Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не сустракаў ніводнага беларускага калгасьніка, які скардзіўся б на недахоп дэмакратыі...”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 7 траўня 2006 году) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія нашы слухачы ў сваіх лістах спрабуюць асэнсаваць падзеі апошніх месяцаў і на падставе гэтага аналізу зазірнуць у будучыню Беларусі. І асэнсаваньне, і прагнозы часта — пэсымістычныя. Адзін з найбольш тыповых лістоў на гэтую тэму даслаў на Свабоду Віктар Галюнін зь Віцебску.

“Вось мы й пабачылі, што можа супрацьпаставіць дэмакратыя аўтарытарнаму рэжыму. Ды нічога, акрамя гучных заяў, сьмешных візавых санкцыяў ды нейкіх дробных грошай на ўлёткі й газэты, большасьць накладаў якіх трапляе пад арышт.

Пасьля ўсіх апошніх падзеяў я моцна засумняваўся ў тым, што нашаму народу наагул патрэбны дэмакратыя, свабода й правы чалавека. Зазвычай у нас і ўлада, і апазыцыя хваляцца, што беларусы — народ адукаваны, разумны, разважлівы. Калі мець на ўвазе ўменьне чытаць і пісаць — напэўна, гэта так (хоць і тут ёсьць нейкі сумнеў). А вось калі казаць пра здольнасьць разьбірацца ў сучасных палітычных працэсах, аналізаваць грамадзкія праблемы, — тут мы застаемся ў цемры сярэдневечных уяўленьняў і забабонаў.

Ды ніхто й ніколі не пераканае сярэдняга беларускага калгасьніка, што яму жыцьцёва неабходна справядлівая выбарчая сыстэма альбо незалежнае тэлебачаньне. Пачніце зь ім размову пра жыцьцё — ён вам паскардзіцца на нізкія заробкі, на зладзеяватага брыгадзіра, на гультая-старшыню. І ні слова ня скажа пра тое, што яму не хапае дэмакратыі. Вось вам і адказ — ці магчымая ў Беларусі дэмакратычная рэвалюцыя”.

Да ўсьведамленьня каштоўнасьці дэмакратыі, сапраўды, трэба дасьпець — пераканацца ў яе перавагах на ўласным досьведзе, пабачыць сьвет, параўнаць, як жывуць людзі ў свабодных і несвабодных краінах. У пераважнай большасьці беларусаў магчымасьцяў для ўсяго гэтага не было. Гісторыя апошняга стагодзьдзя склалася так, што Беларусь, адрозна ад іншых усходнеэўрапейскіх краінаў, ня здолела выкарыстаць шанцы, якія даваў распад спачатку расейскай, а потым савецкай імпэрыяў. З адной несвабоды беларусы кожны раз траплялі ў несвабоду другую, часам — яшчэ больш жорсткую.

Сярэдні беларускі калгасьнік, спадар Галюнін, павінен сам, на ўласным прыкладзе, шляхам уласных спроб і памылак дайсьці да прычынаў усіх бедаў, якія яго найбольш турбуюць. І калі ён паспрабуе па-сапраўднаму глыбока разабрацца ў гэтым, то немінуча задумаецца й над выбарчай сыстэмай, і над незалежным тэлебачаньнем, і пра свае грамадзянскія правы.

Атрымалі мы й ліст ад Міхаіла Дубянчука зь Менску. Слухач разважае, ці былі плённымі апошнія акцыі апазыцыі. Паміж іншага, ён зьвяртае ўвагу на Чарнобыльскі шлях.

“Што апазыцыя штогод выводзіць людзей на Чарнобыльскі шлях —добра. Але гэтага зусім не дастаткова для вырашэньня чарнобыльскай праблемы. Трэба было б на фактах і лічбах паказаць, які сапраўдны клопат улады пра насельніцтва на забруджаных тэрыторыях. Бо ў рэальнасьці мы назіраем, як дзяржава заахвочвае вяртаньне насельніцтва ў брудныя вёскі, — замест таго, каб ствараць належныя ўмовы для перасяленцаў. У Менску й буйных гарадах будуюць не надта патрэбныя, але такія дарагія аб’екты (кшталту новай Нацыянальнай бібліятэкі, падземнага цэнтру на плошчы Незалежнасьці, лядовых палацаў), а людзі на забруджаных тэрыторыях у гэты час цяжка хварэюць, ня маючы належнай дапамогі.

А ў дадатак туды пад прымусам пасылаюць маладых спэцыялістаў, што можа прывесьці да непрадказальных наступстваў. Вось гэта трэба было б найперш растлумачваць насельніцтву чарнобыльскай зоны”.

Людзі, што жывуць у чарнобыльскай зоне (ці тыя, якіх чарнобыльская бяда закранула нейкім іншым чынам), усё гэта ведаюць і бачаць, спадар Дубянчук: усё адбываецца ў іх на вачах, закранае іхныя штодзённыя інтарэсы й патрэбы. Іншая рэч: як гэтыя людзі рэальна могуць паўплываць на рашэньні ўлады, на ейнае стаўленьне да сваіх праблем — ува ўмовах, калі няма справядлівых дэмакратычных выбараў. Чарнобыльскі шлях — адна зь нямногіх магчымасьцяў для гэтага.

Ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Гэтым разам спадар Сац разважае пра візавыя санкцыі Эўразьвязу й ЗША адносна высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у фальшаваньнях вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Трыццаць адзін чалавек — гэта ж кропля ў моры. А тым часам паглядзіце, як пацярпелі тыя людзі, што ўдзельнічалі ў пратэстах. Студэнтаў раней ці пазьней паадлічваюць з унівэрсытэтаў. Працоўны люд застанецца без работы — пазвальняюць. А на іхныя месцы заўсёды знойдуцца спрытнюгі, якія, можа, не вызначаюцца вялікім розумам і сумленьнем, затое умеюць дагадзіць начальству. Я тут не зусім разумею краіны Захаду. Трыццаць аднаму начальніку яны закрылі ўезд. А што ж тыя, хто зьбіваў моладзь, затрымліваў, разганяў? Ім што, можна вольна ехаць, куды захочуць? Асабіста я — прыхільнік таго, каб усе асобы, замешаныя ў гэтых брудных справах, ня мелі права на ўезд у прыстойныя краіны”.

Гэты сьпіс, спадар Сац, не канчатковы й часовы — ён можа быць і пашыраны, і адменены. Сэнс і мэта яго — ня ў тым, каб ахапіць санкцыямі як мага большую колькасьць асоб, а ў тым, каб паслаць гэтым людзям сыгнал, папярэджаньне, даць ім час на роздум. Таму й трапілі ў гэты пералік пачаткова толькі тыя асобы, якія прымалі рашэньні, былі ініцыятарамі. Шэраговых выканаўцаў у гэтым сьпісе няма.

На гэтую ж тэму — кароткі ліст ад Вольгі Шмакінай з Баранавіч.

“Што гэта за пакараньне — забарона на ўезд у некалькі краінаў? Ну, не паедзе гэты міністар на адпачынак у Францыю — дык паедзе ў Аўстралію ці на Мальдывы. Яму нават лепш. Трэба было зрабіць хітрэй: уезд дазволіць, а пры перасячэньні мяжы затрымаць і аддаць пад міжнародны трыбунал. Вось тады яны па-сапраўднаму спалохаліся б”.

Краіны Эўразьвязу й ЗША, спадарыня Шмакіна, — гэта прававыя дэмакратычныя дзяржавы. Ніводзін чыноўнік альбо судзьдзя там не стаіць перад дылемай, чым яму кіравацца — законам альбо распараджэньнем высокага начальніка, якое гэтаму закону супярэчыць. У гэтым — адно з галоўных і прынцыповых адрозьненьняў прававой сыстэмы гэтых краінаў ад тае сыстэмы, што дзейнічае ў Беларусі.

