Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здымуць чыноўнікі партрэты Лукашэнкі?


Алесь Дашчынскі, Менск Напрыканцы сакавіка падчас нарады ў пытаньнях удасканаленьня структуры кіраваньня Аляксандар Лукашэнка загадаў “прыбраць усе партрэты прэзыдэнта”. Прайшоў месяц. Як жа выконваецца гэтае распараджэньне кіраўніка Беларусі?

Сьцяна з партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі сустракае пакупнікоў у менскіх кнігарнях – “Веды”, “Акадэмкніга” ды іншых. Прадавачкі кажуць, што партрэты як і раней купляюць дзяржаўныя арганізацыі і ўстановы. У кнігарні “Цэнтральная” партрэты кіраўніка краіны ў рамках ня толькі ў гандлёвай залі, але і ў кабінэтах. У кабінэце дырэктаркі крамы Вольгі Глухоўскай партрэт самых вялікіх памераў. Навошта ж столькі партрэтаў у адной толькі ўстанове?

(Глухоўская: ) “Я працую ў кабінэце, а не ў залі. Партрэт павесіў папярэдні дырэктар, які працаваў на гэтым месцы. З-за павагі да дырэктара я вырашыла, што нешта мяняць у кабінэце наўрад ці варта”.

Адносна загаду спадара Лукашэнкі – “прыбраць усе партрэты прэзыдэнта”, спадарыня Глухоўская сказала:

(Глухоўская: ) “Гэта распараджэньне было вуснае. І калі яно будзе пісьмовае, то, канешне, мы гэтае распараджэньне ўлічым. А ў міністэрстве інфармацыі партрэты прэзыдэнта не здымалі. Урэшце, так мне паведаміў мой кіраўнік прадпрыемства “Белкніга”, якому мы падпарадкоўваемся. Калі раптам адміністрацыя прэзыдэнта зробіць такое распараджэньне пісьмова, канешне, мы прыслухаемся да такой парады”.

Дырэктар “Белкнігі” Валеры Пялецкі таксама патлумачыў, што не было загаду зьняць партрэты з продажу.

Чакаюць таксама распараджэньняў чыноўнікі ў міністэрскіх кабінэтах. Намесьнік міністра спорту і турызму Валеры Хатылёў партрэт спадара Лукашэнкі не зьняў.

(Хатылёў: ) “Я чыноўнік законапаслухмяны. Як скажуць, так і зраблю. Мне загад ніхто не даваў. Ён як вісеў да майго прыходу ў гэты кабінэт, так і сёньня. Я яго проста не чапаў”.

Кіраўнік спраў міністэрства сувязі спадар Лешчанка:

(Лешчанка: ) “У кабінэце міністра пакуль ён застаўся. Партрэт у кабінэце міністра павінен вісець”.

Вісяць партрэты і ў кабінэтах Менгарвыканкаму. Паводле кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня Генадзя Курбекі, ніякіх пісьмовых распараджэньняў з прэзыдэнцкай адміністрацыі так і не паступіла.

(Курбека:) “З партрэтамі кіраўніка краіны ніхто тут ня бегае. Я ня бачыў, каб іх масава здымалі. І папер няма ніякіх. Чакаем”.

Паводле кіраўніка прэзыдэнцкай прэсавай службы Паўла Лёгкага, ніякіх афіцыйных папер у адміністрацыі не прымалася. Але ці кантралявалася выкананьне распараджэньня кіраўніка краіны?

(Лёгкі: ) “Кантралявалася ці не, ня ведаю. У мяне асабіста ў кабінэце ніхто не кантраляваў. У мяне ёсьць маленькі партрэт, які стаіць на стале”.
XS
SM
MD
LG