Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – навіны беларускага Інтэрнэту


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова.

На сайце “Трэці шлях” зьявіліся аўдыёзапісы перамоваў міліцыянтаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў у часе “Чарнобыльскага шляху” ў Менску 26 красавіка. (www.3dway.org) Нягледзячы на кепскую якасьць запісаў, можна пачуць, як міліцыянты вядуць сачэньне, шукаюць і губляюць Івашкевіча, сочаць за Мілінкевічам, якога называюць "Барадой", сочаць таксама за Вячоркам і Юліяй Казулінай, перадаюць асноўны зьмест выступаў лідэраў апазыцыі...

Удзельнікі онлайн-суполкі minsk_by заўважылі ў цэнтры Менску чырвоны камуністычны сьцяг – сьцяг усталяваны на тэлевежы. Карыстальнік phantom4 зьдзіўляецца: ці ня сьніць ён савецкі сьцяг? “Ты не памыліўся – мы жывем у той самай савецкай краіне”, – адказвае 4_eva. – “Год таму ён таксама там тырчэў, што мяне зьдзівіла крыху меней, чым цябе”. “Быў неяк у ваенкамаце й пачуў адну знакавую фразу: “Чаму вы дзівіцеся? Мы вяртаемся да старога добрага Савецкага Саюзу”. Сказана было з радасьцю, любоўю і павагай да гэтага самага “старога добрага”, – падае рэпліку карыстальнік r_d_n.

Mirritil у сваім блогу прапануе абмеркаваць навіну: “Ад 1 верасьня ў беларускіх школах пачнуць вывучаць Закон божы. У межах пагадненьня пра супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі й Беларускай праваслаўнай царквой ужо падрыхтаваны мэтадычны ліст пра ўвядзеньне курсу па выбары “Асновы праваслаўнай культуры”. Sai17 камэнтуе: “Па лёгіцы, у нармальных канфэсіях такая адукацыя даецца празь сетку нядзельных школаў, а не праз агульнаадукацыйныя. Цікава, ці пашлюць іх бацькі – каталікі ды эвангелісты? Дый атэізм, у адрозьненьне ад непісьменнасьці бязбожжа – таксама навука”.

На Tut.by абмяркоўваюць артыкул “Толькі 15% беларусаў вядуць цьвярозы лад жыцьця”. Найбольшую ўвагу тутбаеўцаў прыцягнула не жахлівая статыстыка алькагалізацыі беларускага насельніцтва, а вось такі сказ: “А чальцы БРСМ будуць замацаваныя ў якасьці грамадзкіх выхавацелях за падлеткамі з праблемных сем''яў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспэкцыі ў справах непаўналетніх”. “Гэх, лепей ня трэба, – піша Фекла. – Бо 15% цьвярозых усяго толькі засталося. А з дапамогай БРСМ гэтая лічба яшчэ болей зьменшыцца. Дарэчы, арытмэтыка простая… 85%, як гаворыцца вуснамі беларускіх статыстык, “у межах статыстычнай пагрэшнасьці”… 83%, увогуле людзі, якія вядуць нецьвярозы лад жыцьця. А тыя 15%, хто ня п''е – у апазыцыі”.

На форумах Tut.by параўноўваюць Фідэля Кастра й Аляксандра Лукашэнку. Карыстальнік Люціч лічыць, што двух гэтых палітыкаў зусім несправядліва ставяць на адну паліцу і прапануе знайсьці дзесяць адрозненьняў. “Я знайшоў адно адрозьненьне, – адгукваецца нехта Pessimist. – “Лукашэнка ў адрозьненьне ад Фідэля ПАКУЛЬ зь лесьвіцы ня падае. Прынамсі, на публіцы. Таму няма чаго іх ставіць на адну паліцу – іх трэба ў адну камэру”. “…Фідэль у хакей не гуляе й на лыжах ня бегае”, – заўважае карыстальнік KMaks.

ЖЖ-аўтар niadbaj у сваім інтэрнэт-дзёньніку піша: “Мне не падабаецца тое, што 9 траўня – "Дзень Вялікай Перамогі" – выконвае тыя ж функцыі што выконвала цягам 80 гадоў "Вялікая Кастрычніцкая Рэвалюцыя". Дзяржаве зусім пофіг лёсы людзей, што перажылі-прайшлі вайну, ёй важна стварыць канцэпт, які ўкладаўся б у яе ідэалёгію. Не разумею, чым подзьвіг "савецкага народу" 1941-1945 гадоў "больш падзьвіжны" за подзьвіг, напрыклад, ліквідатараў або яшчэ каго… Не разумею, чаму насуперак усім законам лёгікі штогод вэтэранаў становіцца ўсё болей.”

У сеціва быў выкладзены “Малы палітычны слоўнік” – яго талакой складалі розныя карыстальнікі Байнэту на розных форумах і сайтах. Вось некалькі артыкулаў з гэтага слоўніка:

“Баян – інструмэнт, якім віртуозна валодае прэзыдэнт”. “Вэтэраны – найбольш радыкальная частка электарату, маюць падвышаную жарсьць да пераназваньня вуліцаў”. “Дохлы пацук – хімічная зброя масавага паражэньня, прыдуманая апазыцыяй і запатэнтаваная БТ і ОНТ”. “Міліцыя – тыя, хто з народам, па народзе, над народам і за кошт народу”. “Адкат” – асноўная рухальная сіла эканомікі Беларусі, адзін са слупоў эканамічнага ЦУДУ”. “Адпачываць ня Дняпры – сядзець дома, з сумам згадваючы Турцыю”. “ПАНАРАМА – вечаровая малітва”. “Сьведка – амонавец”. “Тэрміны ўжо ня дзейнічаюць!” – дзяржаўны слоган пасьля рэфэрэндуму”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.

***

"Начная аБЛОГа" -- частка спэцыяльнай праграмы "Начная Свабода". Гл. архіў mp3-аўдыё і выбраных тэкстаў "Начной Свабоды".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG