Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Літвы ў Беларусі можа стаць міністрам замежных справаў


Радыё Свабода 9 траўня сэйм Літвы вызначыць кандыдатуру новага кіраўніка замежнапалітычнага ведамства гэтай краіны. Найбольшыя шанцы ўзначаліць міністэрства мае цяперашні амбасадар Літвы ў Беларусі Пятрас Вайцякунас.

Месца міністра стала вакантным пасьля таго, як месяц таму ў адстаўку падаў тагачасны міністар Антанас Валёніс. Замену яму некалькі дзён таму прапанавала Казіміра Прунскене — лідэр сялянскай партыі, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю. Спадарыня Прунскене лічыць, што найлепш з гэтымі абавязкамі справіцца беспартыйны Пятрас Вайцякунас. Яе падтрымаў і лідэр сацыял-дэмакратаў цяперашні кіраўнік літоўскага ўраду Альгірдас Бразаўскас.

У размове з карэспандэнтам радыё “Свабода” спадар Вайцякунас пацьвердзіў, што яму прапанавана пасада міністра. У панядзелак ён ад''яжджае ў Вільнюс, каб 9 траўня ўдзельнічаць у пасяджаньні сэйму. Што тычыцца былога міністра замежных спраў Літвы, дык спадар Валёніс стане амбасадарам Літвы ў ЗША.
XS
SM
MD
LG