Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Севярынец узнагароджаны мэдалём


Радыё Свабода Палітвязьні, якія адбываюць пакараньне на “хіміі”, на час сьвятаў былі пастаўленыя ў больш жорсткія ўмовы. Міколу Статкевіча ізалявалі на ўсе сьвяточныя дні ў спэцкамэндатуры. Андрэю Клімаву забаранілі выходзіць на вуліцу 9 траўня. А вось Паўлу Севярынцу, які адбывае пакараньне ў вёсцы Малое Сітна, уручылі мэдаль імя Міколы Ермаловіча. Клюб “Спадчына” узнагародзіў Паўла за кнігу “Нацыянальная ідэя: фэнамэналёгія Беларусі”.

Паплечнікі Паўла Севярынца адвезьлі мэдаль у вёску Малое Сітна. Гэта ўжо другі мэдаль, які атрымаў апазыцыянэр ад клюбу “Спадчына”. Раней Паўла ўзнагародзілі мэдалём імя Кастуся Каліноўскага пасьля таго, як ён выйшаў з турмы на Акрэсьціна за арганізацыю вулічнай апазыцыйнай акцыі. Сустаршыня аргкамітэту незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін быў сярод тых, хто віншаваў Паўла Севярынца з узнагародай.

(Шэін: ) “Сам Павал выглядае вельмі добра. Настой у яго наогул аптымістычны. Ён лічыць, што быў зроблены першы крок і пасеянае зерне перамогі 19 сакавіка. Я яму распавёў пра паездку беларускай дэлегацыі на саміт у Вільню. Ён, канешне, быў вельмі моцна ўсьцешаны тым, што Заходні сьвет, цывілізаваныя краіны настолькі ўважліва ставяцца да Беларусі.”

Старшыня клюбу “Спадчына” Анатоль Белы паведаміў Радыё Свабода, што сябрам клюбу вельмі спадабалася кніга Паўла Севярынца. Спадар Белы лічыць, што ў кнігу “Нацыянальная ідэя: фэнамэналёгія Беларусі” Павал уклаў сваю душу.

(Белы: ) “Кніга, канешне, цікавая. Кніга напісаная патрыётам. Душа… У кнізе гэтай сам Павал!”

11 траўня Паўлу Севярынцу дазволяць наведаць сваіх бацькоў у Віцебску. Мінулы раз яму далі чатыры выходных, але напярэдадні інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі Паўлу загадалі вярнуцца ў камэндатуру.

Міколу Статкевіча ізалявалі на сьвяточныя дні ў інтэрнаце спэцкамэндатуры ў Баранавічах. Апазыцыянэр сказаў некалькі словаў Радыё Свабода ў той час, калі яго вялі ў інтэрнат.

(Статкевіч: ) “Гэтай вясной зьявілася такая тэндэнцыя: калі ў Менску плянуецца нейкая масавая акцыя апазыцыі, альбо плянуецца выхад спадара Лукашэнкі на адкрытую прастору, мяне ізалююць, прычым звычайна за трое сутак да гэтай падзеі.”

Андрэю Клімаву кіраўніцтва спэцкамэндатуры ў вёсцы Баршчоўка забараніла 9 траўня пакідаць сьцены інтэрнату. Сёньня палітвязьні выйдуць на працу. Паводле заканадаўства, палітвязьні могуць падаваць заявы ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, каб ім замянілі “хімію” на папраўчыя працы. Тады апазыцыянэры мусяць вярнуцца дахаты і адлічваць грошы са свайго заробку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG