Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вайна” на “Лініі Сталіна” пачнецца 22 чэрвеня


Радыё Свабода У ветэранаў былога Савецкага Саюзу зьявілася сталая пляцоўка для сустрэчаў. Гэта – так званы гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна” у раёне Заслаўя пад Менскам. Наш карэспандэнт Ігар Карней пераканаўся, што напярэдадні чарговай гадавіны Дня перамогі гэта быў самы запатрабаваны маршрут, куды арганізаванымі калёнамі ішлі ўдзельнікі вайны і супрацоўнікі ідэалягічных падразьдзяленьняў дзяржаўных ведамстваў.

Агароджаную калючым дротам тэрыторыю комплексу “Лінія Сталіна” патрулююць узброеныя стрэльбамі чырвонаармейцы. Летась у часе тэатралізаванага шоў, прымеркаванага адначасна да адкрыцьця “Лініі Сталіна” і да 60-годзьдзя Перамогі гэтыя чырвонаармейцы пад аплядысмэнты ўражанага пастаноўкай Аляксандра Лукашэнкі гналі ў бок Маладэчна такіх жа пераапранутых фашыстоўцаў, не зважаючы ўвагі на гістарычныя нестыкоўкі. Хоць экспэрты канстатавалі, што пасьля аб’яднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі ў 1939 годзе збудаваныя ў сярэдзіне 1930-х гадоў умацаваньні былі закінутыя, чарговае ваенізаванае шоў заплянаванае на 22 чэрвеня да 65-годзьдзя пачатку вайны СССР і Германіі. Такім чынам, беларускія ўлады схільныя і надалей трымацца сваёй адметнай “гістарычнай” вэрсіі.

У адным з чырвонаармейцаў я пазнаў дырэктара комплексу Аляксандра Базарнава. Праўда, тэму вяртаньня да жыцьця савецкага правадыра Іосіфа Сталіна спадар Базарнаў хацеў абыйсьці.

(Базарнаў: ) “Ня будзем паглыбляцца ў нюансы. Бо нават мы з вамі тут вось стаім, і тое адчуваецца, што гэта для ўсіх балючая тэма. Ня толькі для нас – і для беларускага народу, і для расейскага, і для ўкраінскага. Усюды гэтая тэма не адназначная, балючая. Мы таксама ня хочам трывожыць гэтыя раны і ўздымаць гэтую тэму. Адзіная наша задача – паказаць, перадусім, якая была фартыфікацыя, паказаць, што тут былі баі, што ніхто тут нічога не ўзрываў, паказаць элемэнты. А фактычна, калі ад усяго адлучыцца – што ў нас пад Менскам ёсьць з такіх мэмарыялаў? Ёсьць Курган славы і ёсьць Хатынь”.

А вось Аляксандар Лукашэнка, які летась асабіста адкрыў так званы гістарычна-культурны комплекс, да “Лініі Сталіна” ставіцца з пэўным піетэтам. Пры канцы мінулага году, сустракаючыся з расейскімі журналістамі, ён настойліва рэкамэндаваў ім наведаць новы мэмарыял.

(Лукашэнка: ) “Мы адмыслова для вас пакажам тэатралізаванае прадстаўленьне, якое было створанае маладымі будучымі артыстамі нашай краіны. Гэта зусім побач пад Менскам, вы ўбачыце, якую лінію абароны тут стваралі ў свой час напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Канешне, з-за пэўных пытаньняў, у тым ліку і з-за “галавацяпства” тагачаснага кіраўніцтва ў поўнай меры не ўдалося скарыстацца гэтай лініяй, але яна была працягнутая ад Балтыкі да Чорнага мора і адзін з фрагмэнтаў вы можаце ўбачыць”.

Старт паломніцтва на “Лінію Сталіна” быў дадзены 5 траўня, калі тут прынялі прысягу байцы палка спэцыяльнага прызначэньня, якія звышактыўна дэманструюць свае здольнасьці ў часе апазыцыйных акцый. Цягам выходных сюды звозілі піянэраў і сябраў БРСМ. 8 траўня ўдзельнікі адной са шматлікіх канфэрэнцый, прымеркаваных да Дня перамогі, заклалі тут сад пад назвай “Спадкаемцы Перамогі”. Пасьля шэсьця вэтэранаў 9 траўня калёны аўтобусаў са старымі і маладымі гэтаксама выправяцца на “Лінію Сталіна”.

Трэба сказаць, што сам комплекс знаходзіцца літаральна ў чыстым полі, ля старой трасы “Мінск-Вільнюс”. Бліжэйшая вёска Шчарбіны – за кілямэтры чатыры ад яго. Мясцовая пэнсыянэрка спадарыня Людміла такога меркаваньня пра новы турыстычна аб’ект, які нечакана апынуўся пад бокам вяскоўцаў.

(Cпн. Людміла: ) “Адбудавалі нейкую невядомую для нас – ні па гісторыі, ні са словаў нашых настаўнікаў, як я яшчэ некалі вучылася, дый тая ж партыя ніколі не ўзгадвала пра тую “Лінію Сталіна”. І раптам яна для нас стала сымбалем. Чаму гэтая “лінія” не абараніла наш народ ад такіх вялікіх пакутаў і такіх вялізных стратаў у часе вайны? Яна непатрэбная, гэтая “Лінія Сталіна”, ні тады была, ні зараз. Яна нічога не ўвасабляе, яна нічога і нікога не зьберагла. Для каго і для чаго, у імя чаго яна збудаваная? Для нас гэта вялікая таямніца. У прыватнасьці, дзеля чаго ўзьнік гэты “нерукатворны” помнік?”

Яшчэ адзін мясцовы жыхар – Зьміцер. Ён студэнт, вучыцца ў Менску. І шчыра зьдзіўлены такой прывязанасьцю ўладаў да Сталіна.

(Зьміцер: ) “Уся палітыка цяпер у Беларусі грунтуецца на ідэалёгіі і прапагандзе. І я са зьдзіўленьнем назіраю, як да нас зноў вяртаюцца сымбалі савецкіх часоў. Адбудаваная “Лінія Сталіна”, хоць на маю думку гэта зусім не зьяўляецца гістарычным помнікам, што яго трэба было рэканструяваць у такой ступені. Ня так даўно Сталін зьявіўся на будынку сувораўскай вучэльні. Сталін хутка будзе паўсюдна”.

Комплекс “Лінія Сталіна”, адноўлены ў 2005 годзе – адзіны такога кшталту на тэрыторыі былога СССР. Рэканструяваныя агнявыя “кропкі” колісь уваходзілі ў склад Менскага ўмацавальнага раёну, узьведзенага ў 1930-я гады дзеля абароны заходніх межаў СССР. Рэканструкцыяй комплексу на дзяржаўныя сродкі займаўся фонд “Памяць Афгана”. 22 чэрвеня, да 65-годзьдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на “Лініі Сталіна” плянуецца наладзіць “ваенна-гістарычную інсцэніроўку”, якая так уразіла Аляксандра Лукашэнку ў чэрвені мінулага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG