Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ССБР — дзяржава, якая існавала тры месяцы


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 4 траўня 2005 году) Новая перадача з сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык, драматург Алесь Петрашкевіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Цягам стагодзьдзяў на тэрыторыі этнічнай Беларусі было нямала розных дзяржаўных утварэньняў. Адны зь іх існавалі працяглы час, іншыя — кароткі. І сёньня, калі ўжо, здавалася б, напісана наноў гісторыя, прычыны ўтварэньня й лёс некаторых такіх дзяржаваў застаюцца малавядомымі. Асабліва гэта тычыцца пачатку ХХ стагодзьдзя. І сярод тых дзяржаўных утварэньняў, пра якія мала пішуць і гавораць, — Сацыялістычная савецкая беларуская рэспубліка, або ССБР. Яна праіснавала толькі тры месяцы: ад сьнежня 1918 году да сакавіка 1919-га. Хто й дзеля чаго ствараў гэтую рэспубліку?”

(Алесь Петрашкевіч: ) “Гэта можна назваць вялікай і вельмі пасьпешлівай авантурай. Стварала гэтую авантуру бальшавіцкая Масква. Ёй патрэбен быў буфэр паміж Польшчай і Расеяй”.

(Ракіцкі: ) “Як утваралася гэтая Рэспубліка, у якіх умовах і кім непасрэдна?”

(Петрашкевіч: ) “Умовы былі франтавыя. Трэба было хуценька стварыць такую рэспубліку, як сказаў Ленін, якая сама абаранялася б ад наступальных ворагаў. Мелася на ўвазе Польшча. Сталіну было даручана стварыць урад рэспублікі. Сталін гэтым займаўся з тыдзень. Ён дамовіўся зь Мясьніковым, які ўзначальваў Западную камуну й сядзеў у Смаленску, пра тое, што Западная камуна касуецца, а ўтвараецца вось такая рэспубліка — ССБР. Старшынём ураду быў прызначаны Зьміцер Жылуновіч. Гэта быў бальшавік, пісьменьнік, які вельмі дрэнна ставіўся да БНР. І тут улада заблыталася. У свой час савецкая ўлада прыняла канстытуцыю й паабяцала ў ёй навакольным дзяржавам — былому Вялікаму Княству Літоўскаму, Латвіі, Эстоніі — незалежнасьць. І Сталін піша Леніну: “За годы гражданской войны, когда мы ввиду интервенции вынуждены были демонстрировать либерализм Москвы в национальном вопросе, мы успели, помимо своей воли, воспитать среди коммунистов настоящих и последовательных социал-независимцев, требующих настоящей независимости во всех смыслах и расценивающих вмешательства ЦК РКП как обман и лицемерие со стороны Москвы. І я так понимаю, что мы переживаем такую полосу, когда формальный закон, конституция не могут быть откровенно игнорированы. Когда молодое поколение коммунистов на окраинах игру в независимость отказывается понимать как игру, упорно признавая и принимая слова о независимости за чистую монету и так же упорно требуя от нас проведения в жизнь буквы конституции о независимых республиках. Таков и Жилунович со своими белнацкомовцами”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі беларускія нацыянал-бальшавікі шчыра ўспрынялі рашэньне Масквы пра стварэньне такой рэспублікі?”

(Петрашкевіч: ) “Шчыра, але не бесканфліктна. Павялі сябе беларускія бальшавікі, так бы мовіць, абсалютна нацыянальна. І не выпадкова зьявіцца такое вызначэньне: “гэтыя наркамы большыя беларусы, чым бальшавікі.” Канфлікты пайшлі адразу. Мясьнікоў не пагадзіўся стварыць беларускую газэту. Ён адмаўляў права на карыстаньне беларускай мовы. Наагул гэта быў ваенны дыктатар. Ён быў таксама гэтак званым абласьніком. Абласьніцтва ж не падтрымлівалася Масквою. Канстытуцыя дазваляла незалежныя рэспублікі, а на практыцы гэта быў падман, які мясцовыя бальшавікі ўспрынялі за чыстую манэту”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, Масква з дапамогаю беларускіх нацыянал-бальшавікоў утварыла, здавалася б, незалежную Беларускую рэспубліку. Але чаму тады ад Беларусі адрэзваюць тры вобласьці — Віцебскую, Смаленскую й Магілёўскую?”

