Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэльфіны пазнаюць адно аднаго з імя


Юрась Бушлякоў, Прага Людзі – не адзіныя ў сьвеце, хто зьвяртаецца адно да аднаго па імені. Тое самае робяць і дэльфіны – гэта вынікае з дасьледаваньня спэцыялістаў шатляндзкага ўнівэрсытэту Сэнт-Эндру. Група эўрапейскіх і амэрыканскіх вучоных зрабіла сваё адкрыцьцё пасьля вывучэньня дэльфінаў-афалінаў ля берагоў Флорыды.

Даўно было вядома, што дэльфіны кантактуюць паміж сабою пры дапамозе сьвістаў і іншых гукаў. Але толькі цяпер вучоныя ўстанавілі, што дэльфіны-афаліны пазнаюць адно аднаго па імёнах. Дэльфіны капіююць сьвісты сваіх суродзічаў і такім спосабам завуць адно аднаго па імені.

Расказвае адзін з аўтараў дасьледаваньня Вінсэнт Янік:

(Янік: ) “Мы прайгралі дэльфінам запіс сьвісту, які яны вельмі добра ведалі, запіс сьвісту іхных родных і знаёмых ім іншых дэльфінаў, і мы прагназавалі, што дэльфіны будуць больш адгукацца на сыгналы сваіх родных. Прычым пры ўзнаўленьні галасоў дэльфінаў мы сынтэзавалі сьвісты на кампутары, дэльфіны чулі ўжо свае “кампутарныя” галасы”.

Пры экспэрымэнце дэльфіны пазналі свае імёны – нават тады, калі гэтыя імёны прагучалі ў кампутарнай апрацоўцы. Вінсэнт Янік:

(Янік: ) “Мы ўстанавілі, што жывёліны адгукаліся болей на сьвісты сваіх родных, гэта сьведчыла, што яны ня проста разумеюць голас іншых жывёлін, а разумеюць сыгнал”.

Паводле Вінсэнта Яніка, дэльфіны, праўдападобна, пазнаюць імёны ня менш як 20 сваіх суродзічаў. Янік называе камунікацыю дэльфінаў тым, што папярэднічае выкарыстаньню словаў.

(Янік: ) “Дэльфіны таксама вучацца сваіх сыгналаў, яны не нараджаюцца зь імі. Дэльфін па нараджэньні пачынае прыслухоўвацца да ўсіх сьвістаў навокал яго і затым пачынае выпрацоўваць свой уласны сьвіст, вельмі адменны ад кожнага іншага. Іншым дэльфінам прыходзіцца вучыцца, што сыгнал азначае “гэта жывёліна А”. Тут нешта вельмі падобнае да таго, што робім мы: мы разьвіваем нашыя асабістыя кантакты, мы вывучаем словы, а затым нам даводзіцца вывучыць, што яны азначаюць. Гэта нешта зусім незвычайнае для жывёлін, і тут, у выпадку дэльфінаў, мы маем вельмі падобную да чалавечай асаблівасьць камунікацыйнай сыстэмы”.

Цяпер Вінсэнт Янік спадзяецца ўстанавіць, ці стварае дэльфін разумовы вобраз другога дэльфіна, як чуе ягонае імя. Калі акажацца, што стварае, гэта будзе яшчэ адной асаблівасьцю, агульнай для людзей і дэльфінаў.
XS
SM
MD
LG