Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пратэставалі інваліды-калясачнікі (фота)


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Менску, Магілёве, Мазыры й Пінску інваліды-калясачнікі правялі пікеты на знак пратэсту супраць парушэньня сваіх правоў. Акцыя была прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў. Падаём рэпартаж зь менскай плошчы Бангалор.

(Карэспандэнт: ) “5 траўня — Дзень Эўропы. І ад 1992 году інваліды ў розных краінах кантынэнту прымяркоўваюць да гэтай падзеі агульнаэўрапейскую акцыю барацьбы за свае правы. У Менску ўпершыню такія вулічныя пікеты адбыліся ў 2000-м годзе. Тады й цяпер іхны арганізатар — старшыня Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі”:

(Драздоўскі: ) “Плён вельмі слабы, але ёсьць. Упэўнены, што бяз нашых акцыяў не было б амаль нічога. Ёсьць выпадкі, калі інвалід ня выходзіў са свайго дому 7—8 гадоў. Сёньня чалавек у калясцы жыве значна менш, чым ягоны здаровы субрат”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што ў Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў цяпер 700 чалавек. А насамрэч колькі іх?”

(Драздоўскі: ) “Насамрэч ня ведае ніхто. Але, з нашых падлікаў, іх 20—22 тысячы чалавек. Дзяржаўныя міністэрствы ня ўсіх улічваюць. Бо тады выкрыюцца дзікія ўмовы жыцьця інвалідаў-калясачнікаў. Уладзе лягчэй пра гэта не казаць: тады, нібыта, праблемы ня будзе. Але мы прапануем зрабіць у краіне банк такіх дадзеных”.

(Карэспандэнт: ) “На акцыі ў Менску больш за 30 удзельнікаў. Гэта нельга лічыць малой колькасьцю, бо адлегласьці — вялікая праблема для інвалідаў-калясачнікаў. Але ёсьць тут і прадстаўнікі рэгіёнаў”.

(Мацкевіч: ) “Сяргей Мацкевіч, горад Бабруйск”.

(Карэспандэнт: ) “Да нас дайшлі зьвесткі, што мясцовыя ўлады забаранілі акцыю...”

(Мацкевіч: ) “Так. Даводзяць, што мы не ўказалі месца. Хаця даўно ўжо існуе рашэньне праводзіць пікеты на стадыёне “Фандок”. Я мяркую, што гэта фармальная падстава, каб забараніць акцыю”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня на пляцы Бангалор шмат наведнікаў. Што ведаюць і гавораць яны пра становішча інвалідаў?”

(Першы спадар: ) “Ім прызначаецца пэнсія. Астатняе ж даводзіцца выбіваць у чыноўнікаў”.

(Спадар: ) “Як мне падаецца, у горадзе не знайшлося лепшага месца, чым былы пляц для выгулу сабак. Гэта таксама паказчык адносінаў улады да інвалідаў”.

Як стала вядома на гэты час, удзельнікі сёньняшняй вулічнай акцыі ў Менску накіравалі ў гарвыканкам пісьмовы зварот зь пералікам патрабаваньняў і прапановаў аб паляпшэньні ўмоваў жыцьця й працы інвалідаў-калясачнікаў. У сваю чаргу, у Менгарвыканкаме Радыё Свабода паведамілі, што на 10-га траўня прызначана паседжаньне за “круглым сталом” з удзельнікамі сёньняшняй акцыі”.

Фотарэпартаж





XS
SM
MD
LG