Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“...Няхай заўсёды гучаць у эфіры галасы вашых вядучых: Радкевіч, Караткевіч, Ціхановіч, Бушлякова, Навумчыка, Бандарука, Абламейкі ды іншых...”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак, 8 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Бартось Марыя Іванаўна, в. Квасоўка:) “Хачу зьвярнуцца да Мілінкевіча Аляксандра і Казуліна Аляксандра і да іншых палітыкаў Беларусі. Мы з вамі ўсе людзі, простыя людзі, нам надакучыла лукашэнкаўскае бяспраўе. Тут на месцы ў калгасах ты ня маеш ніякага права, ты ніхто, ты не чалавек! Нас ўжо так сагнулі, што і адгукнуцца ня можам. Усе баяцца слова сказаць, бо арыштуюць, пасадзяць і г.д. Не! Маўчаць мы ня будзем! Буду зьвяртацца яшчэ да Лукашэнкі і да яго вышэйшага суду. Хачу сказаць, як жывуць яго Крымкі, як жыве ён сам і як мы жывем, да чаго нас даводзяць...

Хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі. Хачу сказаць, што я прыеду да яго, каб ён мяне прыняў альбо яго начальнікі... Хачу зьвярнуцца да Анатоля Лябедзькі. Народ патрабуе ўсе абавязкі ўскласьці на яго, каб ён сеў за стол перамоваў з Лукашэнкам. Тое, што тут адбываецца ў нас – гэта проста немагчыма. Мы будзем дасылаць лісты Анатолю Лябедзьку. Так далей жыць нельга!”

(Спадар, в. Мазуршчына:) “Дарагое Радыё Свабода, дапамажыце мне ў такім пытаньні. Мясцовыя таталітарныя ўлады не даюць жыць, на працу нідзе не бяруць. Суд г. Салігорску прымушае мяне плаціць за той кавалак зямлі, на якім дом у вёсцы майго бацькі стаіць. Бацька прыйшоў з вайны, пабудаваў гэтую хату. Дапамажыце, калі ласка, я прашу. Я ваш сталы слухач, вельмі люблю вашы перадачы”.

(Спадарыня: ) “На гэтым тыдні адзін выступіў з такой пагрозай, што возьме ў рукі зброю і ўсіх перастраляе. Пытаньне да яго. Што ты, чалавек, яшчэ не настраляўся? Паўстае пытаньне. Калі мы станем беларусамі, грамадзянамі сваёй краіны, адказнымі за яе будучыню, будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў? А гэта адбудзецца тады, калі пачнем слухаць адзін аднаго, пачнем рабіць высновы са сваіх памылак, перш за ўсё гістарычных. У свой час шляхцічы, не знаходзячы паміж сабой згоды, зьвярталіся па дапамогу хто ў Нямеччыну, хто ў Аўстрыю, хто ў Расею. Урэшце страцілі незалежнасьць. Сёньня мы зноў шукаем падтрымкі то на Захадзе, то на Ўсходзе, а пры тым у сваёй Беларусі часьцей не заўважаем адно аднаго. І прычыны ня толькі улада апазыцыю, але і апазыцыя апазыцыю, але і вэртыкаль электарат. Трэба жыць сумленна, ня хлусіць, аберагаць дружбу з суседзямі і асабістую незалежнасьць. У Беларусі пражывае шмат людзей, якія аддалі свае сілы на карысьць роднай краіны. Яны заслугоўваюць павагі хаця б таму, што на створанай імі матэрыяльнай базе пакуль яшчэ трымаецца наша эканоміка”.

(Алена Лягун, Пінск:) “Дзе той час, у якім тут кіпела жыцьцё, Свой народ быў кругом і любіў усё сваё?” Гэтыя словы належаць Янку Купалу. Я іх згадваю заўсёды, калі думаю пра сваю вёску Кажушкі. Яна знаходзілася калісьці ў Хойніцкім раёне, а зараз зьнікла з мапы, і толькі калючы дрот абапал дарогі прывядзе да таго месца, дзе некалі жылі людзі. Каб прыехаць туды на Радаўніцу трэба было прайсьці два прапускныя пункты, пашпарт свой падаць, пісалі нумары машынаў. Перад уездам стаяць дзьве вельмі добрыя хаты, дзе жывуць тыя, хто ахоўвае зоны. Праз мэтраў 300 пачынаецца жудасная карціна: вёска цалкам спаленая. Вось уявіце сабе, людзі, даўжыня вуліцы ад прапускнога пункту да канца, гэта будзе каля 4-х кілямэтраў, і з гэтай прасторы ўцалелі толькі клюб, школа, амбуляторыя, калгасны двор і тыя дамы, што побач. У майго бацькі некалі была адна зь лепшых хат”.

(Спадар: )

Вы не пускайте пьяного меня в эфир, себя бухого слушать не желаю. Когда я после пьянки утром пью кефир, Что влез я не по делу, понимаю.

(Спадар, Піншчына: ) “У пасёлку Пароханску будуюцца так званыя прэзыдэнцкія домікі. Домікі самі па сабе невялічкія, будуюцца з сылікатных блёкаў. Іх будавацца будзе некалькі дзясяткаў. Але побач стаіць ужо шмат год двухпавярховы будынак бальніцы бяз вокнаў і дзьвярэй.

Неяк перад выбарамі дэпутатаў, ёсьць у нас такі дэпутат Двараніновіч, які абяцаў, што калі яго выберуць дэпутатам, дабудаваць гэтую бальніцу, давесьці яе да ладу. Але ён ужо ня першы год у дэпутатах, але сваё слова не трымае. А перад кожнай выбарчай кампаніяй ён то абяцанкамі, то нават пагрозамі зачыніць у малых вёсках школы і іншымі спосабамі імкнецца сесьці ў дэпутацкае крэсла”.

(Спадар: ) “Даўно не тэлефанаваў вам. Але, мне здаецца, трэба ў вас адкрываць такую рубрыку “Не магу маўчаць”. Вось і сёньня вушы мае завялі, калі Аляксей Дзікавіцкі сказаў, што ва Ўкраіне ёсьць нейкая арганізацыі “Пора”. Няўжо яна так і па-украінску гучыць і што гэта “пора” азначае?”

(Спадар: ) “Хачу падтрымаць тое, што амэрыканцы даслалі розныя лекі, асабліва для анкалёгіі. Малайцы! Пачуцьцё вялікай павагі да гэтых людзей, якія сабралі і даслалі. І ў той час вельмі крыўдна, што нашая бюракратыя свалачная вынюхвае, ці тое гэта ці не, замарожваюць. Даслалі, праверце, ды хутчэй аддайце гэтым хворым людзям. Вы б ведалі, як лечаць у нас!”

(Спадар:) “Дасылаю вам сваю ўласную песьню, якую я прысьвяціў 60-годзьдзю перамогі над нямецка-фашысцкай Германіяй”.

(Слава: ) “Паважаная “Свабода”! Калі ласка, не выключайце трансьляцыю за некалькі хвілін да канца перадачы. Гэта кожны раз нэрвуе ўсіх слухачоў. Немагчыма пераключацца на іншую хвалю толькі каб даслухаць. Лічу, што слухачы павінны слухаць да самага канца”.

(Спадарыня: ) “Ад шчырага сэрца віншую вас усіх з прафэсійным сьвятам – Днём Радыё! Жадаю вам посьпехаў у працы. Няхай заўсёды гучаць у эфіры галасы вашых вядучых: Радкевіч, Караткевіч, Ціхановіч, Бушлякова, Навумчыка, Бандарука, Абламейкі ды іншых. Няхай ня зьнікнуць з эфіру перадачы ды рэпартажы: “Вострая брама”, “Атлянтыда”, “Праскі акцэнт”, вандроўкі Маёрчыка” і Астраўца, абгрунтаваныя паведамленьні Соусь, Каліноўскага, Глода, Студзінскай. Усе вы малайцы! Дзякуй вам за працу. Здароўя вам, творчага натхненьня і асабістага шчасьця!”

(Спадар:) “Не давайце вы слова гэтым лукашыстам, якія вам тэлефануюць. Хопіць з нас і той брахні, што дзень і ноч льецца на нас зь беларускага радыё і тэлебачаньня. Хай яны тэлефануюць на БТ да спадара Зімоўскага, там іх хутчэй зразумеюць.

У 94-м годзе я галасаваў за Лукашэнку. Ён гучней за ўсіх крычаў і больш за ўсіх абяцаў. Але потым я зразумеў, што пайшоў ён ня ў той бок, і больш за яго не галасую. Ён шмат абяцаў, але нічога не зрабіў. Напрыклад, ён абяцаў вярнуць уклады. Мала таго, што ён іх не вярнуў, дык ён яшчэ нас абкраў. Успомніце, як нулі здымалі. І падобна ідзе да таго, што яшчэ раз здымаць прыйдзецца. Ды і ўвогуле хто ён такі? Ён проста папуліст. У 94-м годзе ён злавіў адну краіну, на якой можна сыграць і да цяперашняга часу на ёй іграе. Але ў прыродзе нічога вечнага няма. Рана ці позна гэтая краіна ўсё роўна парвецца”.

