Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сябры па Акрэсьціна сустрэліся ў Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы пачалося незвычайнае спатканьне – на запрашэньне былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча ў Варшаву прыехалі каля 10 грамадзянаў Расеі і Ўкраіны, якія сядзелі разам зь ім у турме на Акрэсьціна за ўдзел у акцыях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Былыя палітвязьні будуць мець шэраг сустрэчаў на высокім узроўні.

У Варшаву, сярод іншых прыехалі вядомы журналіст Павал Шарамет, таксама журналіст і былы дысыдэнт з Расеі Аляксандар Падрабінэк, Павал Салыга – выкладчык і актывіст украінскай арганізацыі “ПОРА”. Гаспадар сустрэчы, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч, сказаў нашаму радыё, што запрасіў гэтых людзей, бо лічыць, што яны могуць супрацоўнічаць для будучыні Беларусі.

(Машкевіч: ) “Атрымліваецца, што мы маем сяброў ва Ўкраіне, Расеі, якія глядзяць на падзеі ў Беларусі так, як мы. Таму я і запрасіў, каб паразмаўляць, як яны перажылі ўсё гэта, але таксама паразмаўляць, як мы можам дапамагчы беларусам, падзяліцца зь імі досьведам. Беларусы павінны ведаць, што маюць навокал сяброў”.

У першы дзень знаходжаньня ў Варшаве, былыя палітвязьні наведалі рэдакцыю найвялікшага польскага штодзёньніка "Gazeta Wyborcza", а таксама сустрэліся з высокапастаўленымі чыноўнікамі канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы.

(Шарамет: ) “Я прыехаў на запрашэньне чалавека, зь якім разам сядзеў у камэры. Хачу на ўласныя вочы пабачыць, наколькі зацікаўленасьць Беларусьсю ў Польшчы праўдзівая. Але наколькі я бачу, гэта сапраўды так – гэта сур''ёзны накірунак польскай зьнешняй палітыкі”.

У сваю чаргу, журналіст Аляксандар Падрабінэк, які ў 1978-1986 быў вязьнем савецкіх лягэраў, кажа, што ягоны абавязак – падтрымліваць усіх, то змагаецца за свабоду ў сваёй краіне.

(Падрабінэк: ) “Я перадусім хачу сказаць, што Расея не аднолькавая. Расейскія дэмакраты падтрымліваюць дэмакратаў беларускіх, а Крэмль, на жаль, падтрымлівае Лукашэнку”.

Сёньня госьці Марыюша Машкевіча паехалі ў Кракаў, дзе сярод іншага наведалі магілу 19-ці гадовага нямецкага салдата Ота Шымка, які ў часе Другой сусьветнай вайны быў расстраляны за тое, што адмовіўся страляць у цывільных палякаў. Ота Шымэк быў патронам польскай антыкамуністычнай і пацыфісцкай арганізацыі “Свабода і мір”, у якую ў 1980-я гады ўваходзіў спадар Машкевіч.

XS
SM
MD
LG