Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паздымалі чыноўнікі са сьцен сваіх кабінэтаў партрэты Лукашэнкі?


Алесь Дашчынскі, Менск Напрыканцы сакавіка падчас нарады ў пытаньнях удасканаленьня структуры кіраваньня Аляксандар Лукашэнка загадаў “прыбраць усе партрэты прэзыдэнта”. Як выконваецца гэтае распараджэньне кіраўніка Беларусі? Наш карэспандэнт зрабіў апытаньне на ганку Міністэрства адукацыі й Міністэрства падаткаў і збораў.

(Спадарыня: ) “ Калі вы слухалі ўважліва, — ён сказаў зьняць вялікія партрэты. Гэта ж не азначае, што ўсе. Я ня буду камэнтаваць”.

(Спадар: ) “Прэзыдэнт мае падставы, каб так казаць. І я думаю, што кожны чыноўнік падпарадкуецца: калі не зрабіў, то зробіць”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што выконваецца гэтае ўказаньне. Ува ўсякім разе, я ўжо бачыла ў нашай арганізацыі: у некаторых кабінэтах гэта ўжо зроблена. Я мяркую: гэта, напэўна, правільна. Таму што ўсё ж такі партрэты, якія вісяць на сьцяне, — гэта, магчыма, не зусім правільна. Больш правільна, калі яны будуць разьмешчаны на стале ці недзе побач”.

(Спадар: ) “Партрэты недзе вісяць, відаць. Але я адразу не прыгадаю”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да такога распараджэньня кіраўніка краіны?”

(Спадар: ) “Ну, ён правільна вырашыў. Навошта рабіць культ асобы з аднаго нейкага чалавека. Краіна ўпраўляецца. Лідэр — гэта, канечне, лідэр — важны чалавек. Але ён не адзін усё робіць. Робяць і ўсе астатнія людзі. Простыя людзі таксама ўдзельнічаюць у стварэньні таго, што ёсьць у краіне. Таму, калі вывесіць партрэты ўсіх, то месца ня хопіць”.

(Спадарыня: ) “Партрэты вісяць у кабінэтах. Я працую ў пэдунівэрсытэце: у нас ёсьць партрэты, вісяць. Гэта прэзыдэнт нашай рэспублікі. Павінны быць партрэты — я лічу. Я ня чула, што ён сказаў зьняць ягоныя партрэты. Я ня чула”.

(Спадарыня: ) “Я не была ў такім кабінэце, дзе вісіць партрэт… Партрэты ёсьць, бачыла”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, у вашай арганізацыі яны ёсьць?”

(Спадарыня: ) “Ёсьць, вісяць”.

(Спадар: ) “Бачыў, так. У кагосьці ёсьць, у кагосьці няма”.

(Спадарыня: ) “Не здымаюць. Ну, на стале стаіць сымболіка, але маленькая”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць маленькія партрэты, так?”

(Спадарыня: ) “Ну, так. Я не ва ўсіх кабінэтах бываю, у свайго начальніка толькі. У яго, па-мойму, не было й адпачатку. А ў намесьніка міністра — ёсьць. Невялікі… Сёньня мы павінны не пакланяцца, а працаваць і выконваць тыя даручэньні, што падаюць нам кіраўнікі краіны як дзяржслужачым”.

(Спадарыня: ) “Наагул, вісяць. Я бачыла — вісяць. Я, наагул, нават ня чула пра гэтае распараджэньне”.

(Спадар: ) “Ведаеце, гэта справа асабістая. Партрэтаў, канечне, у такім выглядзе, як раней, то няма: іх значна паменела. Напрыклад, аднаму падабаецца такі фатаздымак… У любой форме гэта магчыма. Карацей кажучы, такога няма, каб партрэты віселі, як раней партрэты Брэжнева”.

(Спадар: ) “Ёсьць, вісяць. Дзе віселі, там і вісяць”.
XS
SM
MD
LG