Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусу таньней дабрацца да Варшавы?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы цягам апошніх гадоў цалкам зьмянілася структура коштаў, што тычыцца падарожжаў па краіне і за мяжой. Напярэдадні вакацыйнага сэзону наш карэспандэнт у Варшаве Аляксей Дзікавіцкі спраўджваў, як найтаньней беларусам падарожнічаць па Польшчы і далей за яе межы.

Калі вы ўжо перасеклі польска-беларускую мяжу і, прыкладам, накіроўваецеся ў Варшаву, дык не сьпяшайцеся адразу сядаць у цягнік – цяпер ёсьць цэлы шэраг аўтобусных кампаніяў, якія завязуць вас у сталіцу значна таньней.

Прыкладам, квіток на хуткі цягнік зь Бялай Падляскі ў Варшаву каштуе 32 злотыя. За гэтыя ж грошы аўтобус завязе вас туды і назад (13 злотых у адзін бок), пры гэтым застанецца яшчэ на два куфлі мясцовага піва – зазірніце на мясцовы аўтавакзал. Гэта тычыцца таксама Беластоку і іншых польскіх гарадоў.

Перад падарожжам варта спраўдзіць кошты, час і расклад у інтэрнэце – дастаткова ўвесьці ў пошукавым партале словы “PKS” ці “Polski Express”.

Тым, хто абірае падарожжа самалётам, варта ведаць, што за апошнія некалькі гадоў у Польшчы моцна разьвіўся рынак танных авіякампаніяў – іх некалькі і яны моцна канкуруюць паміж сабой, у выніку чаго выйграе кліент. З Варшавы ў Стакгольм, Барсэлёну ці Капэнгаген можна заляцець цяпер усяго за 70-100 даляраў.

Крыху даражэйшыя ад чыгункі і авіяпералёты ўнутры Польшчы, але заляцець з Варшавы, прыкладам, да Гданьска можна менш чым за гадзіну, у той час як падарожжа цягніком працягваецца чатыры гадзіны.

Тут варта памятаць, што танныя авіялініі звычайна ня маюць офісаў у горадзе і квіткі ў іх рэзэрвуюцца і купляюцца праз інтэрнэт – атрымаць іх можна ўжо ў часе пасадкі. Знайсьці танныя пералёты ў Польшчы можна таксама праз пошукавы сэрвэр – трэба ўвесьці, напрыклад, словазлучэньне “tanie linie”. Варта, аднак, памятаць, што з-за моцнай канкурэнцыі ёсьць небясьпека, што танная авіялінія, у якой вы набылі квіток можа абанкруціцца.

Ну а што ж чыгунка?

Чыгунка змагаецца за кліентаў і прапаноўвае новыя зьніжкі і выгоды. Калі вы едзеце сям’ёй зь дзецьмі, спытайцеся ў касе пра сямейны білет (bilet rodzinny) – гэта таньней прыкладна на траціну. Паехаць чыгункай з Варшавы далей за мяжу да шэрагу эўрапейскіх сталіцаў можна за фіксаваны кошт, незалежна ад маршруту, які вы абярэце, ці колькасьці перасадак.

Для пасажыраў цягнікоў “Intercity” на шэрагу вакзалаў пабудавалі адмысловыя залі чаканьня, дзе можна коштам фірмы напіцца кавы, а таксама атрымаць усю інфармацыю пра далейшае падарожжа. Польская чыгунка ў інтэрнэце: www.pkp.pl
XS
SM
MD
LG