Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“...У Лукашэнкі цалкам адсутнічае ўсялякі густ. Адна яго вайсковая форма генэралісімуса чаго вартая...”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 9 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар:) “Таварышы бальшавікі-лукашысты! Хачу вас заверыць, што больш Савецкі Саюз ня вернецца, таксама як і наша маладосьць. Вам жа стварыў ваш “бацька”, былы старшыня калгасу са Шклоўскага раёну, усе прывілеі: пэнсіі вялікія, лекі бясплатныя, праезд бясплатны – толькі дажываць свой век. Так што не перашкаджайце новым беларусам будаваць дэмакратыю і свабоду ў нашай Беларусі. А калі вам нешта не падабаецца, зьяжджайце ў Амэрыку! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Вось мы паведамляем нейкія глыбіні, а яны пачынаюцца з простага, яснага. Вось узяць Міністэрства аховы здароўя, міністрам была жанчына. Дык яна нам разам з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам расказвала казкі пра тое, якія новыя кабінэты арганізуюцца ў мэдыцыне, як закупляецца тое і гэтае. Усё цудоўна. А ўзяць просты прыклад. Вось мне трэба паставіць зубы, бо без зубоў памрэш. Ёсьць такі Казарменны завулак, там стаматалёгія, дык там усе напышлівыя, усе моляцца на партрэт таварыша Лукашэнкі. Прашу паставіць мяне на ўлік. “Вы не герой?” – “Не”. – “Не такі, не такі? А, інвалід – ну, і што. Так што ў кастрычніку, лістападзе прыходзь, глянем сьпісы. От паходзіш ты, брат, от папакутуеш”. Вось вам і прыстасаваньні новыя, мэдычныя лекі – усё сваё, усё цудоўна. Усё гэта лажа! Усё гэта толькі размовы!”

(Уладзіслаў: ) “Як жа я ненавіджу дзяржаўныя сьвяты. Па тэлевізары няма чаго глядзець, па радыё няма чаго слухаць, хаця па радыё ўжо даўно няма чаго слухаць. У Лукашэнкі цалкам адсутнічае ўсялякі густ. Адна яго вайсковая форма генэралісімуса чаго вартая. Але ён гэтым яшчэ і ганарыцца”.

(Спадар: ) “Вам на “Свабоду” тэлефануюць прыхільнікі Лукашэнкі і дзеючай улады. Што гэта за людзі? Проста ў нас ёсьць такая каста так званых пэрсанальных заслужаных людзей, якім нададзены прывілеі. Карацей кажучы, усе гэтыя людзі набліжаныя да кармушкі, жывуць яны добра, і за гэту ўладу яны гатовыя горла перагрызьці. А хай яны нарэшце расплюшчаць вочы і глянуць, як жыве просты народ, не пэрсанальны, ня той, што прыбліжаны да кармушкі, а просты беларускі народ, асабліва ў глыбінцы. Канечне, усё яны бачаць і ведаюць. Толькі якая ім справа да простага народу. Для іх галоўнае, каб ім жылося добра, таму яны і дураць нам галовы. Недарэмна ж кажуць, што сыты галоднага не разумее”.

(Спадарыня: ) “У час вайны мае бацькі былі ўдзельнікамі менскага падпольля. Па даносе здрадніка яны былі арыштаваны, потым былі вывезены ў Нямеччыну, дзе знаходзіліся ў канцлягерах. А мы, непаўналетнія дзеці, былі пазбаўлены бацькоўскай апекі, а нам у гэты час было 10 гадоў і 4 гады. Знаходзячыся ў акупаваным Менску мы, дзеці вайны, перажылі і бамбёжку, і голад. Такіх дзяцей у Менску было шмат. Час нашаму ўраду ўвесьці льготы і адзначыць і такую катэгорыю насельніцтва”.

(Спадарыня: ) “Хачу падзякаваць прэзыдэнту Польшчы Леху Качыньскаму, што ён далучаецца да нашай апазыцыі, хоча дапамагчы, каб у нас зрабіць дэмакратыю. Дай Бог табе здароўя, дай Бог табе сілы і людзям усіх краінаў, якія будуць дапамагаць! А таксама і вам дзякуй, шаноўная “Свабода”, за ваш клопат пра нашу краіну і пра ўсіх нашых людзей. Дай Бог вам усім здароўя! Усяго найлепшага!”