Менавіта з гэтай прычыны на Захадзе ня могуць і ня будуць дзейнічаць так, як прапаноўваеце Вы, спадарыня Шмакіна. Судзіць за падобныя дзеяньні сваіх начальнікаў павінны самі беларусы. І думаю, што рана ці позна такія суды адбудуцца.

Асобна разгледзім ліст з Астраўца, з інтэрнату мясцовай перасоўна-мэханізаванай калёны. Падпісалі яго Іван Кавалеўскі, Міхал Міцкевіч, Раман Завадскі й яшчэ шэраг асоб, якія называюць сябе “падманутымі Белдзяржстрахам”.

“Мы пастаянна, кожны дзень слухаем вас. Вы так стараецеся дапамагчы людзям. Зачытайце наш ліст — можа, хоць гэта неяк дапаможа вырашыць праблему, якая ўсіх нас хвалюе. Раней мы пісалі і ў Дзяржстрах, і прэзыдэнту, і ўраду, і ў Дзяржкантроль, і ў дзяржаўныя газэты. Адусюль — адпіскі. А ў судзе ад нас заявы не прымаюць — кажуць: пакуль чакайце”.

Далей у сваім лісьце Іван Кавалеўскі й ягоныя калегі падрабязна апісваюць гісторыю сваіх непаразуменьняў зь дзяржаўнымі страхаўшчыкамі. Яшчэ адна цытата:

“У 90-м годзе ўсе мы застрахавалі сваё жыцьцё й дзяцей. Штомесяц плацілі ўнёскі. Пры страхавой суме 10 000 рублёў на 10 гадоў плаціць даводзілася кожны месяц 97 рублёў — немалыя па тым часе грошы.

І вось мінуў час. Прыйшлі мы ў прадстаўніцтва Дзяржстраху ў Астраўцы, а нам кажуць: “Інфляцыя ўсё зьела”. І не заплацілі ні капейкі. Вось такі падман. А ці не за нашы грошы Дзяржстрах купіў для сваіх прадстаўніцтваў катэджы, аўтамабілі, кампутары й мэблю ў офісы? Тысячы людзей яшчэ да перабудовы, а таксама падчас перабудовы застрахавалі сваіх дзяцей па так званым “вясельным страхаваньні” — і таксама нічога не атрымалі”.

У той пэрыяд, на пачатку 90-х гадоў, калі савецкія рублі імкліва абясцэньваліся, а кошты ў крамах і на рынках падвышаліся, бывала, па некалькі разоў на дзень, пацярпелі ня толькі кліенты дзяржаўных страхавых кампаніяў. Мільёны савецкіх грамадзянаў, якія трымалі грошы ў Ашчадным банку, гэтаксама страцілі вялікія сумы. У многіх гэта былі заробкі за шмат гадоў, адкладзеныя на старасьць, на кватэру, на лекі. І страхавыя кампаніі, і Ашчадны банк — дзяржаўныя. І дзяржава абавязана несьці адказнасьць за свае дзеяньні, якія ўчынілі вялікую страту грамадзянам.

Фармальна ўлада сваіх абавязкаў датычна кампэнсацыі абясцэненых укладаў не адмаўляе. Але фактычна за 15 год пасьля распаду СССР і пэрыяду гіпэрінфляцыі амаль ніхто страчаных грошай не атрымаў. За гэты ж час каля мільёна беларускіх грамадзянаў адышлі ў лепшы сьвет. І гэты натуральны працэс працягваецца — колькасьць былых укладчыкаў Ашчаднага банку штодня зьмяншаецца — адпаведна, меншае й праблем для дзяржавы. Ці ня ў гэтым і ёсьць галоўная прычына таго, што ўлада адкладае выплаты на няпэўную будучыню?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG