Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэн Айчыннай вайны каштуе ў Менску ад 20 да 40 даляраў


Ганна Соўсь, Менск Які лёс ваенных рэліквій, ордэнаў і мэдалёў, атрыманых у часе Другой усясьветнай вайны за баявыя заcлугі? Па сьмерці вэтэранаў многія ўзнагароды становяцца аб''ектамі гандлю і пасьля трапляюць у прыватныя калекцыі. Што ўяўляе сабой беларускі рынак ваенных узнагародаў?

Напярэдадні Дня перамогі я наведала Палац чыгуначнікаў, дзе штонядзелю сустракаюцца сябры Менскага клюбу калекцыянэраў, у тым ліку і калекцыянэры вайсковых узнагародаў. На іхных століках поўна мэдалёў і ордэнаў.

Напрыклад, срэбны ордэн Айчыннай вайны 2 ступені каштуе ад 20 да 40 даляраў, гэткія ж юбілейныя ордэны, вырабленыя ў 1985 годзе, каштуюць ужо 4-5 даляраў. Ордэн “За баявыя заслугі” – 10-12 даляраў, мэдаль “За адвагу” –10-15 даляраў. А вось ўзнагарода “За перамогу над Германіяй” з выявай Сталіна каштуе ўсяго 1 даляр. Паводле калекцыянэраў, нізкі кошт тлумачыцца тым, што ў свой час іх выпусьцілі больш за мільён.

Адметна, што ўсе калекцыянэры ўзнагародаў, зь якімі я гутарыла, адмовіліся гаварыць пры ўключаным дыктафоне нават на ўмовах ананімнасьці.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, гандляваць ці абменьваць ваенныя ўзнагароды могуць толькі сябры клюбу калекцыянэраў. Караецца выраб ці продаж падробленых ордэнаў і мэдалёў, у адрозьненьне ад Расеі, дзе за гандаль узнагародамі прадугледжаная крымінальная адказнасьць.

Як сьведчаць беларускія калекцыянэры, гэтае абмежаваньне прывяло там да ўзьнікненьня вялікага чорнага рынку ўзнагародаў. Дарэчы, кошты на ўзнагароды фармуюцца менавіта ў Расеі, як і ў гэтай краіне выпускаюцца каталёгі ўзнагародаў. Ксэракопію аднаго такога каталёгу я набыла ў Палацы чыгуначнікаў за 3 тысячы рублёў.

Сярод ваенных узнагародаў ёсьць вельмі дарагія, якія каштуюць дзясяткі і сотні тысячаў даляраў, як напрыклад Ордэн Нахімава 1 ступені, рэальны кошт якога – чвэрць мільёну даляраў. Вялікім попытам карыстаецца мэдаль “За перамогу над Японіяй”, бо яе ўладальнікам кітайская дзяржава прадстаўляе тры месяцы адпачынку ў Кітаі.

Што да маральнага боку пытаньня, то менскія калекцыянэры ўзнагародаў лічаць свой занятак пачэснай справай, паколькі яны захоўваюць каштоўныя ордэны і мэдалі. Ганебным яны лічаць, калі дзеці ці ўнукі вэтэранаў прадаюць іхныя баявыя ўзнагароды. Вось як ставіцца да гэтага спадар Міхал, які калекцыянуе манэты.

(Міхал: ) “Вэтэран ніколі сваю ўзнагароду не прадасьць. Звычайна гэта ўнукі ці дзеці. Існуе вялікая катэгорыя людзей, якія на гэтым проста зарабляюць грошы. Усе яны працуюць пад некалькіх калекцыянэраў (іх у Менску даволі шмат, і тыя за гэта гатовыя плаціць нашмат болей”.

Пісьменьнік Аляксандар Дракахруст мае два ордэны Айчыннай вайны 2 ступені, два ордэны Чырвонай Зоркі і мэдаль “За адвагу”, якая яму асабліва дарагая. Гэтыя ўзнагароды пісьменьнік захоўвае дома, як памяць пра вайну.

(Дракахруст: ) “Ордэн ёсьць ордэн. Яго неабавязкова нават насіць. Хай ён ляжыць у сям’і як фамільная рэліквія. А гандляваць… Я думаю, што гэта непавага і да забітых, да загінулых, да памерлых і да жывых”.
XS
SM
MD
LG