(Валер Шаўчэнка, Наваполацк: ) “Вайна – гэта чорны перадзел. Яе вядуць не народы, а дыктатары, хунты ў кіраўніцтве дзяржавы. Выігрываюць войны народы, а карыстаюцца гэтым адзінкі, якія наверсе. Кожная новая вайна нясе больш жаху і гвалту чымсьці ранейшая. Беларусы атрымалі перамогу кроўю кожнага трэцяга ці чацьвёртага, а гояцца ня толькі раны мінулага, колькі раны тых, хто зараз гіне ці губляе маёмасьць і годнасьць у неаб’яўленай сапраўднай вайне рэжыму супраць свайго народу, супраць законаў і Канстытуцыі Беларусі. Гэта вайна ідзе лягічная, рэлігійная... наднацыянальная”.

(Спадар: ) “Зараз наткнуўся на выступ Тараса, зь якім вы міла пазнаёмілі. Для яго вайна пачалася, калі яму было 11 год. І ён разважае, якія лініі Сталіна былі. Ды ён немцаў ня бачыў! Ён жа сапляком быў! А вы падаяце яго як вэтэрана такога, удзельніка вайны. Паспрабаваў бы ён у акопах паваяваць, у атаку адзін на адзін, а тое недзе пабыў там і ўжо вэтэран, разважае ён. Усё гэта зразумела, што было цяжка, што Сталін падонак... Размова ідзе пра тое, што гэта сьвята памяці і радасьці. Усё! Хай яго і адзначаюць, хто як можа. І ня трэба нешта там мусоліць. Вазьміце нармальнага вэтэрана, які ваяваў, які бачыў сьмерць сваімі вачыма кожны дзень, ён вам раскажа, што гэта для яго такое!”

(Спадар: ) “Мне здаецца, на вашым радыё не прынята прыносіць нейкія прабачэньні, калі здараецца нейкая недарэчнасьць. Напрыклад, на другіх радыёстанцыях скажуць ці то “sorry” ці то “извините” ці то “pardon”, а ў вас прагучала выказваньне, на якое я зьвяртаў увагу Аляксея Дзікавіцкага. Але, відаць, ён па паходжаньню пан поляк, таму і націск у слове “пара” зрабіў на першы склад, як палякі робяць. І ў яго атрымалася “пора”. Што гэта за “пора” я так і не даведаўся з вашага радыё. І вось усьцешаны тым, што нашы тэлефанаваньні могуць прагучаць у вечаровым эфіры. Чакаю рэагаваньня”.

(Спадарыня: ) “Віншую ўсіх, хто працуе на Радыё Свабода са сьвятам перамогі. Дзякуй вам за тое, што вы даеце праўдзівую інфармацыю пра ўсе падзеі, якія адбываюцца ў сьвеце і ў нашай краіне”.

(Антось: ) “Хацеў бы падзяліцца меркаваньнямі ў гэты так званы Дзень перамогі. Для Расеі, магчыма, гэта так. А для нас, беларусаў, можа гэта дзень смутку, дзень памяці ахвяраў? У маёй сям’і ваявала шэсьць чалавек: бацька, які загінуў, два дзядзькі Іваны, якія загінулі, Міця, які загінуў, і яшчэ дзядзька Саша і дзядзька Юзік. Мяне самога ледзь не спалілі падчас нямецкай блякады ў 43 ці 44 годзе. Сымпатыі да немцаў у гэтым дачыненьні ў мяне няма. Але што нам прынесла другая акупацыя, расейска-савецкая, бальшавіцкая акупацыя на 50 гадоў? Ці той акупант, ці гэты? Мабыць, трэба тут нам ня сьвята рабіць, а дзень памяці аб ахвярах вайны. Як вы думаеце?”

