Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы і твары Плошчы: Сяргей Гарэлік


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў пацярпелі за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. Сяргей Гарэлік прадэманстраваў сваю нязгоду з уладамі ня толькі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, але і ў Жодзінскай турме.

45-гадовы Сяргей Гарэлік –– са Смалявічаў. Ён сьвядомы апанэнт цяперашніх уладаў Беларусі. За плячыма – ладны кавалак жыцьця, аднак Сяргей ім не зусім задаволены. У прыватнасьці, быў прадпрымальнікам, аднак, як ён лічыць, палітыка Аляксандра Лукашэнкі – неспрыяльная для занятку бізнэсам. Гэта й прывяло яго на Кастрычніцкую плошчу.

(Гарэлік: ) “Я лічыў і лічу, што такі стыль кіраўніцтва непрымальны для пачатку ХХІ стагодзьдзя. Таму мне ўяўляўся неабходным мой удзел. Я падумаў, што днём там і гэтак дастаткова людзей, а вось уначы – малавата. Гэта была мая там другая ноч. Яна прывяла мяне спачатку на Акрэсьціна, потым у Жодзіна”.

Сьветапогляд Сяргея Гарэліка падзяляюць члены яго сям’і: жонка Ала й дочкі – Кацярына з Антанінай. Таму спадарыня Ала дагэтуль ганарыцца ўчынкам мужа:

(Ала: ) “Я вельмі ганаруся гэтым і падтрымліваю. Калі выходзілі зьняволеныя, мы стаялі з балёнчыкамі– чырвонымі й белымі. Тыя два шарыкі дагэтуль ляжаць у нас дома і ня зьдзьмуліся. Мы з шарыкамі сустракалі і апладзіравалі ўсім. Я цалкам на 100 працэнтаў на баку мужа і ганаруся яго ўчынкам”.

У Жодзінскай турме Сяргей Гарэлік трымаў галадоўку пратэсту.

(Гарэлік Ала: ) “Вельмі моцна хваляваліся. Я пахадзіла па лекарах, распрацавала схему як карміць – выводзіць з галадоўкі. Усё было падрыхтавана да першага дня. Сустрэча была вельмі радаснай, але ён выйшаў вельмі слабым”.

Сяргей Гарэлік, як вынікае зь яго тлумачэньня, сёньня не шкадуе ні пра тое, што галадаваў, ні пра тое, што браў удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы. У турме ён займеў аднадумцаў, зь якімі працягвае кантактаваць й абмяркоўваць пасьлявыбарчыя падзеі й сучасныя палітычныя працэсы ў Беларусі.

(Гарэлік: ) “Літаральна сёньня я глядзеў сайт Мілінкевіча, сайт Радыё Свабода. Мой погляд на сёньняшні дзень наступны. Любая справа – гэта маё перакананьне – павінна мець правадыра. Павінен быць лідэр. Стыхійнасьць нічога гэтага ня дасьць – павінна быць нейкая арганізацыя. Чаго і жадаю я Мілінкевічу. Мне думаецца, што гэта пэрспэктыўна”.
XS
SM
MD
LG