Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — год, як няма паэта Анатоля Сыса (фотарэпартаж)


Альгерд Невяроўскі, Менск Да гэтай гадавіны менская творчая інтэлігенцыя прымеркавала шэраг імпрэзаў памяці творцы.

Паэт Анатоль Сыс памёр 5 траўня 2005 году. Пры жыцьці яго лічылі супярэчлівай асобай. Для некаторых ён быў геніяльным паэтам, для іншых — блазнам. Але усе, хто яго ведаў ці сутыкаўся зь ягонай творчасьцю, прызнаюць адметнасьць напісаных ім вершаў. Творы Анатоля Сыса склалі тры прыжыцьцёвыя зборнікі — “Агмень”, “Сыс” і “Пан Лес”. Менавіта гэтак —“Пан Лес” — назваў выставу, прымеркаваную да гадавіны сьмерці паэта, менскі мастак Алесь Квяткоўскі.

У сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў выстаўлены 18 працаў спадара Квяткоўскага, а таксама ягоных калегаў — Аляксея Марачкіна й Алеся Сушы. Фактычна ўсе яны прысьвечаны жыцьцю й творчасьці Анатоля Сыса. Назвы твораў гавораць самі за сябе: “Толікава крыніца”, “Толікава канюшня”, “Паэт і муза” ды іншыя. У цэнтры выставы партрэт Сыса й ягоны вядомы верш “Пан Лес”.

Алесь Квяткоўскі сябраваў з Анатолем каля васьмі апошніх гадоў паэтавага жыцьця. Асабліва спадару Квяткоўскаму падабаліся створаныя Сысам вобразы лесу, пчол, ваўкоў ды краявідаў Беларусі. Гэтыя тэмы й дамінуюць у мэмарыяльнай выставе. Гаворыць Алесь Квяткоўскі:

(Квяткоўскі: ) “Гэта вялікі паэт. Гады сяброўства зрабілі для мяне нейкі штуршок. Дый не адзін — два ці тры. Некалькі такіх штуршкоў. І я ўбачыў, што праз наша знаёмства, празь сяброўства зь ягонай паэзіяй я й сам магу нешта. І хочацца, і жадаю нешта зрабіць”. Алесь Квяткоўскі кажа, што мае зрабіць працяг мастацкіх акцыяў памяці Анатоля Сыса. Паміж іншага, ён зь сябрамі зьбіраецца зрабіць мастацкі пленэр на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў.

Да гадавіны сьмерці Анатоля Сыса пісьменьнік і выдавец Адам Глёбус сабраў свае ўспаміны пра яго на старонцы Litara.net . Аўтар жа сайту Sys.knihi.com заклікае ўсіх, хто мае матэрыялы пра Анатоля, дасылаць на гэтую старонку.

Але некаторы блізкія сябры Анатоля даволі крытычна ставяцца да аўтарскіх матэрыялаў памяці пра яго. Гаворыць літаратарка Паліна Сьцепаненка:

(Сьцепаненка: ) “Цяпер, да гадавіны, зьявілася вельмі шмат успамінаў, згадак пра Сыса — як у Інтэрнэце, так і ў друкаваных выданьнях. Я ўсё гэта чытала, бо чалавек быў маім блізкім знаёмым. Мяне вельмі ўразіла, што найперш людзі пішуць пра сябе: альбо яны на фоне Сыса, альбо Сыс на іхным фоне. Пішуць свае рэфлексіі. А пра чалавека ніхто й ня піша. Такое ўражаньне, што Сыса па сапраўднаму ніхто ня ведаў, і ўспрымалі яго празь сябе. І тут я згадваю адзін з апошніх тэлефонных званкоў Анатоля да мяне. Ён патэлефанаваў вельмі рана й нешта гаварыў, а я спрасонку пытаюся: “Ты хто?” Ён жа адказвае: “Так ты ведаеш беларускую літаратуру. Так ты ведаеш Анатоля Сыса”. У мяне такое адчуваньне, што ні беларускай літаратуры, ні Анатоля Сыса ў нас ніхто ня ведае”.

Фотарэпартаж









XS
SM
MD
LG