Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ведаюць пра Зыгмунда Фройда ў Беларусі?


Любоў Лунёва, Менск Беларускія псыхіятры абапіраюцца ў сваёй практыцы на былую савецкую школу, якая не прызнавала вучэньня Зыгмунда Фройда. Ня ўсе зь іх знаёмыя з працамі заснавальніка псыхааналізу, але лічаць яго выбітным навукоўцам. У 150-годзьдзе вучонага Любоў Лунёва размаўляла з псыхіятрамі і мінакамі на сталічных вуліцах.

Большасьць людзей, якіх я апытала на вуліцы, ведаюць імя навукоўца Зыгмунда Фройда. Усе казалі, што працаў псыхіятра не чыталі. На пытаньне: “Якія асацыяцыі зьвязаныя зь імем Зыгмунда Фройда?”, адказвалі наступнае:

(Мінак: ) “Я ведаю, што гэта псыхоляг, і ўсё.”

(Мужчына: ) “Мне падабаецца такі выраз: “Сяброўства паміж жанчынай і мужчынай не бывае. Ва ўсім ёсьць сэксуальная падаплёка”.

(Хлопец: ) “Гэта філёзаф, які пісаў пра сублімацыі… Ну, пра пераход адной энэргіі ў іншую. Сфармуляваць канкрэтна я не магу, але гэта чалавек, які спрабаваў зьвязаць сэксуальныя патрэбы чалавека і яго псыхалягічныя ўспрыняцьці”.

(Жанчына: ) “Гэта пра адносіны маці да сына, бацькі да дачкі. У яго была своеасаблівая трактоўка… Псыхалягічныя адносіны на сэксуальнай глебе. Я не чытала. Ня хочу”.

(Мужчына сталага ўзросту: ) “Гэта выбітны псыхіятар. Шмат у яго пасьлядоўнікаў. Але я асабіста стаўлюся да яго адмоўна. Усё зводзіцца да сэксуальнай функцыі чалавека. Непасрэдна працы яго не чытаў, але старонак 100 цытатаў, было”.

(Мужчына: ) “Гэта псыхоляг выбітны. Асацыюецца зь нейкімі псыхалягічнымі, фізіялягічнымі эцюдамі, прыкметамі…”

З курсаў лекцый па філязофіі, якія канспэктавалі савецкія студэнты, вынікала, што вучэньне Зыгмунда Фройда абапіралася выключна на сэксуальную тэорыю. У падручніках амаль ня згадвалася імя заснавальніка псыхааналізу і тое, што яго прынцыпы навуковец распаўсюдзіў на розныя галіны чалавечай культуры – міталёгію, фальклёр, мастацкую творчасьць.

Выкарыстоўваючы паняцьце лібіда як энэргіі сэксуальнага інстынкту, Зыгмунд Фройд тлумачыў дынаміку такіх сацыяльных інстытутаў, як армія і царква. Напачатку ХХ стагодзьдзя вучэньне Фройда карысталася попытам у маладых навукоўцаў, але прыхільнікі агульнапрынятай буржуазнай маралі назвалі фройдызм вучэньнем небясьпечным і амаральным. Савецкім студэнтам не было вядома, што ў 1921 годзе Лёнданскі ўнівэрсытэт абвясьціў цыкл лекцый пра пяцёх выбітных навукоўцаў: фізыка Энштэйна, кабаліста Бэн-Майманіда, філёзафа Спінозу, містыка Філо. Зыгмунд Фройд быў пятым у гэтым сьпісе.

Доктар-псыхіятар Станіслаў Саковіч зь Беларускага рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталя распавёў, што пасьля таго, як стала магчыма азнаёміцца з працамі заснавальніка псыхааналізу на расейскай мове, псыхіятры могуць выкарыстоўваць вучэньне ў сваёй прыктыцы.

(Саковіч: ) “Кваліфікаваныя псыхіятры ведаюць тэорыю Фройда і ўлічваюць яе ў сваёй практыцы з пацыентамі, але не ў прамым, чыстым выглядзе, таму што мы гадаваліся на іншых тэорыях. У савецкай псыхіятрыі гэта было пад забаронай. Можна сказаць, што ў Фройда ўсё ёсьць. Я толькі ведаю, што ў вывучэньні мэдычнай псыхалёгіі ў мэдычных унівэрсытэтах тэорыя Фройда вывучаецца, можа, ня так дасканала, але хоць зараз ня ставяцца да яе адмоўна. Раней з савецкіх ідэалягічных пазыцый яна высьмейвалася і ніяк не ўспрымалася”.
XS
SM
MD
LG