(Сяргей, Горадня: ) “Вось на 3-м усебеларускім народным сходзе адна дэлегатка скардзілася, што ўжо гадоў 10 не дабудуюць Лунінецкую раённую бальніцу, разьмешчаную недалёка ад чарнобыльскай зоны – няма грошаў, хаця там трэба каля 2-х мільёнаў даляраў. А нядаўна Лукашэнка пабываў у Лідзе. І там яму паказалі радзільны дом, дзе акушэрскі корпус будуецца ўжо 14 год. Каб яго скончыць – няма грошаў. А трэба таксама ўсяго некалькі мільёнаў даляраў. А дзе ж тыя грошы? А іх трэба рыхтаваць на новую спартовую арэну ў Менску, на якую патрэбна каля 200 мільёнаў даляраў. А на новую тэлевежу ў Менску таксама яшчэ 200 мільёнаў даляраў. Таму на бальніцы і школы грошай няма. А 80 мільёнаў даляраў пайшло на амэрыканскі боінг для Лукашэнкі, а для чарнобыльцаў і хворых не хапае грошай. А ў Польшчы ў першыя ж дні чарнобыльскай катастрофы ўсім жыхарам выдавалі ёд, і ў іх рак шчытападобнай залозы амаль не павялічыўся. Вось вам клопат пра народ!”

(Юры: ) “Часта па радыё чую нэгатыўныя адносіны да апазыцыі, што яны існуюць на грошы Захаду. Дык другіх грошаў на апазыцыю ў Беларусі ў прынцыпе і ня можа быць. Наконт працы міліцыі. Калі тычыцца нечага асабістага і прыватнага, дык колькі б я не сутыкаўся, вось і нядаўна скралі мабільны ў сына, дык ніхто нічога ня робіць, як я зразумеў, і ня будзе нічога рабіць. На скаргі не рэагуюць – яны ўжо да гэтага адаптаваліся. То бок для цябе справы няма. А як толькі чалавек выйдзе са сьцяжком на вуліцу – адразу едуць калёны аўтобусаў АМОНу. Недарэмна Захаранка выступаў супраць пашырэньня штату міліцыі. А тут набралі такіх, якіх ужо проста нідзе не прынялі. Гэта проста жудасна! Жудасная гэтая неабароненасьць”.

(Спадар: ) “Адкажыце, калі ласка, у якія дні тыдня, у які час і на якой частаце гавораць пра Беларусь “Нямецкая хваля”, “Голас Амэрыкі” і “Рацыя”? Але ня так пасьпешліва як Дзікавіцкі. Я чалавек сталага веку і магу не пасьпець занатаваць. Ваш адданы і ўдзячны слухач зь Мюнхэну”.

(Вольга, Баранавічы: ) “У нас кажуць, што ў вайну загінуў кожны трэці беларус. Гэта не зусім так. Тут зьнішчалі нашых суседзяў, габрэяў. Чаму іх не эвакуіравалі ў першую чаргу? Савецкая разьведка, напэўна, валодала фактамі антысэмітызму нацыстаў... І яшчэ. Ведаючы варожыя схемы ўкараненьня ў падпольныя ячэйкі на акупаванай тэрыторыі, можна было пазьбегнуць шматразовых і павальных арыштаў і невыносных катаваньняў нашых падпольшчыкаў. Але, мусіць, асобна ўзяты чалавек, яго жыцьцё і пакуты не зьяўляюцца каштоўнасьцю пры сацыялістычным строі...”

(Спадар: ) “Не магу прамаўчаць наконт пахвалы Лукашэнкі некаторымі тэлефанаваўшымі. Хто яны, што ня хочуць бачыць, як жывуць ў жабрацтве простыя пэнсіянэры? А я ведаю, хто яны. Гэта пэнсіянэры сілавых структураў. Адзін зь іх будаваў сацыялізм з кубінцамі. Ён пэнсіянэр, палкоўнік у запасе, яго пэнсія 750 тысяч, а ў яго жонкі, якая не працавала, – 150 тысяч. А калі ён сыдзе на той сьвет, яе пэнсія будзе каля 300 тысяч. Вось такія і выступаюць за Лукашэнку, іх шмат. А мы, простыя пэнсіянэры, атрымліваем пэнсію ў тры разы меншую, чым у гэтага палкоўніка, хаця працавалі ўсё жыцьцё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG