Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд стаў на бок недзяржаўнай газэты “Витебский курьер” (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Віцебскі домабудаўнічы камбінат зьвярнуўся ў гаспадарчы суд з мэтаю прыцягнуць да адказнасьці недзяржаўную газэту за артыкул “Дыктатура ўлады”, у якім, нібыта, была зьняважана дзелавая рэпутацыя прадпрыемства.

Заслухаўшы абодва бакі (а разгляд гэтае справы быў распачаты яшчэ 20-га красавіка), абласны гаспадарчы суд у асобе судзьдзі Віктара Шыльчонка вырашыў закрыць справу, не знайшоўшы адпаведнага складу парушэньня.

На тым, што ў артыкуле “Дыктатура ўлады” вялася гаворка не пра вытворчую дзейнасьць, а пра перадвыбарчую агітацыю на прадпрыемстве, настойвалі карэспандэнтка Тацяна Чабатарова й рэдактар “Витебского курьера” Ўладзімер Базан.

Супрацьлеглую пазыцыю заняў загадчык юрыдычнага аддзелу Ягор Немярчук. Ён сьцьвярджаў, што аўтарка артыкулу карысталася неправеранымі зьвесткамі, прыгадваючы загад №153, падпісаны генэральным дырэктарам прадпрыемства Анатолем Стрыкам, які асабіста даваў указаньні “весьці агітацыйную прапаганду” за “мэтазгоднасьць датэрміновага галасаваньня й аказаньня падтрымкі дзейнаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку”.

Копію гэтага дакумэнту ў рэдакцыю “Витебского курьера” прынесьлі самі супрацоўнікі прадпрыемства, незадаволеныя ідэалягічным ціскам з боку адміністрацыі. Але юрыдычны прадстаўнік спрабаваў давесьці, што падобнага загаду не было ўвогуле, а таму пасьля публікацыі артыкулу генэральны дырэктар мусіў тлумачыць сытуацыю перад адміністрацыяй гораду й вобласьці, а таксама перад партнэрамі (у тым ліку, і перад расейскімі), якія выказалі недавер прадпрыемству. Пэўную нестабільнасьць, паводле спадара Немерчука, артыкул выклікаў і ў асяродку працаўнікоў, але ў чым канкрэтна выявіліся страты прадпрыемства, ён патлумачыць ня здолеў.

Рашэньнем суду, які адхіліў пазоў, прадстаўнікі прадпрыемства засталіся незадаволены. Камэнтаваць свае пазыцыі яны адмовіліся, але сказалі, што справа супраць “Витебского курьера” яшчэ ня скончана.

Рэдактар газэты Ўладзімер Базан пракамэнтаваў судовую пастанову наступным чынам.

(Базан: ) “Канечне, гэта была поўная нечаканасьць — такое рашэньне суду! Што ж, будзем чакаць удараў з іншага боку. А пакуль — гэта наша маленькая перамога”.

А вось якія прагнозы на будучыню мае аўтарка артыкулу Тацяна Чабатарова, якой прадстаўнікі прадпрыемства пагражалі вялікімі грашовымі штрафамі.

(Чабатарова: ) “Гэта яшчэ не канец: хутчэй за ўсё, яны будуць абскарджваць вось гэтае рашэньне гаспадарчага суду й зьвернуцца з заяваю ў грамадзянскі суд — ужо цяпер пра маральныя страты кагосьці з кіраўнікоў прадпрыемства. Намеру ўчыніць маральныя страты ў маім артыкуле няма. Увогуле, чаму гэты артыкул прысьвячаўся? Таму, што ў нашым грамадзтве няма свабоды выбараў. Вядома, давесьці гэта ў судзе, знайсьці нейкія пераканаўчыя доказы будзе ня так проста. Але ж я буду шукаць”

У мінулым нумары “Витебский куръер” надрукаваў зварот да чытачоў з просьбай пацьвердзіць тое, пра што было напісана ў артыкуле, — існаваньне падобных перадвыбарчых загадаў, датэрміновае галасаваньне пад пагрозаю звальненьня й г.д. Рэдакцыя спадзяецца, што ў Віцебску знойдуцца людзі, гатовыя змагацца за праўду разам з адзінай у горадзе недзяржаўнай газэтай.

Рэдактар газэты Уладзімер Базан і карэспандэнтка Тацяна Чабатарова ў судзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG