і Масква імкліва збліжаюцца.

(Кавалёў: ) “Ну, пра што тут казаць? Я спадзяюся, што калі-небудзь у Беларусі й Расеі адбудзецца (не абавязкова ў дакладнасьці тое самае, але штосьці паводле іхнай прыроды) вельмі блізкае да таго, што адбылося на нашых з вамі вачах у Польшчы. Быў адзін круглы стол “Салідарнасьці” з уладай, а потым яшчэ адзін, які абмяркоўваў толькі адну мірную ініцыятыву. Гэта пытаньне вельмі простае: “Калі вы прыберацеся да чортавай маці? Мірна прыберацеся!”. Нічога іншага ні ў Маскве, ні ў Менску, па-мойму, быць ня можа”.
XS
SM
MD
LG