(Спадарыня: ) “Сёньня Дзень Перамогі, але ён людзей ня радуе. Я лічуся шматдзетнай маці, пражываю адна з трыма непаўналетнімі дзецьмі. З гарадзкой мясцовасьці мяне перасялілі ў сельскую, бо не было дому. (Я жыла ў аварыйным доме). А тут, ня сяле, я нават не магу пасадзіць соткі, не магу ўзяць каня, хаця мой дзед калісьці паклаў галаву на вайне. Якія ж адносіны да мяне і да маёй сям’і! Колькі ў краіне бязладзьдзя, а мы ганарымся, што ў нас сёньня Дзень Перамогі! Які ж гэта Дзень Перамогі? Гэта вельмі цяжкі дзень для народу! Удзельнікі вайны абслугоўваюцца ў самую апошнюю чаргу, таксама як і шматдзетныя. Гэта ўсё ідзе да зьнішчэньня людзей. Навошта рабіць усе гэтыя парады, калі людзі прыніжаныя, абражаныя? Сам Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка хваліцца, што тое стварае ці тое. Навошта гэта рабіць, калі нічога ня робіцца, нічога не даецца?”

(Уладзіслаў: ) “Уключыў тэлевізар і якраз трапіў на парад у Маскве. Маладыя хлопцы ў форме жаўнераў Вялікай Айчыннай вайны і дзяўчаты ў белых сукенках. Яны ўшаноўвалі памяць тых, хто загінуў. Але ж усе ведаюць, што іх прыгналі на парад гвалтам, пагражаючы выключэньнем з ВНУ альбо дзедаўшчынай. Выдатнае сьвята атрымалася. Калі бы тыя, хто загінуў, ведалі, якое жыцьцё будзе пасьля перамогі і што шанаваць іх будуць гвалтам, яны, напэўна, перайшлі б на бок немцаў. У маім тэлевізары беларускі канал не ідзе, на шчасьце, але, я мяркую, што і ў нас будзе нешта падобнае. І яшчэ хачу заўважыць, што Сталін ня быў адзіным чалавекам, які ня верыў, што будзе вайна. Ён сам рыхтаваўся да нападу, але Гітлер яго апярэдзіў і ў першы дзень зьнішчыў тысячы танкаў і самалётаў, якія Сталін сканцэнтраваў на мяжы да нападу. Савецкая зброя была недасканалая і недакладная, яна прызначалася да таго, каб вераломна напасьці і задавіць колькасьцю. Для абароны яна была непрыдатная. А вайну зь Фінляндыяй перад гэтым Сталін прайграў наўмысна. Рэкамэндую слухачам “Свабоды” прачытаць кнігу Віктара Суворава “Ледакол”.

(Мацкевіч:) “...Прашу паведаміць слухацтву дакладныя мэтры і расклады Радыё Рацыі і Радыё Палёніі”.

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Хачу зьвярнуцца да ўсіх людзей. А ці ёсьць у нас прэзыдэнт для нас, для народу беднага? Я адпрацавала настаўніцай 40 гадоў у вёсцы Квасоўка. Дык што вы думаеце, прэзыдэнт ня хоча гаварыць з такімі людзьмі, 260 тысяч дасьць – і ўсё. Як ты жывеш ніхто не пытае. І калі дасылаеш скаргі ці патрабаваньні, іх гэта таксама ня тычыцца. Чамусьці да Мілінкевіча Аляксандра Ўладзімеравіча можна дазваніцца. Чамусьці да Казуліна Аляксандра таксама можна дазваніцца, пагаварыць. А вось да Лукашэнкі... Наколькі сталі нахабнымі гэтыя кіраўнікі, што нават і казаць пра іх не хачу. Яны ператварыліся ў князёў у нас тут у Квасоўцы. Крымко, кіраўнік калгасу, даўно ўжо павінен на пэнсіі быць! А так працягвае па тры заробкі атрымоўваць”.

(Спадар: ) “Чаму маю дачку забралі? Апошнюю дачку забралі. Гэта з Ванеева, 22. Апошнюю дачку забралі, адзін застаўся. Рэкеціры забралі жыльлё, улада забрала. Куды мне зьвяртацца?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG