Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васіль Быкаў: "Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды"


Радыё Свабода Да апошняга свайго дня Васіль Быкаў вяртаўся думкамі да вайны. Для мастака Быкава вайна была пражэктарам, які высьвечваў самыя глыбінныя таямніцы чалавечай душы. Аднак тэмай прозы і публіцыстыкі пісьменьніка быў ня толькі чалавек на вайне, але і нацыя на вайне. Развагі пісьменьніка, якія вы цяпер пачуеце, упершыню прагучалі на "Свабодзе" роўна 5 гадоў таму – 9 траўня 2001 году.

(Быкаў: ) "Існуе думка, што фэнамэнальнае, узьнёслае стаўленьне старэйшай часткі грамадзтва да мінулай вайны вызначаецца тым, што ў нашым жыцьці гэтая перамога сталася подзьвігам. Пазьней не было нічога болей справядлівага, высокага па ідэі і выразнага па выніку, чым можна было б задаволіцца, ня тое што ганарыцца. Што б не было ўрэшце так абясцэнена, зьняважана, дыскрэдытавана людзьмі або часам — хоць пяцігодкі, хоць барацьба за мір, хоць шалёная ядзерная гонка ці той жа космас, усё ў нашай гісторыі блеф, калі не злачынства. Адзінае добрае, што зьдзейсьнілі старэйшыя пакаленьні ў ХХ стагодзьдзі, сапраўды была гэтая перамога над нямецкім нацызмам.

Але ўзьнікаюць сумненьні і ў перамозе — найперш у яе імпэратыўнай адназначнасьці. Ад чаго яна пазбавіла чалавецтва — мы ведаем. І тое, можа быць, не падлягае сумневу. Але што зь ёю мы набылі? Усё ж кожная перамога павінная ня толькі ўзяць, але і даць. Краіны пераможаныя — Нямеччына, Італія, Японія — стрывалі паразу і менавіта праз тое атрымалі магчымасьць для небывалага росквіту эканомікі, свабоды і дэмакратыі.

А мы, пераможцы, дагэтуль ня можам дамагчыся элемэнтарнай свабоды, ня можам накарміць сябе. Можна сказаць, што здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва?

А што да расейцаў, дык тыя і дагэтуль ня могуць перастаць ваяваць. І за якія ідэалы? За звыродлівыя, спарахнелыя імпэрскія ідэалы, як і сто, і тысячу гадоў таму. У пераможнай эўфарыі зашмат ад эмоцыяў і дужа мала ад розуму. Бо разумны, рацыянальны падыход да вайны ня выгадны рэжымам, якія і тую даўнюю, вялікую перамогу прызвычаіліся выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах — інтарэсах антычалавечых і антыдэмакратычных. Тое ім удаецца выдатна: хоць у Расеі, хоць у Беларусі. Як доўга тое будзе адбывацца, хто ведае".

Наступны запіс быў адной з апошніх перадачаў Васіля Быкава на "Свабодзе". Яна прагучала 7 траўня 2003 году, за два дні да гадавіны Перамогі і за 46 дзён да сьмерці пісьменьніка.

(Быкаў: ) "Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і ня толькі. Але гэтае адбіраньне адбылося адразу пасьля перамогі. І адабраў яе ні хто іншы, як самы вялікі кумір гэтых народаў — «вялікі» Сталін. Кожныя пераможцы разьлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасьля такой крывавай вайны, і гэта было правільна, заканамерна. Але што ў выніку яны атрымалі — што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасьць і галечу, у той час як народы Эўропы — і пераможцы, і пераможаныя, дарэчы — сапраўды скарысталіся гэтай перамогай. У тым ліку і нашай перамогай. Зноў жа, з ініцыятывы Злучаных Штатаў Амэрыкі быў вылучаны плян Маршала, які ўзьняў Эўропу з руінаў, з гэтых самых папялішчаў, які ўдыхнуў жыцьцё, і якому, па сутнасьці, Эўропа абавязаная і дасюль. Але ж Сталін адмовіўся ад гэтага пляну. Ён як вайну, так і перамогу, так і пасьляваеннае аднаўленьне, адбудову зноў жа ўзваліў на плечы свайго народу. І гэтым увергнуў яго ў неймаверную шматгадовую галечу. Апроч таго, яшчэ ў выніку нашай гэтай перамогі былі заняволеныя краіны так званай «народнай дэмакратыі», усходнеэўрапейскія краіны. І гэтая нашая перамога яшчэ на паўстагодзьдзя затрымала іх натуральнае гістарычнае разьвіцьцё ў кірунку прагрэсу. З гэтага правалу яны яшчэ дагэтуль ня могуць выбрацца, мы гэта бачым на прыкладзе нашай Усходняй Эўропы. Але яны робяць спробы, усё ж даволі пасьпяховыя, ізноў жа пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці — Эўропы і найперш Амэрыкі. А Беларусь стаіць убаку".

Гл.таксама • Новае выданьне "Быкаў на Свабодзе" (PDF) • У Менску адбылася прэзэнтацыя другога выданьня зборніку “Быкаў на Свабодзе” (mp3)
XS
SM
MD
LG