Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Легенда "Pink Floyd" Роджэр Уотэрс хацеў бы паказаць сваю опэру ў Менску


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Легендарны рок-музыкант, стваральнік і былы лідэр гурту “Pink Floyd” Роджэр Уотэрс сказаў Радыё Свабода, што гатовы паказаць у Менску сваю найноўшую опэру “Са Іра” (Ça Ira), сусьветная прэм’ера якой пад адкрытым небам адбудзецца неўзабаве ў Познані ў гонар палякаў, якія загінулі ў барацьбе супраць камуністычнага рэжыму. На прэм’еру, магчыма, будуць запрошаныя лідэры беларускай апазыцыі.

Чэрвень 1956 году – гэта час вялікага антыкамуністычнага паўстаньня ў Познані, якое ўлады ПНР крывава здушылі і якое сталася сымбалем барацьбы супраць камуністычнага рэжыму.

На 50-годзьдзе тых падзеяў Роджэр Уотэрс пагадзіўся прадставіць сваю найноўшую опэру “Ça Ira”, прысьвечаную францускай рэвалюцыі, упершыню пад адкрытым небам для жыхароў Познані. Легендарны лідэр гурту “Pink Floyd” сказаў у часе сустрэчы з журналістамі ў Варшаве, што гэта для яго гонар – у такі спосаб ушанаваць памяць герояў, якія загінулі ў барацьбе супраць камуністычнага рэжыму.

(Уотэрс: ) “Вы мяне запрашаеце ў гадавіну сапраўднага пачатку вашай барацьбы за свабоду. Гэта вельмі ўзрушае мяне, і я вельмі рады, што знаходжуся тут”.

Роджэр Уотэрс заўсёды вельмі цікавіўся антываеннай тэматыкай, тэматыкай, зьвязанай са свабодай – як грамадзянскай свабодай чалавека, так і ўнутранай. Менавіта ён зайграў знакаміты альбом “Сьцяна” ў Бэрліне ў 1991 годзе.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці пагадзіўся б ён зайграць у Менску ў час, калі падзе апошні недэмакратычны рэжыму у Эўропе, Роджэр Уотэрс сказаў:

(Уотэрс: ) “Ці я буду гатовы зайграць у Менску? Так, я з радасьцю б гэта зрабіў”.

Пастаноўка опэры Роджэра Ўотэрса ў Познані будзе грандыёзным відовішчам – яго рыхтуюць найлепшыя пастаноўшчыкі Польшчы. Ня выключана, што гэта будзе культурніцкая падзея, параўнальная па маштабах з бэрлінскім канцэртам 1991 году.

Між тым, мэр Познані Рышард Грабэльны заявіў Радыё Свабода, што на прэм’еру опэры, акрамя шэрагу прэзыдэнтаў усходнеэўрапейскіх краінаў, арганізатары маюць намер запрасіць лідэраў беларускай апазыцыі.

(Грабэльны: ) “Разарваць ланцугі камунізму ў Эўропе гэта не справа аднаго дня. У Польшчы была рэвалюцыя ў Познані ў 1956-м, потым Праская вясна 1968 году ў Чэхаславаччыне, потым “Салідарнасьць”, падзеньне камунізму, цяпер вось Украіна. Калі пабудаваць такі ланцужок, дык можа і Беларусь у хуткім часе зьявіцца ў гэтым сьпісе важных датаў”.
XS
SM
MD
LG