Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацэньваюць ролю Сталіна вэтэраны Другой усясьветнай вайны?


Ігар Карней, Менск Адзначэньне Дня перамогі адбываецца на тле вяртаньня ня толькі сымбаляў савецкіх часоў, але й спробаў рэабілітацыі Іосіфа Сталіна. Ствараюцца карціны з партрэтамі “правадыра народаў”, пад Менскам адбудавана “Лінія Сталіна”, барэльеф з выявай генэралісымуса зьявіўся на будынку сувораўскай вучэльні ў Менску.

Сёньня сустрэць вэтэрана вайны ў Менску можна было на кожным кроку. На падзеі 60-гадовай даўніны ў іх розныя погляды. Па-рознаму яны ставяцца й да Іосіфа Сталіна.

(Вэтэран: ) “Памяць пра яго мусіць быць. Чаму Пятра І мы як вялікага імпэратара шануем, а Сталіна павінны забыць? Трэба падыходзіць да ўсіх пэрыядаў па-рознаму”.

(Карэспандэнт: ) “Існаваньне “Лініі Сталіна” вы ўспрымаеце станоўча?”

(Вэтэран: ) “А як вы думалі? Мы, Савецкі Саюз, разьбілі гітлерызм, зьнішчылі карычневую армаду. Хто? Наш савецкі народ! Мы не павінны пра гэта забыцца!”

(Спадарыня: ) “У мяне самой ёсьць сталінскі мэдаль…”

(Карэспандэнт: ) “Значыць, вы ваявалі?”

(Спадарыня: ) “Не, я працавала ў тыле. Таму нават ня ведаю, што вам пра Сталіна сказаць. Бо як мы працавалі, то стаўленьне было нічога сабе. Але калі потым пачалі ўсіх саджаць, то як пасьля гэтага адносіцца? Але да таго часу ставіліся нармальна”.

Народны мастак, удзельнік вайны Леанід Шчамялёў лічыць, што цяпер у беларусаў шмат куды больш надзённых задач, чым рэанімацыя Сталіна.

(Шчамялёў: ) “Ня думаю, што гэта азначае штосьці добрае ці дрэннае. Але я ведаю, што час ідзе наперад. І на сёньняшні дзень столькі цікавых задач і столькі павінна быць новых адкрыцьцяў у разьвіцьці грамадзтва, што азірацца на тыя рэчы, можа быць, і ня варта. І будзем мы ці асуджаць, ці ў чымсьці згаджацца з тым, — усё роўна гэта мінулае. Ёсьць сёньня маса задач, якія трэба вырашаць, каб квітнела краіна”.

Мастак Міхаіл Савіцкі да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі напісаў партрэт Сталіна. Творчае памкненьне тлумачыць наступным чынам.

(Савіцкі: ) “У мяне ёсьць партрэт Сталіна. Я яго напісаў таму, што пра Сталіна кажуць шмат праўды й няпраўды, дзеля чаго патрабуецца глыбокі аналіз. Але пра Сталіна ніхто не казаў інакш, як пра вялікага працаўніка. Калі вайна пачалася, нечаканы напад адбыўся, казалі, што Сталін, нібыта, спалохаўся, схаваўся й г.д. Да першага выступу, калі пэўны тэрмін прайшоў, ён прымаў штодня ня меней за 300 чалавек. Сталін сябе абстаўляў надзейнымі людзьмі”.

Народны мастак Беларусі Віктар Грамыка, адрозна ад Міхаіла Савіцкага, не такі адназначны ў ацэнках “правадыра народаў”. Лічыць, што вайна “сьпісала” Сталіну шмат якія грахі.

(Грамыка: ) “Канечне, стаўленьне не адназначнае. Аднак у часе вайны праявы культу, якія ўжо бачыліся ў Сталіне, мы яму даравалі. Бо верылі яму й змагаліся, адчуваючы ягоную волю да перамогі. А што адбывалася да вайны, — дык мы шмат чаго й ня ведалі. Адкуль мы маглі ведаць пра памеры рэпрэсій?! Таму цягам майго жыцьця не было стаўленьня такога нязьменнага. І пасьля вайны гэтая пазыцыя гэтаксама мянялася”.

Гл.таксама • Хто сьвяткуе Дзень перамогі 9 траўня?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG