Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": чаму пераможцы жывуць горш за пераможаных?


Радыё Свабода, Горадня Чаму, на вашую думку, пераможаныя ў Другой сусьветнай вайне жывуць лепей за пераможцаў, за нас? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

(Спадар: ) “Мой бацька быў вэтэранам вайны, партызанам, за сваю радзіму, за сваю зямлю ваяваў. Потым ён памёр, а як быў босы і голы, так і застаўся. Мая думка такая: у тым, як мы жылі, віноўны таталітарны рэжым”.

(Маладая спадарыня: ) “Вы ведаеце, я лічу гэтае пытаньне неразумным. Чаму? Таму што я вырасла ў сваёй роднай каханай краіне, таму што мой дзядуля быў удзельнікам Вялікай айчыннай вайны. Я сапраўды вельмі люблю сваю радзіму, і ніколькі не зайздрошчу людзям у Нямеччыне”.

(Спадар: ) “А я ня ўпэўнены, што яны жывуць лепей. Гэта значыцца, эканамічна можа яны і лепш жывуць, але як яны сябе пры гэтым адчуваюць? Хутчэй нават яны адчуваюць сябе горш, бо яны прызвычаіліся нудзіцца, ім увесь час чагосьці не хапае”.

(Жонка: ) “Яны жывуць з пастаянным пачуцьцём віны за сваіх продкаў”.

(Спадар: ) “Так, згодны, і таго, чаго яны дасягнулі, ім чамусьці не хапае. А тут людзі радуюцца нават таму, што ў іх ёсьць і атрымліваюць ад гэтага больш задвальненьня”.

(Маладзён: ) “Цяжка сказаць чаму яны так добра жывуць. А вось чаму мы жывем так кепска? Ну, таму, што нехта ўжо занадта доўга знаходзіцца ва ўладзе, дванаццаць гадоў — гэта занадта вялікі тэрмін”.

(Дзяўчына: ) “А чаму вы думаеце, што мы так кепска жывем?”

(Сябра: ) “Можа мы й ня так добра жывем як немцы. Зарабляем мы, канечне, меней, але гэта ня сьведчыць, што Нямеччына намнога лепш жыве за нас. Там хапае розных схаваных дэфэктаў, хто там быў, той гэта ведае”.

(Спадар: ) “Гэта, канечне, вельмі цяжкае пытаньне. Скажу толькі, што мне надта крыўдна, што гэтак атрымалася. Напэўна, мы ішлі не туды, вось чаму”.

(Сталы спадар: ) “У нас быў камуністычны лад, і яны ўсё хапалі сабе”.

(Спадар: ) “Я вам скажу чаму яны жывуць лепей: таму што сьвядомасьць нацыі карэнным чынам адрозьніваецца ад сьвядомасьці таго чалавека, якога зьляпілі пасьля 1917 году ў нас у краіне. Вось таму яны і жывуць лепей. Сьвядомасьць людзей перш за ўсё, разумееце. А яшчэ, яшчэ чаму — а таму што з 1994 году падзеі ў нас пачалі разьвівацца ў іншым накірунку, вось чаму мы й жывем дрэнна”.
XS
SM
MD
LG