Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зыгмунд Фройд – дасьледчык чалавечай душы


Юры Дракахруст, Прага 150 гадоў таму ў аўстрыйскім Фрайбургу – цяпер горад Пшыбор у Чэхіі – нарадзіўся хіба ці ня самы знакаміты псыхіятр ў гісторыі чалавецтва – Зігмунд Фройд. Фрайдысцкія агаворкі, Эдыпаў комплекс, падсьвядомае, падаўленыя ўспаміны – усе гэтыя звыклыя сёньня паняцьці зьявіліся дзякуючы аўстрыйскаму вучонаму. Напярэдадні юбілею мы прапануем вам завочную экскурсію па музэю-кватэры Фройда ў Вене.

(Намайер: ) "Мы зараз ідзем у кватэру Зыгмунда Фройда, ён жыў тут з 1891-га па 1938 год. Мы ўваходзім у ягоныя прыватныя пакоі. Мы можам пазваніць".

Супрацоўнік музэя Пітэр Намайер запрашае нас на экскурсію. Супрацоўніца музэя Даніэла Пэтрыц распавядае, што амаль увесь свой час бацька псыхааналізу праводзіў у гэтым доме.

(Петрыц: ) "Раніцай тут ён пісаў свае творы, потым прымаў пацыентаў, потым сьнедаў і ізноў працаваў. Ён быў сапраўдным працаголікам, як мы б сказалі зараз".

Фройд пачынаў сваю кар''еру як нэўрапатоляг, ён адкрыў практыку ў Вене, каб лячыць пацыентаў з псыхічнымі хваробамі. Штуршком да яго адкрыцьцяў стаў выпадак жанчыны, у якой была часткова паралізаваная нага. Яна ня мела ніякіх арганічных пашкоджаньняў, але што было асабліва дзіўна для таго часу – гэта што яе становішча паляпшалася, калі яна распавядала пра свае пачуцьці ў сувязі са сьмерцю яе бацькі. На падставе лячэньня гэтай хворай Фройд распрацаваў адмысловую тэхніку лячэньня нэўрозаў. Гаворыць Даніэла Пэтрыц:

(Пэтрыц: ) "Калі пацыент прыходзіў, Зыгмунд Фройд загадваў яму класьціся на кушэтку. Доктар прасіў хворага распавядаць пра ягоныя пачуцьці, страхі і праблемы. Пры гэтым Фройд сядзеў ззаду, за галавой пацыента, які ня бачыў яго. У гэтай свабоднай размове і палягаў новы від тэрапіі. Доктар толькі слухаў і задаваў пытаньні, але не рабіў ніякага ўплыву на пацыента".

Фройд прыйшоў да высновы, што шмат нэўрозаў маюць карані ў думках і ўспамінах, схаваных ад сьвядомасьці. Мэханізм лячэньня палягаў у тым, каб актуалізаваць гэтыя неўсьвядомленыя імпульсы, найперш сэксуальныя. Адным з самых пільна вывучаных аб’ектаў дасьледаваньня для Фройда быў ён сам. Ён глыбока аналізаваў уласнае падсьвядомае.

Менавіта гэтае саманазіраньне стала асновай для аднаго з самых знакамітых твораў Фройда, “Інтэрпрэтацыя мараў”. У ім вучоны ўвёў ва ўжытак адну з самых скандальных сваіх тэорыяў – Эдыпаў комплекс. Паводле старажытнагрэцкай легенды, цар Эдып забіў свайго бацьку і ажаніўся на сваёй маці. Паводле Фройда, рэўнасьць да бацькі , як да канкурэнта ў матчыным каханьні, – неабходная фаза полавага сталеньня хлопчыкаў.

Гучыць мадэляваны голас Зыгмунда Фройда, які чытае фрагмэнт з сваёй кнігі:

(Мадэляваны голас Фройда: ) "Я знайшоў у сабе сталае каханьне да маці і рэўнасьць да бацькі. Я разглядаю гэта як унівэрсальны чыньнік дзяцінства".

Такія тэорыі дзіцячых паводзінаў і наагул раскрыцьцё сэксуальных матываў чалавечых паводзінаў шакавала тагачаснае грамадзтва. Прызнаньне прыйшло да Фройда не адразу, але пераканаўчасьць ягоных аргумэнтаў і тэрапэўтычны эфэкт ягонага лячэньня пашыралі папулярнасьць псыхааналізу. Працу заснавальніка працягнулі такія выбітныя навукоўцы , як Карл Юнг і Альфрэд Адлер.

У 1923 годзе Фройд ад курэньня захварэў на рак роту, перанёс некалькі цяжкіх апэрацыяў. Цікавая дэталь – над ягоным працоўным сталом вісела маленькае люстэрка. У кароткіх перапынках у працы ён працягваў працаваць – вывучаць цікавы аб’ект дасьледваньня – самога сябе.

Вучоны, які адкрыў комплекс непаўнавартасьці, сам стаў ахвярай гэтага комплексу, які ахапіў цэлую нацыю. Сярод кнігаў, якія палілі нацысты, былі і кнігі венскага псыхіятра.

Чатыры сястры габрэя Фройда загінулі ў Асьвенціме і Майданэку. Пасьля аншлюсу, калі Аўстрыя была далучаная да рэйху Гітлера, Фройда чакаў такі ж лёс. Міжнародны саюз псыхааналітычных таварыстваў, заплаціўшы велізарны выкуп, дамогся для Фройда дазволу выехаць зь Вены ў Лёндан. Праз год пасьля гэтага ён памёр.

Шмат што з навуковай спадчыны Фройда было перагледжана і пераасэнсавана, некаторыя гіпотэзы і тэорыі састарэлі. Але ягоныя ідэі зрабілі вялікі ўплыў на псыхіятрыю, антрапалёгію, нават культуру, ягоныя дасьледаваньні падсьвядомага засталіся фундамэнтальным унёскам у чалавечае самапазнаньне.
XS
SM
MD
LG