Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошні год кожны чацьверты расеец і ўкраінец зьмяніў працу


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня, 8 траўня, у значнай часткі беларусаў выходны дзень. Працуюць толькі тыя, хто вымушаны працаваць з прычыны спэцыфікі сваёй прафэсіі. Аднак аказваецца, што за апошнія гады ў шэрагу краінаў сьвету вельмі зьмянілася само стаўленьне да працы. Усё болей людзей лічаць, што ня варта быць ляяльным у дачыненьні да працадаўцы, а посьпех у прафэсійнай кар''еры больш залежыць не ад працавітасьці й акуратнасьці, але ад уменьня спраўна лявіраваць у карпаратыўных джунглях.

Да такіх высноваў прыйшлі аналітыкі з дасьледчага Інстытуту Сыновэйт. Яны спрабавалі высьветліць стаўленьне да працы і вызначыць чыньнікі, якія схіляюць людзей да зьмены занятку. Дзеля гэтага сацыёлягі правялі апытаньне сярод 2 500 працаўнікоў у дзевяці краінах: Вугоршчыне, Баўгарыі, Ганконгу, Сынгапуры, Расеі, Румыніі, Францыі, Укране і Чэхіі.

Каля 40 % апытаных лічаць, што ў наш час ня варта быць надта ляяльным у дачыненьні да працадаўца, як у мінулым. Гэтак лічаць ажно 56 % французаў, толькі 29 % украінцаў і каля 40 % працаўнікоў у сямі астатніх краінах, дзе праводзілася апытаньне.

Вялікія зьмены ў стаўленьні да працы адбыліся ў постсавецкіх краінах: Расеі і Ўкраіне. За апошні год кожны чацьверты расеец і ўкраінец зьмяніў працу. Гэта ў два разы болей, чым у астатніх краінах, дзе праводзілася дасьледаваньне. Аналітыкі тлумачаць гэты факт імклівым эканамічным ростам у гэтых краінах і высокім попытам на кваліфікаваных спэцыялістаў.

Для паловы ўсіх апытаных асноўная прычына зьмены працы – заробкі. Гэтым матывам кіравалася траціна ўсіх апытаных у згаданых 9 краінах, якія цягам апошняга году зьмянілі працу. Аднак для другой паловы апытаных – праца ў спрыяльнай атмасфэры, занятак паводле зацікаўленьня, праца якая дае ўнутранае задавальненьне – важнейшая за грошы. Так лічаць 66 % працаўнікоў у Сынгапуры. З другога боку варта адзначыць, што паводле апытаньня, вышэйшыя заробкі не схіляюць да больш акуратнай працы і большай ляяльнасьці ў дачыненьні да працадаўцы.

Апытаньне паказала, што абмежаваная ратацыя працоўных кадраў– пажаданая, але частае абнаўленьне працоўных калектываў можа падарваць фінансы прадпрыемства. Кошт замены працаўніка можа ў пяць разоў перавысіць гадавы заробак чалавека на гэтым месцы. Вось таму найбуйнейшыя кампаніі намагаюцца затрымаць у сябе найболей дасьведчаных спэцыялістаў, але паступова прыцягаюць маладых, таленавітых людзей.

Траціна апытаных усё ж лічаць, што працавітасьць і эфэктыўнасьць працы не гарантуюць кар''ернага росту. Ажно 53 % расейцаў лічаць, што куды важнейшае на працы ўменьне рабіць добры выгляд і спрытна прабівацца наверх. З такім цынізмам найболей нязгодныя французы і сынгапурцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG