Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганныя канцэрты ў гарадзенскім касьцёле


Радыё Свабода, Горадня Першы міжнародны фэст арганнай музыкі, які праходзіць у Горадні, незвычайны тым, што канцэрты адбываюцца ня некалькі дзён запар, а прыблізна адзін раз на тыдзень. Любоў да музыкі альбо простая цікаўнасьць змушаюць гарадзенцаў заставацца пасьля імшы, каб паслухаць арган?

Наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў быў адным з чатырохсот прысутных, якія ў першы дзень фэсту насалоджваліся гучаньнем твораў Баха й Купэрэна. Слых арганафілаў радавала музыкантка зь Вільні Віргінія Сурвілайтэ.

(Карэспандэнт: ) “Мы прыйшлі на першы міжнародны фэст арганнай музыкі “Сымфонія гукаў аргану Фарнага касьцёлу”, уваходзім, публіка сядзіць, месцы ўжо ўсе занятыя. Публіка вітае арганістку Віргінію Сурвілайтэ. Мы чуем гукі аргану гарадзенскага Фарнага касьцёлу, які зьяўляецца катэдральным касьцёлам Гарадзенскай дыяцэзіі”.

Я зьвяртаюся да супрацоўніцы фільгармоніі.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце: хто арганізуе гэты фэст?”

(Прадстаўніца фільгармоніі: ) “Фільгармонія й касьцёл. Гэта першы фэст. Мы сумесна рамантуем арган, прыяжджае майстар зь Менску, прывозіць неабходныя дэталі. Мы працуем разам і фінансава разьлічваемся з касьцёлам. А як жа інакш?”

(Карэспандэнт: ) “Ну, вось, гэта быў апошні акорд аргану гарадзенскага Катэдральнага сабору, на якім грала Віргінія Сурвілайтэ. Публіка ўстае, паварочваецца назад і вітае арганістку, хаця яе, дарэчы, ня бачна. І зараз мы пацікавімся ўражаньнямі публікі”.

(Спадарыня: ) “Настолькі сьветлая музыка, што хочацца жыць на сьвеце, якія б складанасьці ні сустракаліся ў жыцьці”.

(Карэспандэнт: ) “Мы знаходзімся на арганных хорах і можам папрасіць саму арганістку Віргінію Сурвілайтэ выказаць свае адчуваньні ”.

(Арганістка: ) “Мне вельмі спадабаўся гэты стары інструмэнт: ён мае такую своеасаблівасьць, якой звычайна нельга знайсьці ў новага аргану. Дасюль я ня ведала гэтага інструмэнту, і цяпер думаю, што на ім лепей гучала б рамантычная музыка”.

(Карэспандэнт: ) “Віргінія Сурвілайтэ дала нам кароткае інтэрвію, і мы цяпер спускаемся па прыступках і выходзім зь вежы касьцёлу… Цяпер мы чуем, як замыкаецца касьцельная брама”.

Зьвяртаюся да дазорцы.

(Карэспандэнт: ) “Цяжка замыкаць, скажыце?”

(Дазорац: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы можаце сказаць пра касьцельны арган?”

(Дазорац: ) “А што я магу сказаць? Гэты арган быў створаны для таго касьцёлу (Фары Вітаўта), што быў разбураны (у 1961 годзе). Арган вельмі моцны — і сьцены ажно дрыжаць”.
XS
SM
MD
LG