Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя актывісты скардзяцца на міліцыю


Радыё Свабода Сёньня ў Салігорску прадстаўнікі дэмакратычнага руху плянуюць падаць у пракуратуру скаргу на мясцовых міліцыянтаў. Падставай для скаргі стала затрыманьне групы актывістаў 26 красавіка, якія зьбіраліся у Менск на акцыю “Чарнобыльскі шлях".

26 красавіка дзясятак салігорцаў выправіліся ў Менск на “Чарнобыльскі шлях”. Выехалі на трох легкавых аўтамабілях, аднак адразу за горадам іх спынілі мясцовыя міліцыянты і пад надуманымі прычынамі сарвалі паездку. Абураныя актывісты лічаць гэта парушэньнем сваіх правоў і дзейнага заканадаўства. У адной з машын знаходзілася сябра незалежнага жаночага руху Ларыса Насановіч. Яна расказала, што на дзеяньні міліцыі падрыхтаваная скарга, якую сёньня перададуць у пракуратуру:

(Насановіч: ) “Мы напісалі, што былі парушаны нашы правы на свабоду перамяшчэньня. Мы лічым, што міліцыя перавысіла свае службовыя паўнамоцтвы. Было вельмі сьмешна, калі нас затрымалі. Бо начальнік аддзелу – ёсьць такі ў нас Аладка – назваў нашыя прозьвішчы і запрасіў у міліцыю на пяць хвілін. Ён нас усіх вельмі добра ведае, ведае як нас завуць, якія нашыя прозьвішчы. Але толькі мы зайшлі ў кабінет, ён раптам страціў памяць – нібыта нас не ведае… Пачаў высьвятляць нашы асобы. Мы ўсе мелі пашпарты, паказалі. Але гэта не аказала ніякага ўзьдзеяньня. Ён са сваімі службоўцамі пратрымаў нас роўна тры гадзіны. Мы патрабуем, каб была заведзеная крымінальная справа на Аладку й іншых супрацоўнікаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы”.

26 красавіка не патрапілі на акцыю “Чарнобыльскі шлях” дэмакратычныя актывісты і зь іншых рэгіёнаў. З Жодзіна, напрыклад, у той дзень мелі намер выехаць на сталічную акцыю лідэр тутэйшай суполкі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі і праваабаронца Сьвятлана Лапіцкая. Яны селі ў маршрутнае таксі, аднак на выезьдзе з гораду іх высадзілі міліцыянты і адвезьлі ў мясцовы пастарунак. Жодзінскія актывісты таксама лічаць гэтыя дзеяньні міліцыянтаў парушэньнем сваіх правоў. Як паведаміў Аляксей Лапіцкі, яны ўжо зьвярнуліся з пратэстам у пракуратуру.

(Лапіцкі: ) “Апошнія падзеі, зьвязаныя з затрыманьнем, паказалі, што ў нашым горадзе міліцыя пераступае пэўны рубеж. Падчас гэтых гвалтоўных дзеяньняў намесьнік начальніка міліцыі Дарожка вымушаны быў несьці мяне за ногі, цягнуць па асфальце на вачох у людзей. Пасьля таго гвалтоўнага затрыманьня нас пратрымалі да 19 гадзінаў у Жодзінскім ГАУС. Прычым, не давалі паперы, каб я напісаў заяву ў пракуратуру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG