Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траіх удзельнікаў першамайскай акцыі ў Гомелі пасадзілі за краты


Міхал Стэльмак, Менск У Гомелі сёньня адбыліся суды над трыма актывістамі дэмакратычнага руху – Аксанай Сергіенка, Андрэем Доўжыкам і Юрыем Тропачавым, якія былі затрыманыя за ўдзел у акцыі 1-га траўня. Усе яны былі пакараныя арыштам ад 7 да 15 сутак.

Разглядаліся справы актывістаў у Цэнтральным судзе Гомеля. Як прагучала на судовых паседжаньнях, ініцыявала гэты разгляд гомельская міліцыя. Яе супрацоўнікі 1 траўня затрымалі ў цэнтры горада трох удзельнікаў апазыцыйнай акцыі, якія выйшлі пратэставаць супраць дзеючай у краіне кантрактнай сыстэмы. Пры гэтым, паводле актывістаў, яны не парушалі грамадзкага парадку і таму іх затрыманьне было беспадстаўным. Гаворыць 23-гадовы Юры Тропачаў:

(Тропачаў: ) “З майго пункту гледжаньня, мяне затрымалі нізавошта. Стаяў мірна на тратуары і назіраў за ўсімі гэтымі дзеяньнямі, якія здымалі на відэакамэру. А напісалі ў пратаколе, што я нібыта нецэнзурна лаяўся, перашкаджаў руху службовага транспарту і не падпарадкоўваўся пры затрыманьні. Я стаяў мірна, моўчкі, але нас затрымалі і прыдумалі гэтыя абвінавачаньні”.

Суд пакараў спадара Тропачава 7 суткамі арышту.

Надуманымі лічыць абвінавачаньні і 28-гадовы Андрэй Доўжык:

(Доўжык: ) “Мы селі па адных і тых жа абвінавачаньнях – нецэнзурна лаяліся, прыцягвалі ўвагу мінакоў, супрацьдзейнічалі затрыманьню супрацоўнікамі міліцыі, службовую машыну затрымлівалі і г.д. Тое, што я супрацьдзейнічаў супрацоўнікам міліцыі, гэта – няпраўда. Таму што хапаў мяне рыжы амбал у цывільным адзеньні і запіхваў у грамадзянскі аўтамабіль. Таксама ва ўсіх паказаньнях я быў нецьвярозым…”

Гэтыя, аднак, аргумэнты не былі пачутыя – суд пакараў спадара Доўжыка таксама 7 суткамі арышту.

Мелі гомельскія міліцыянты прэтэнзіі і да 20-гадовай актывісткі дэмакратычнага руху Аксаны Сергіенкі:

(Сергіенка: ) “Затрымалі і павезьлі мяне ў Цэнтральны РУУС. А пасьля напісалі, што я брыдкасловіла, не падпарадкоўвался міліцыі і г.д. Яшчэ яны прыпісалі, што на ўлётках не было дадзеных. Улётка была пра тое, што кантрактная сыстэма – гэта ня лепшае, што прыдумана ў гэтай краіне”.

Аксану Сергіенку пакаралі 15 суткамі арышту. Яна паведаміла, што ў зьняволеньні абвесьціць галадоўку.

Гомельскі праваабаронца Віктар Адзіночанка, які прысутнічаў на сёньняшніх судовых паседжаньнях, так пракамэнтаваў Радыё Свабода іх вынікі:

(Адзіночанка: ) “Сам факт, што ідуць такія працэсы,– гэта характарыстыка агульнай сытуацыі ў краіне. Людзі раздавалі ўлёткі на 1 траўня… То бок, любыя спробы асьвятленьня гэтай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, жорстка спыняюцца. Што тычыцца суду, то бачна: тут адпрацаваны сцэнар. Яны спрабуюць спыніць любыя спробы супраціву, памятаючы пра падзеі, што мелі месца пасьля выбараў”.
XS
SM
MD
LG