Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тодар Кляшторны


Уладзімер Арлоў, Менск 11.3.1903, в.Парэчча (цяпер Лепельскі раён) – 30.10.1937, Менск

Ці ведаеце вы краіну, дзе быць пісьменьнікам азначала б у вачах улады ўжо быць небясьпечным злачынцам, вартым самага жорсткага пакараньня? Гэтая краіна, магчыма адзіная ў сьвеце, – Беларусь. Толькі ня трэба казаць, што я згушчаю фарбы: маўляў, хоць Саюз беларускіх пісьменьнікаў і ліквідоўваюць, самім жа літаратарам, адрозна ад палітыкаў, гэта пакуль не пагражае. Ну хіба што пасадзяць на год-два ці змусяць зьехаць за мяжу.

Але сёньня мы гаворым пра часы прамінулыя, якія, што праўда, маюць у нас уласьцівасьць паўтарацца ня толькі ў выглядзе камэдыі.

29 кастрычніка 1937-га, ці ня ў гонар Дня беларускага камсамолу, каты з чырвонымі зорачкамі на фуражках расстралялі ў Менску 22 літаратараў. У наступную ноч сьпіс ахвяраў папоўніўся новымі імёнамі, сярод якіх апынуўся паэт Тодар Кляшторны.

Ён ня быў антысаветчыкам, але меў сьхільнасьць да імпрэсіянізму, што і ўратавала ягоную паэзію ад сумна вядомай “пралеткультаўшчыны”. Апрача таго, на творчым рахунку Кляшторнага была паэма “Калі асядае муць”, на якую жорстка нападалі цэрберы вульгарна-сацыялягічнай крытыкі.

Пасьля сьмерці паэта яго жонку з 4-хмесяцавай малодшай дачкой Маяй адправілі ў Акмолінскі канцлягер, а старэйшых дзяцей – у дзіцячы дом.

Кляшторнага рэабілітавалі ў 1957-м, але і ў 1970-я рэдактары й цэнзары працягвалі шукаць у яго вершах крамольныя падкопы. У выніку жыцьцярадасныя экспрэсіўныя радкі:

Варушыць певень цёртую салому І топча па чарзе прысадзістых курэй...

ператвараліся ў сваю процілегласьць:

Варушыць певень цёртую салому І корміць зернямі прысадзістых курэй.

Ягоныя творы вярнуліся ў зборнікі і хрэстаматыі. Але, рызыкуючы здацца банальным, скажу, што найлепшы твор Кляшторнага – яго дачка Мая Тодараўна, адна з кіраўнікоў Мартыралёгу Беларусі, абаронца Курапацкага мэмарыялу, сьветлая, надзіва мяккая і адначасова нязломная жанчына, якую ведае ўся краіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG