Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар і старшыня фэдэрацыі хакея Ул. Навумаў ня змог паехаць на чэмпіянат


Уладзімер Глод, Менск Старшыня фэдэрацыі хакея Беларусі міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў не суправаджае зборную Беларусі на чэмпіянаце сьвету ў Рызе. Уладзімер Навумаў уваходзіць у сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Чэмпіянат сьвету па хакеі, які пачаўся ўчора ў Латвіі, некаторыя журналісты жартам ужо называюць летнім. Такога эпітэту ён заслугоўвае паводле надвор''я, настрою і "вальяжных" адносінаў да яго з боку абсалютнай бальшыні хакейных зорак.

Зоркі ўсясьветнага хакею цяпер занятыя ў розыгрышы славутага трафэю – Кубка Стэнлі, які праводзіцца на лёдавых пляцоўках Канады ды ЗША. А што тычыцца нацыянальнага гонару, дык лепшыя зь лепшых сёлета ўжо змагаліся пад сваімі роднымі сьцягамі на Алімпійскіх гульнях.

Заўважана, калі ў адзін і той жа год праводзяцца Алімпійскія гульні і чэмпіянаты сьвету, як гэта адбываецца сёлета, дык на чэмпіянатах сярод лепшых звычайна бываюць тыя, хто не дамогся вяршыняў на Алімпіядзе. Спэцыялісты тлумачаць гэта тым, што, па-першае, чэмпіёны Алімпіяды ўжо як бы супакоеныя сваім посьпехам, а, па-другое, тыя, каму не пашанцавала на Алімпійскіх гульнях, гараць жаданьнем узяць рэванш на чэмпіянаце. Што ж тады казаць пра нацыянальную каманду Беларусі, якая, як вядома, наагул не патрапіла на Алімпіяду. Спартоўцы Беларусі, мабыць, як ніхто іншыя, хочуць даказаць у Рызе, што яны выпадкова аступіліся і цяпер гатовыя згуляць вельмі добра.

Такі ж настрой і ў заўзятараў, які ня проста спадзяюцца, але і патрабуюць ад нацыянальнай каманды высокага месца на фінішы турніру. Прыкладам, менчук Вадзім Германовіч гаворыць, што яго б задаволіла месца адразу за мэдалістамі:

(Германовіч: ) "Хацелася б чацьвёртае месца".

А вось хакеісты хацелі б яшчэ большага. Мой званок у Рыгу застаў нападаючага Дзьмітрыя Дудзіка ў аўтобусе, калі каманда ўжо ехала з гатэлю у лядовы палац. Я перадаў яму пажаданьне заўзятара:

(Дудзік: ) "Чацьвёртае мы ўжо мелі аднойчы на Алімпійскіх гульнях. А на чэмпіянаце сьвету хочацца ўжо і большага. Я выбачаюся, мы ўжо на гульню едзем, таму я не магу шмат размаўляць".

Я пасьпеў яшчэ спытаць спартоўца пра настрой каманды перад першай гульнёй з славакамі.

(Дудзік: ) "Які настрой? Баявы, зразумела. Разьлічваем згуляць лепш, чым калі-небудзь раней Беларусь выступала на чэмпіянатах сьвету".

Думаецца, што для гэтага сёлета ёсьць сапраўды добры шанец. Каманда Славакіі, зь якой сёньня гуляюць беларусы, лічыцца больш моцнай. Аднак гэтым разам усе заакіянскія зоркі Славакіі адмовіліся ехаць у Латвію. Шмат лепшых гульцоў адсутнічаюць і ў іншых супэрнікаў: Швэцыі, Канады, ЗША, нават Расеі. Так што ў каманды Беларусі, якой кіруе канадзкі трэнэр Глен Хэнлан, можа надалей і ня быць лепшага часу.

Хакеісты Беларусі адляцелі ў Рыгу 4 траўня. Беларускае тэлебачаньне паказала пра гэта спэцыяльны сюжэт. На экране было добра бачна, што спартоўцаў да трапу самалёта праводзіў старшыня фэдэрацыі хакея Беларусі – міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, але ў самалёт ён не пайшоў.

Уладзімер Навумаў уваходзіць у сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. На афіцыйным сайце Міністэрства спорту і турызму Беларусі значыцца, што афіцыйным кіраўніком хакейнай дэлегацыі зьяўляецца Сьвятаслаў Кісялёў.

У красавіку візавыя санкцыі Эўразьвязу, ЗША і Канады былі ўжытыя супраць старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага і памочніка прэзыдэнта Алега Праляскоўскага.
XS
SM
MD
LG