Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"З аднаго боку сядзеў Мілінкевіч, з другога — Калякін"


Радыё Свабода З турмы на Акрэсьціна вызвалены пяць моладзевых актывістаў. 9 траўня на свабоду выйшлі Надзея Батура, Аляксей Казулін, Аляксандар Рэзьнікаў, Юры Талстой і Андрэй Ігнатчык. Усе яны былі пакараны 5- суткавым арыштам за ўдзел у пікеце салідарнасьці з маладафронтаўцам Артурам Фінькевічам каля будынку Першамайскага райсуду Менску.

Сустрэць палітзьняволеных каля турмы на вуліцы Акрэсьціна сёньня сабралася больш за 30 чалавек. Пераважна гэта былі іхныя сябры ды актывісты дэмакратычных арганізацый, а таксама кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з Анатолем Лябедзькам. Вызваленых сябры й паплечнікі віталі бел-чырвона-белымі сьцягамі, воклічамі “Жыве Беларусь!” і шампанскім.

Аляксей Казулін адбываў адміністратыўны арышт ужо другі раз. За ўдзел у намётавым гарадку ён раней адседзеў 10 сутак. Юнак падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад цяперашняй адседкі:

(Казулін: ) “Ад гэтай адседкі ўражаньне горшае — мы сядзелі ў старым корпусе. У параўнаньні з новым, гэта зусім іншыя ўмовы. Але было весялей. Таму што з аднаго боку сядзеў Мілінкевіч, з другога — Калякін. Мы спрабавалі зь імі перамаўляцца па вэнтыляцыі, ды нас адразу ж супакойвалі: крычалі, што кінуць да бамжоў. Але мы асаблівай увагі на гэта не зьвярталі. А часам і супакойваліся. Наагул сядзелася весела. І хаця мінулым разам мы сядзелі 10 сутак, а цяпер 5, — за гэты час больш засумавалі па сябрах, зь якімі адседжвалі 10-цідзёнку”.

Былыя вязьні найбольш важным лічаць тое, што ім удалося прадэманстраваць сваю салідарнасьць з Артурам Фінькевічам, над якім цяпер адбываецца крымінальны працэс. Гаворыць Аляксандар Рэзьнікаў:

(Рэзьнікаў: ) “Самае важнае, што мы зрабілі гэта. Мы выйшлі й даказалі сваё. І людзі ведаюць, што мы маем сваю думку й будзем заўсёды яе трымацца”.

Усе нявольнікі сядзелі ў адной камэры. Адна Надзея Батура патрапіла да не знаёмых ёй людзей. Вось што яна распавяла:

(Батура: ) “Наагул людзі вельмі сардэчныя, вельмі добразычлівыя. Прыходзілі, прыносілі перадачы з цэнтру “Вясна”. Ну, перадусім падтрымліваў мяне муж. Ня вельмі ён мяне ўхваляе й моцна за мяне перажывае. Але папросту страшна так жыць. Калі нічога не рабіць, — то нічога й ня зьменіцца. І 37-мы год ужо зноў распачаўся”.
XS
SM
MD
LG