Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – навіны беларускага Інтэрнэту 5 траўня


Юлія Шарова, Менск Беларускі інтэрнэт у “Начную аБЛОГу” сёньня бярэ Юлія Шарова.

Удзельнікі форумаў TUT.by абмяркоўваюць навіну: у Беларусі будзе ўведзены новы від пакараньня – абмежаваньне свабоды на даму. Адпаведны законапраект Палата прадстаўнікоў ухваліла сёньня ў другім чытаньні. “Гэта што за муйня такая – хатні арышт? Ці ўмоўнае? Ці мы зноў ровар вынаходзім?” – запытваецца юзэр па нікнэймам ashu. “Гэта значыць, што ты сядзіш дома, а цябе ахоўвае процьма гб-шнікаў і амапаўцаў. А потым у нейкі момант ты апынаесься ў Англіі, на дзіва ўсім”, – адказвае яму карыстальнік DOOM-II. “Спэцпрымальнікі й бяз гэтага перапоўненыя, будзем саджаць па кватэрах. Цікава, а жалезныя дзьверы і краты на вокнах таксама ўсталююць?” – разважае Ernst.

Увагу тутбаеўцаў сёньня прыцягнула яшчэ адна палітычная навіна: моладзевы рух "Зубр" абвясьціў пра спыненьне сваёй дзейнасьці пад звыклым брэндам і далучаецца да агульнанацыянальнага руху. Нехта mf2006 выказвае меркаваньне: “Ведаеце, мне падаецца што "Зубр" проста спужаўся крымінальных справаў, якія цяпер узбуджаныя супраць "маладафронтаўцаў" і "Партнэрства", таму і вырашыў зрабіць так, прыкрыўшыся, быццам далучэньнем да агульнанацыянальнага руху”.

На форумах афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму нехта пад нікам "Житель" запосьціў скаргу на імя старшыні гарвыканкаму. Вось пра што гаворыцца ў той скарзе: “Мы маладыя маці, жывем у самым цэнтры Менску, на праспэкце Пераможцаў у шматкватэрных дамох 39, 43, 47, 51, 53 і заўсёды лічылі, што нам нечувана пашэнціла: побач мэтро, зялёная зона, Камсамольскае возера... Але нядаўна, калі ў нас нарадзіліся дзеці, паўстала заканамернае пытаньне: які выбраць для свайго малога дзіцячы садок? Цягам апошніх 10-15 гадоў было зачынена пяць разьмешчаных побач садкоў. У садок нашага мікрараёну №439 па адрасе Максіма Танка 34а мама даводзіцца запісваць сваіх дзяцей у РАНА адразу пасьля іхнага нараджэньня”.

На Litara.net адна за адной зьяўляюцца галінкі, прысьвечаныя Анатолю Сысу. “Глобус пра Сыса”, “Сайт пра Сыса”, “Анатоль Сыс. Кананізацыя”. Аднак ня ўсе літаранцы пагаджаюцца з такім стаўленьнем да творчасьці нябожчыка. “З Сыса зрабілі ікону – а ён быў пафігістам. Пафігістам, які рваўся стаць іконай, прарокам і х… ведае чым яшчэ. Гэтая нестыкоўка пацана і пагубіла”, – піша аўтар пад нікам Пістончык.

“А раскажыце, пліз… – зьвяртаецца карыстальнік l_u_f_t да чальцоў ЖЖ-кам’юніці minsk_by. – …што там з Сыліконавай далінай у Менску робіцца? Калі ўжо беларускі сылікон паступіць на ўсясьветныя сыліконавыя рынкі ды іх абваліць?” Карыстальнік pryvid адказвае: “Як заявіў Галоўны Спэцыяліст-сыліконшчык Галоўнага Упраўленьня Сыліконабудаваньня тав. С.І.Ліконаў у інтэрвію БелТА: "Сылікон выпрацоўваецца, але пакуль не выпускаецца на сусьветны рынак, бо ідзе нарошчваньне складзкіх запасаў гэтага самога сылікону. У адпаведнасьці з прынятым Галавою дзяржавыtm рашэньнем, пры дасягненьні складзкіх запасаў у памеры 100 тысяч мільёнаў тонаў, беларускі сылікон будзе выведзены на ўсясьветны сыліконавы рынак".

Victorinka у тым самым ЖЖ-кам’юніці піша: “Учора па тэлеку паказвалі сюжэт пра крышнаітаў. Такія прыгожыя ў іх абрады, што самой захацелася папрысутнічаць. Можа, ёсьць ахвочыя схадзіць са мной? І адрасы вы ведаеце? Падкажыце, пліз. Перад сэсіяй пагатоў трэба схадзіць, наладзіцца на філязофскае ўспрыняцьцё сьвету”.

Літаратарка Аксана Бязьлепкіна, якая піша ў ЖЖ пад нікам euga, апавядае пра паседжаньне суполкі “Літаратурнае прадмесьця”, якое адбылося ўчора. На паседжаньні разьбіралі творчасьць беластоцкага паэта Юркі Баена. “Натальля Кучмель любіць паўтараць: “Правярайце любы тэкст – верш, артыкул – голасам”. Слушнасьць парады нечакана выявілася ў той момант, калі Натальля Капа зацытавала Баену зь неверагодна выразнай інтанацыяй:

Па-ся-род пе-ніс-тых плы-няў (далей можна не цытаваць, але ўсё-ткі) зрокам неабдымнай ракі забыцьця - адзінокая, вечназялёная грань.

– Вечназялёнага куба, - дадала Юля Новік”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.

Папярэднія выпускі "Начной аБЛОГі": • 4 траўня • 3 траўня • 2 траўня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG