Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія лекі чакаюць дазволу на адпраўку ў шпіталі


Ігар Карней, Менск Тыдзень таму на лётнішчы “Менск-2” прызямліўся самалёт з мэдыкамэнтамі для пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы жыхароў Беларусі. Груз коштам пяць мільёнаў даляраў сабралі амэрыканскія дабрачынныя арганізацыі, а дастаўку лекаў фінансаваў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША. Аднак наш карэспандэнт Ігар Карней, які 28 красавіка сустракаў самалёт, даведаўся, што патрэбныя лекі так і не трапілі ў шпіталі: Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці пры прэзыдэнце Беларусі яшчэ не пераканаўся, што груз сапраўды гуманітарны.

Збор лекаў для беларускіх шпіталёў ініцыявалі амэрыканскія няўрадавыя арганізацыі “City Hope International” і “Heart to Heart International”. Беларускі партнэр дабрачынных структураў – грамадзкая арганізацыя “Надзея Экспрэс”, у менскім офісе якой сказалі, што пакуль цяжка нават прагназаваць, калі лекі трапяць у шпіталі.

(Супрацоўнік офісу: ) “Груз яшчэ нават не растаможаны. Зараз патрабуецца адмысловы дазвол ад Дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, які павінен прызнаць груз гуманітарным. Таму можна было чакаць, што гэта здарыцца на наступным тыдні, але тут яшчэ сьвяты, таму будзе добра, калі ён растаможыцца дзесьці да 20 траўня. Фактычна праз месяц пасьля прыбыцьця. Мы падалі дакумэнты ў гуманітарны дэпартамэнт, груз палічылі, але ўжо не ад нас залежыць, як хутка прэзыдэнт прызнае тое, што груз гуманітарны. Іншымі словамі, у нас пакуль прэзыдэнт не прызнае яго гуманітарным, ён гуманітарным зьяўляцца і ня будзе. Вось такая бюракратычная валакіта”.

Як кажа мой суразмоўца, адзіным суцяшэньнем у гэтай сытуацыі можа быць тое, што ўсе лекі маюць досыць працяглы тэрмін захоўваньня, і рызыкі, што каштоўны груз сапсуецца, няма.

Асартымэнт лекаў, якія ўжо больш за тыдзень знаходзяцца ў тэрмінале, складаюць каштоўныя анкалягічныя і кардыялягічныя мэдыкамэнты, антыбіётыкі. Усе прэпараты меліся быць перададзеныя ў спэцыялізаваныя дыспансэры і профільныя шпіталі па ўсёй Беларусі. Было заяўлена, што 12 тысячаў пацыентаў атрымаюць дэфіцытныя лекі – бальшыня зь іх вырабляюцца толькі фармацэўтычнымі кампаніямі ЗША. На хуткае вырашэньне тэхнічных пытаньняў тыдзень таму спадзяваўся і заснавальнік амэрыканскай дабрачыннай арганізацыі “Сity Hope Internationale” доктар Пол Мор:

(Мор: ) “Гэта вельмі важна: усё, што знаходзіцца на борце самалёту, неўзабаве трапіць у анкалягічныя ўстановы. І ўсе пацыенты, якія там ёсьць – і дарослыя, і дзеці – зусім хутка змогуць выкарыстаць гэтыя прэпараты… Часам у мяне запытваюць: хто такія амэрыканцы? Якія ў іх каштоўнасьці? Дык вось, гэтая пастаўка – знак той шчодрасьці, тых каштоўнасьцяў, якія ёсьць у амэрыканскага народа. І я спадзяюся, што мы будзем працягваць дапамагаць вам, пакуль не наступіць іншы час – калі ў беларускага народа будзе магчымасьць сабраць такія грузы і дапамагаць іншым людзям, іншым народам, якія будуць мець патрэбу ў такой дапамозе”.

У часе перадачы грузу беларускаму боку на лётнішчы “Менск-2” прысутнічалі афіцыйныя асобы ад міністэрстваў аховы здароўя і замежных справаў. Чыноўнікі абяцалі, што груз будзе аформлены ў самыя сьціслыя тэрміны. Пакуль што абяцаньні ня спраўджваюцца.
XS
SM
MD
LG