(Петрашкевіч: ) “Справа пайшла яшчэ далей. Роўна праз два тыдні пасьля ўтварэньня гэтай рэспублікі была прынята новая пастанова ЦК — што ня трэба такой рэспублікі, трэба яе аб’яднаць зь Літвой. І сюды прыяжджае ўпаўнаважаны ЦК Іофэ, які выкручвае рукі гэтым наркамам. Жылуновіч і ягоныя наркамы катэгарычна былі супраць. Адразу падалі ў адстаўку Шантар, Фальскі й Дыла. Гэта ўжо быў скандал. Праходзіць нейкі час, і зьбіраецца гэтак званы Ўсебеларускі зьезд. Ніякіх дэлегатаў ніхто не абіраў — іх прызначылі. І гэты Ўсебеларускі зьезд прымае рашэньне аб’яднацца зь Літвой. Але аб’ядноўваць няма чаго. Аб’ядноўваюцца зь Літвой фактычна толькі Меншчына й Віленшчына. Гарадзенская вобласьць яшчэ пад палякамі, Берасьцейская — пад немцамі. Ніводзін з наркамаў не трапляе ў гэты новы ўрад. Некалькі наркамаў, улучна з Жылуновічам, апынуліся ў турме. Жылуновічу ўдаецца ўцячы на Ўкраіну. Трох наркамаў выракаюць да сьмяротнага пакараньня. У 1919 годзе загіне Найдзянкоў, потым расстраляюць Шантара, міністра замежных спраў Фальскага засудзяць да сьмяротнай кары, але заменяць катаржнай турмой”.

(Ракіцкі: ) “За што?”

(Петрашкевіч: ) “За іхныя нацыяналістычныя паводзіны”.

(Ракіцкі: ) “А што давала стварэньне Літоўска-Беларускай рэспублікі самой Беларусі?”

(Петрашкевіч: ) “Гэта зноў жа штучнае стварэньне буфэрнай рэспублікі на час. У гэты момант ужо ставілася задача весьці доўгія зацяжныя перамовы з Расеяй на аб’яднаньне. Так было сфармулявана. Гэтай рэспубліцы не вызначалі нават культурнай аўтаноміі — ёй папросту надавалі статус аўтаномнай вобласьці”.

(Ракіцкі: ) “І чым уся гэтая гісторыя завяршаецца?”

(Петрашкевіч: ) “Стварыўшы гэтак званы Літ-Бел, ува ўрад якога ўжо не ўвайшоў ніводзін наркам ні ад Мясьнікова, ні ад Жылуновіча, улада адразу пайшла на рэпрэсіі. Жылуновіч уцякае на Ўкраіну. Прыходзіць лета, палякі ідуць у наступ, займаюць Вільню, Менск. Мясьнікоў зноў вяртаецца ў Смаленск. Сталін як упаўнаважаны прыбывае ў Беларусь і бярэ яшчэ ўдзел у скасаваньні й гэтага Літ-Белу. Гісторыя будзе мець працяг у трыццатыя гады. У 1933 годзе будуць дапытваць Жылуновіча пра ягоныя нацыяналістычныя паводзіны падчас стварэньня гэтай рэспублікі. Загіне ён у псыхіятрычным шпіталі ў Магілёве. І амаль усе наркамы — і прыхільнікі Мясьнікова, і прыхільнікі Жылуновіча — будуць расстраляны. Мясьнікоўцаў зьвінавачвалі за няправільныя, з гледзішча Масквы, бальшавіцкія паводзіны. Бо ж яны адстойвалі кіраваную імі Западную камуну. А прыхільнікаў Жылуновіча зьвінавачвалі за тое, што яны вялі нацыяналістычную палітыку: выступалі за беларускую мову, патрабавалі беларускай газэты, адкрыцьця нацыянальных культурных устаноў”.

(Ракіцкі: ) “Чаму й сёньня факт гэтага дзяржаўнага ўтварэньня — Савецкай сацыялістычнай беларускай рэспублікі — замоўчваецца? І яшчэ: чаму п’есу, напісаную пра гэтыя падзеі, вы назвалі па-расейску — “Белорусский вопрос”?”

(Петрашкевіч: ) “У беларусаў не было беларускага пытаньня. А вось белорусский вопрос — раней для Масковіі, пазьней для Масквы — не зьнікаў ніколі. Быў зьвязаны з паўстаньнямі, якія адбываліся ў Беларусі, быў зьвязаны з нацыянальна-вызвольным рухам, які тут разьвіваўся. Гэты “белорусский вопрос” ня зьнік для Масквы й сёньня. Таму так пільна сочыць Масква за тым, што ў нас адбываецца. Таму расейскі прэзыдэнт кажа, што мы — адзін народ. Гэта пацьвярджае й расейскі ваенны міністар. Масква чакае таго часу, калі “адзін народ”, як яны лічаць, павінен сасьпець да аб’яднаньня ў адну дзяржаву. Масква чакае зручнага часу дзеля інкарпарацыі. І на шляху да яе можа гісторыя й паўтарыцца, як з той Савецкай сацыялістычнай беларускай рэспублікай, пра якую энцыкляпэдыі ня пішуць. Сёньня, відаць, нават бессаромным сорамна за тыя падтасоўкі”.
XS
SM
MD
LG