Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сыс: “У гэтай краіне ня маю я волі”


Міхась Скобла, Менск (эфір 7 траўня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.



Анатоль Сыс. 1986 г.

Год таму закончыў свой зямны шлях паэт Анатоль Сыс. У адпаведнасьці зь беларускай народнай традыцыяй, менавіта на гадавіну адбываецца канчатковае разьвітаньне з душой памерлага. Калі на дзевяць дзён у тонкі сьвет перамяшчаецца эфірнае цела, на саракавіны — астральнае, то ў гадавіну — мэнтальнае. Але сёньня мы будзем гаварыць больш пра зямныя рэчы. У студыі са мной кандыдат філялёгіі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Язэп Янушкевіч і паэт, намесьнік галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў” Эдуард Акулін.

(Скобла: ) “Язэп, кажуць, каб зразумець веліч чалавека, трэба ўявіць яго памерлым. Анатоля Сыса ўжо год няма з намі. Я разумею, што для акадэмічнага літаратуразнаўства гэта, магчыма, недастатковы тэрмін. І ўсё ж мяне зьдзівіла: у нядаўна выдадзенай чатырохтомнай “Гісторыі беларускай літаратуры” пра Сыса — толькі асобныя згадкі”.

(Янушкевіч: ) “Значнасьць чалавека вельмі часта відаць і пры жыцьці. Іншая ж справа: калі чалавек адыходзіць зь зямлі, — страчваюць існасьць зямныя каардынаты: хто што еў, у што апранаўся, на якой машыне езьдзіў. І застаецца па ім нерукатворнае, тое, што з часоў Міцкевіча й Пушкіна называлася духовым помнікам, тое, чым жывяцца нашчадкі. Пасьля Сыса й пасьля нас прыйдуць новыя пакаленьні. І зразумела, якою б шматстаронкавай ні была згаданая табою чатырохтомная акадэмічная “Гісторыя беларускай літаратуры”, —будуць новыя гісторыі. І там, бясспрэчна, будзе прысутнічаць асобны разьдзел пра Анатоля Сыса”.

(Скобла: ) “Сыса часта папракалі, што мала пісаў. Але наўрад ці падобныя папрокі маюць сэнс: ад таго, што не прыходзілі вершы, Анатоль мучыўся найперш сам. А можа, гэта й да лепшага: калі золата многа, — яно таньнее”.

(Янушкевіч: ) “Днямі я атрымаў № 21 часопіса “Дзеяслоў”, дзе прачытаў Анатолевы сьведчаньні, як няпроста ён выношваў новыя творы, як лавіў хвіліны натхненьня! І падумалася: людзям, якія ведаюць цану жыцьцю й цану слову, маўчаньне часам — золата. І нават паэтам, якія пішуць важка, лепш у ліхую неспакойную гадзіну памаўчаць. А маўчаньне, трэба думаць, сапраўды давалася Сысу няпроста. Нездарма ён спакутавана выгукнуў: “У гэтай краіне ня маю я волі”.

(Скобла: ) “Калі гаварыць пра падобнае замаўканьне паэтаў, каго можна прыгадаць з гісторыі літаратуры?”

(Янушкевіч: ) “Для мяне такім прыкладам зьяўляецца Адам Міцкевіч. Ён таксама, не дасягнуўшы саракагодзьдзя, замоўк як паэт. Хоць працягваў фізычна жыць і займацца самай рознай дзейнасьцю — і легіянерам быў, і вызвольнікам. Але, на вялікі жаль, пяра ў рукі больш ня браў”.

(Скобла: ) “Эдуард, ты вучыўся разам з Анатолем на філфаку Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Прыадчыні дзьверы ў ягоную творчую лябараторыю. Як ён пісаў?”

(Акулін: ) “Эпіграфам да публікацыі вершаў Анатоля Сыса ў “Дзеяслове” абраны ягоныя ж словы: “Да такой сьвятой справы, як напісаньне вершаў, я рыхтую сябе загадзя, лаўлю, як Жар-птушку, натхненьне”. Вось такім Анатоль і быў у часы студэнцтва. Ён мог гадзінамі пакутна хадзіць па інтэрнацкім калідоры й прасіць: “Дайце мне першы радок!” А потым на некалькі гадзінаў зачыніцца ў сваім пакоі — і піша. Прытым, папярэджваў: “Ня дай Бог, калі мяне хто-небудзь зачэпіць у гэты час, — магіла!” Сыс, нібы, выконваў нейкую місію, духоўнае наканаваньне, якое давалася яму зь нябёсаў. У студэнцтве ён мяне вельмі часта папракаў, што шмат увагі аддаю дзяўчатам: “Эдзік, ты павінен быць жанаты з Паэзіяй. Я ўжо даўно ажаніўся з Паэзіяй!”. І ў гэтым быў увесь Сыс”.

(Скобла: ) “Эдуард, цябе з Анатолем яднала ня толькі студэнцкая лава, але й зямляцтва. Скажы: што такое родная вёска Сыса —Гарошкаў? Паэт Мікола Арочка, які жыве ў Вецявічах на Слонімшчыне, расказваў мне, што аднавяскоўцы маюць яго за дзівака. А гарошкаўцы, паводле аповедаў самога Анатоля, былі ўсе аматарамі паэзіі. Ці магчыма такое?”

(Акулін: ) “Я быў гэтаму сьведкам — Сыса там усе ведалі. Я працаваў на той час настаўнікам у Рэчыцкім раёне, езьдзіў на аўтобусе праз Гарошкаў. І калі аўтобус спыняўся ў вёсцы, варта было толькі спытацца: “А дзе цяпер Сыс?” Усе ведалі, дзе ў гэты час Сыс — ці на Дняпры, ці зь сябрамі гуляе, ці на рыбалку зьбіраецца”.

(Янушкевіч: ) “Мне выпала летась пабываць у Гарошкаве. У Рэчыцы акурат адбываліся чытаньні Мітрафана Доўнар-Запольскага. Мы з навукоўцамі зь Беласточчыны — гісторыкамі Алегам Латышонкам і Дарутай Міхалюк — выбралі хвілінку й паехалі ў Гарошкаў. Мяне адразу зьдзівіла, як гарошкаўцы імгненна разумелі, пра якога Сыса гаворка (а там Сысоў некалькі хат). Калі я пытаў пра Анатоля, тут жа ўдакладнялі: “Дык вы паэта шукаеце? Зараз пакажам ягоную хату”. Да цёткі на лаўцы мне пашэнціла прысуседзіцца й пагаварыць. Яна Анатоля памятала як чалавека найсардэчнага: гэтак падзяліцца юшкай, акрайцам хлеба мог толькі ён. Скажам, быў у яго бохан хлеба, дык ён, як Хрыстос, мог накарміць вялікую кампанію — якая б ні была. Зварыць у кацялку юшкі — і накорміць паўвёскі. Анатоль неяк прызнаўся цётцы: “Менск, відаць, мяне зьесьць і даканае. А я хацеў бы часьцей быць тут”.

(Скобла: ) “Анатоль лёгка сыходзіўся зь людзьмі, аднак у блізкім сяброўстве быў чалавекам няпростым: у сваіх ацэнках людзей трымаў сябе часам бескампрамісна. Ці не паслужыла гэта прычынай таго, што многія з ранейшых сяброў пакінулі яго?”

(Акулін: ) “У Анатоля сапраўды быў складаны характар. Але гэта праявілася толькі ў апошнія гады жыцьця. Я яго памятаю абсалютна іншым. Мне зноў прыгадваюцца гады нашага студэнцкага сяброўства. Ён сапраўды мог запроста так завесьці ў сталоўку, накарміць абедам за свае грошы, якіх у яго было няшмат. Можа быць, тое самае зацяжное творчае маўчаньне адбілася на ягоным характары: стаў нэрвовым, раздражняльным — яго лёгка было вывесьці зь сябе. І гэта насамрэч адпрэчыла ад Сыса многіх. Але, мне здаецца, самыя блізкія сябры ад Анатоля не адварочваліся — яны яго разумелі. Ён ім быў патрэбен ня толькі ў зэніце славы, але і ў стане хваравітага маўчаньня, у якім ён перабываў апошнія гадоў дзесяць”.

(Скобла: ) “У Менску Сыс зьявіўся ў 1986 годзе ўжо сфармаваным паэтам. А як адбывалася ягонае чалавечае й творчае сталеньне?”

(Акулін: ) “Ён сталеў паступова. Анатоль вельмі адказна ставіўся да напісанага. Я й цяпер памятаю многія радкі зь ягоных “маладых” вершаў, якія ён пазьней не ўключаў у свае зборнікі — бракаваў. Напрыклад: “Прыгожыя людзі сьпяць прыгожа. На белых сьнягах радна Ты сьпіш у двухспальным ложку — Сёньня і скрозь адна”. Альбо: “Гарачы воск аплыў на нотны ліст. Даўно агонь ачахнуў у каміне. Іграе на раялі Фэранц Ліст Пра горад добры ў белым сэрпантыне”. Анатоль быў аўтарытэтам ня толькі сярод аднавяскоўцаў, пра што згадаў Язэп Янушкевіч. Яго паважалі ўжо ва ўнівэрсытэце. Ён валодаў незвычайнай чалавечай харызмай — мог вакол сябе аб’яднаць людзей, быў вельмі артыстычны. Калі выходзіў на сцэну й пачынаў чытаць вершы, то літаральна гіпнатызаваў аўдыторыю! На студэнтаў меў велізарны ўплыў. Спамінаю: па суботах, калі ўсе зьбіраліся на дыскатэку, шлях на танцпляцоўку ляжаў толькі праз кардон Сыса. А што гэта быў за кардон? Трэба было пацалаваць беларускі сьцяг, стоячы на каленях”.



Сябры Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Справа налева: Сяргей Кавалёў, Вольга Куртаніч, Андрэй Федарэнка, Эдуард Акулін, Анатоль Сыс, Міхась Скобла. Іслач, 1988 г.

(Скобла: ) “Вось гэткія сысовы ўрокі патрыятызму для гомельскіх студэнтаў. Прафэсар Гомельскага ўнівэрсытэту Іван Штэйнэр у № 21 “Дзеяслова” вельмі высока ацаніў паэзію Сыса, фактычна паставіў яго поплеч з Купалам і Багдановічам. Ці гэта ацэнка земляка й настаўніка?”

(Акулін: ) “Анатоль Сыс адчуваў нейкую духовую повязь з Купалам і Багдановічам. Па творчасьці Багдановіча ён і дыплём пісаў. І любіў гаварыць: “Я — сын Янкі Купалы й брат Максіма Багдановіча!” З кур’ёзных выпадкаў згадваецца ягоны падарунак мне на дзень народзінаў, калі я быў на другім курсе. Ён мне падараваў “Вянок” Багдановіча й падпісаў… “ад аўтара”.

(Скобла: ) “Наступнае пытаньне даволі далікатнае. Сыс цягам апошніх гадоў злоўжываў алькаголем, на людзі калі й зьяўляўся, то абавязкова на добрым падпітку. Усе бачылі, што чалавек гіне. Ці спрабавалі сябры неяк ратаваць Анатоля?”

(Акулін: ) “І неаднойчы. Мы з Алесем Бяляцкім сустракаліся зь ім, вялі прафіляктычныя гутаркі. Былі й іншыя людзі, якія разумелі паэтаву трагедыю, і істотна, ня толькі размовамі, але й фінансава, стараліся дапамагчы Анатолю. Я ведаю, што прадпрымальнікі Валянцін Дубатоўка й Алесь Гуркоў нават плацілі яму пэрсанальную стыпэндыю: толькі пішы. Адна была ўмова — напісаць чатыры вершы за месяц. І — ня трэба працаваць. На жаль, і гэта не дапамагло”.

(Скобла: ) “Эдуард згадаў прадпрымальніка Валянціна Дубатоўку, які цягам двух гадоў выплачваў Анатолю Сысу стыпэндыю. З намі на сувязі Горадня, і я хачу спытацца ў Валянціна, чым ён кіраваўся, калі вызначаў норму — чатыры вершы на месяц. Паэзія ж — як птушка непрыручаная, прылятае нечакана”.

(Валянцін Дубатоўка: ) “Калі я са сваімі сябрамі заходзіў да Анатоля дахаты, то ўвесь час адчуваў, што чалавеку не хапае нейкага стымулу. І мне захацелася падштурхнуць яго, каб ён памяняў сваё жыцьцё. Можа, нейкі абавязак зь яго ўзяць. Каб вярнуць чалавека на дарогу, на месца, зь якога ён мог бы яшчэ раз стартануць. Вельмі хацелася, каб такі геніяльны чалавек, як Сыс, пачаў усё спачатку. І ён спрабаваў… Як удалося — ня мне судзіць. Вельмі хацелася дапамагчы гэтаму чалавеку. Можа быць, удалося ўратаваць для яго некалькі гадоў — ня ведаю… Я лічыў і лічу Сыса адным з самых выдатных беларускіх паэтаў за ўсе часы. Такі промень, такое сьвятло…”

(Скобла: ) “У Сыса было безьліч сяброў, у тым ліку, — нямала праўдзівых. Часам адны сябры зьдзіўляліся зьяўленьню іншых. Памятаю нямую сцэну: у сысову аднапакаёўку на Чарвякова, дзе нават і мэблі не было, каб усіх рассадзіць, завітаў тагачасны міністар замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка”.

(Краўчанка: ) “Мне даводзілася сустракацца з Анатолем у розных абставінах, у тым ліку, — сапраўды бываць на ягоных днях нараджэньня. У той час, калі я быў міністрам замежных спраў, для многіх дзеячаў культуры дзьверы майго кабінэту былі заўсёды адчынены. Сыс любіў заходзіць нечакана”.

(Скобла: ) “Ён што, у Міністэрства мог бесьперашкодна зайсьці?”

(Краўчанка: ) “У любы час! Дарэчы, там, у міністэрскім пакоі адпачынку, ён аднойчы сустрэўся з маёй маці Галінай Сяргееўнай, якая прыехала ў Менск. І яны сядзелі й размаўлялі гадзіны тры. Мая маці неяк вельмі хораша, лагодна, па-добраму і падтрымала Анатоля, і палаяла. І я ўбачыў, што яму не хапала цяпла, мацярынскага, жаночага цяпла, спагады, падтрымкі. Маці зразумела трагічны надрыў гэтага незвычайнага чалавека. Я ня буду хавацца: бывала, што я яму й чарку наліваў. Сам сядзеў за справамі й гаварыў: “Анатоль, я сёньня не магу, а ты, калі ўжо так хочацца, выпі”. І душу ён раскрываў. Вельмі добра Анатоль адчуваў фальш у адносінах і адчуваў тых, хто па-сапраўднаму добразычліва ставіўся да яго”.

(Скобла: ) “Анатоль Сыс падтрымліваў сяброўскія адносіны з усімі — незалежна ад палітычных прыхільнасьцяў. Ці не азначае гэта, што паэт да многіх падзеяў ставіўся безуважна-апалітычна?”

(Янушкевіч: ) “Ні ў якім разе. Сыс адназначна ставіўся да беларускага жыцьця — палітычна, нацыянальна й сьвядома. Мяне ўразіла, як сёньня прызабытае ўжо Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, утворанае ў сярэдзіне 80-х, якое ачольвалі гомельцы Алесь Бяляцкі й Анатоль Сыс, як яно ўскалыхнула тагачасную грамадзкую атмасфэру! Менавіта з “Тутэйшымі” былі зьвязаны першыя акцыі правядзеньня “Дзядоў” у парку Купалы. Усё гэта было пад кіраўніцтвам Анатоля Сыса. Калі гаварыць пра палітычную заангажаванасьць, то варта прыгадаць і яшчэ адзін выпадак. На пачатку 90-х у Менск (магчыма, ужо ў сталіцу СНД) прыехаў міністар замежных спраў Расеі Андрэй Козыраў. І два хлапцы — Анатоль Сыс і Алесь Наварыч — амаль паўночы рыхтаваліся да будучай сустрэчы. Хто верш пісаў, а хто рыхтаваў для паэта апратку. Сустрэча адбывалася ў Доме літаратара, і было вельмі важна, у чым зьявіцца перад публікай, дзе быў ці ня ўвесь культурніцкі й палітычны бамонд, у тым ліку, — і Станіслаў Шушкевіч”.

(Скобла: ) “У падраных джынсах туды маглі й не пусьціць”.

(Янушкевіч: ) “Таму Сыс і прыйшоў у белай кашулі й бездакорна адпрасаваных нагавіцах. І калі ў залю было кінута пытаньне: “А як вам, майстры культуры, бачыцца будучыня Беларусі й Расеі — у якім саюзе?”, Анатоль прачытаў цудоўны верш “Дзікі мёд”: “У вайну, у партызанскі год Пад крысом шыняля армейскага Бацька зь лесу прынёс дзікі мёд — Ледзь уцёк ад мядзьведзя расейскага…” І заканчваўся верш недвухсэнсоўнымі радкамі: “Адкапаю пайду кулямёт, Каб хадзіць сьмела ў бацькавай пушчы”.

(Скобла: ) “Гэта належыць разглядаць як акт грамадзянскай мужнасьці паэта”.

(Янушкевіч: ) “Толькі так. У найвышэйшай сваёй артыстычна-мастацкай праяве”.

(Скобла: ) “Год таму, 9 траўня, калі цела паэта Анатоля Сыса выносілі са сталічнага Дому літаратара, па прылеглых вуліцах ішлі натоўпы людзей, грымелі сьвяточныя салюты. І мне тады ж прыгадаўся гістарычны факт: калі 13 лістапада 1918 году з парыскай царквы сьвятога Тамаша Аквінскага выплывала труна з Гіёмам Апалінэрам, натоўп вакол скандаваў: “Далоў Гіёма!”. Менскі абываталь сьпяшаўся на сьвяточную дэманстрацыю, парыскі — ганьбіў нямецкага кайзэра — цёзку францускага паэта. І ні ў Менску, ні ў Парыжы народ ня ведаў, што ў тыя два дні ён мусіў суцішыць свой грамадзянскі імпэт і схіліць галаву ў жалобе па сваіх вялікіх паэтах”.
XS
SM
MD
LG