Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі пашпарт: ад пашпартоў БНР да біямэтрыі 21-га стагодзьдзя


Галіна Жарко, Менск Пагроза тэрарызму запатрабавала ўдасканаленьня памежнага кантролю і авіяцыйнай бясьпекі. Ідэнтыфікацыя асобы паводле біямэтрычных прыкметаў адбываецца ў Амэрыцы, Японіі, Аўстрыі, Бэльгіі, Нямеччыне ды іншых краінах, дзе ў пашпарты грамадзянаў уведзеныя электронныя мікрачыпы. Асноўны дакумэнт грамадзяніна Беларусі – нацыянальны пашпарт – таксама чакае мадэрнізацыя. Пакуль – «касмэтычныя» папраўкі. Але, магчыма, галоўны грамадзянскі дакумэнт стане біямэтрычным. Пра пашпартныя рэформы – дасьледаваньне "Свабоды".

1 ліпеня 2004 году сталі несапраўднымі пашпарты грамадзяніна СССР узору 1974 году і пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1993 году з гербам "Пагоня".

(Вітушка: ) “Я страшэнна шкадаваў, калі трэба было абмяняць беларускі пашпарт з "Пагоняй". Па шчырасьці, хацеў “згубіць” і так захаваць, але каб не было праблемаў зь візамі, трэба было хутка мяняць”.

Першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі пашпарт захаваў.

(Садоўскі: ) “На маім пашпарце "Пагоня" была. Іх трэба было здаваць, але я “зажаў”. У мяне апроч аднаго пашпарта было яшчэ некалькі. З адным еду, а тут робіцца віза на якую-небудзь Англію. Два заштампаваў цалкам”.

Пашпарт з гербам "Пагоня" на вокладцы ўпершыню быў выпушчаны ў 1918 годзе ў славянскай друкарні Язэпа Галеўскага ў Бэрліне.

Агульнаграмадзянскі пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі.

(Вітушка: ) “Я знайшоў у віленскім архіве, у бібліятэцы Акадэміі навук (фонд музэя Івана Луцкевіча) у адной з тэчак пашпарт БНР. Трымаў у руках. Чысты, пусты. Так карцела ўпісаць туды сваё імя. Надпісы па-беларуску, па-француску, па-нямецку”.

(Карэспандэнт: ) “Па-расейску не было?”

(Вітушка: ) “Не. А навошта? Гэты пашпарт трэба было выдаць факсымільна, як выдавалі зборнічкі Купалы ці Багдановіча. Рэчы знакавыя, сымбалічныя. Была якраз акцыя грамадзянства БНР, але яна заглухла”.

Пашпарт грамадзяніна БНР 1918 году меў 12 старонак. У ім адзначаліся дата і месца нараджэньня. Запісваліся асаблівыя прыкметы: колер валасоў і вачэй, рост.

А ў пашпарце беларуса 21 стагодзьдзя ўжо могуць зьявіцца адбіткі пальцаў...

Больш за пяць тысяч гадоў людзі ведаюць аб непаўторнасьці малюнкаў на пальцах. Менавіта з дактыляскапіі зьявілася сучасная біямэтрыя. Навука, якой ня больш за дзесяць гадоў, выкарыстоўвае для ідэнтыфікацыі ўнікальныя біялягічныя парамэтры чалавека.

Да біямэтрычных парамэтраў, адносіцца, напрыклад, голас. Узоры голасу, дарэчы, уведзеныя ў электронныя мікрачыпы японскіх пашпартоў. Але вось што кажа Пётра Садоўскі, які займаўся вывучэньнем голасу як мовазнаўца:

(Садоўскі: ) “Цікава, што ў кожнага чалавека розныя герцы. Калі я гавару па-нямецку, у мяне даволі прыстойны барытон. Можа там недзе 170 герц. Па-беларуску, у мяне ўжо “фальцэтна-казьлітонавы” голас. А па-расейску, увогуле, “га!” – такое во! У мяне пастаўлены нямецкі голас. Беларускі – ад прыроды. Што да расейскага вымаўленьня – “благоприобретенного”, дык зусім іншае”.

Паводле інфармацыі ў афіцыйнай беларускай прэсе, у краіне цяпер працуюць над стварэньнем пашпарту зь біямэтрычнымі дадзенымі. Гэта робіцца дзеля прывядзеньня нацыянальнага пашпарту ў адпаведнасьць міжнароднаму ўзроўню. Лябіруе біямэтрыю Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO).

Дырэктар Дэпартамэнту дзяржзнакаў Міністэрства фінансаў Сяргей Кіслухін паведаміў: нягледзячы на тое, што даручэньня аб распрацоўцы электронных дакумэнтаў яшчэ не паступала, падначаленая яму ўстанова ўжо год як вядзе такую работу.

У канцы лістапада мінулага году адбылася прэзэнтацыя ўзору плястыкавай карткі зь біямэтрычнымі дадзенымі. Ёмістасьць электроннага мікрачыпу на картцы – 72 кілябайты. Дастаткова і для адбіткаў пальцаў, і для маленькага фотаздымку ўладальніка ў лічбавым фармаце. Якая менавіта інфармацыя будзе ўтрымвацца ў электронным чыпе?

Ва ўнітарным прадпрыемстве "Крыптатех" сказаць больш, чым ужо вядома, не захацелі.

(Гарыленка: ) “Праекты існуюць, але я нічога сказаць не магу”.

Зьвяраць лічбавы здымак у пашпарце з тварам будзе сканэр. Мастак Аляксей Марачкін мае сумневы ў эфэктыўнасьці такой тэхналёгіі.

(Марачкін: ) “Працэнт памылкі ўзрасьце, калі машына будзе расчытваць. Чалавек існуе ў часе. Ён мяняецца. У нюансах. Сёньня барада малая, а заўтра – большая”.

(Карэспандэнт: ) “Можа і настрой мае значэньне...”

(Марачкін: ) “Мае і настрой. Мяшкі пад вачыма. Чалавечае вока гэтыя нюансы ўспрымае, але не машына. У мяне былі праблемы. Быў стары фотаздымак, я быў маладзейшы, а цяпер пасівеў. І памежнікі ўглядаліся. Чалавек чалавека ўспрымае аб’ёмна”.

Калі адкрыліся межы, беларусы са зьдзіўленьнем высьветлілі, што грамадзяне іншых краінаў дазваляюць сабе ўсьміхацца на фотаздымках для дакумэнтаў. У тым ліку і на пашпартах. У беларускіх пашпартных сталах усьмешлівыя твары не віталіся. Але вось нядаўна начальнік пашпартнай службы Вялікай Брытаніі абвяшчае новае правіла: на фотаздымку для пашпарта – аніякіх усьмешак. Праблема ў тым, што сканэр правільна рэагуе толькі на твар з адкрытым лбом, шырока расплюшчанымі вачыма і сьціснутымі вуснамі.

Зрэшты, у электронным беларускім пашпарце не абавязкова можа быць здымак твару. Можа аказацца і трохмерны здымак чэрапа. На сайце Міністэрства ўнутраных справаў зьмешчана інфармацыя, што адбылася прэзэнтацыя адпаведнага абсталяваньня аднае з маскоўскіх фірмаў. Калі верыць антраполягам…

(Антраполяг: ) "Некаторыя зоны твару з часам, з узростам, мяняюцца, а чэрап застаецца нязьменным. Апроч таго, чэрап у кожнага чалавека ўнікальны. Менавіта будова чэрапу вызначае разнастайнасьць твараў. Паводле чэрапу можна разьлічыць нават блізьнятаў".

Трохмернае 3D-фота чэрапу паводле дакладнасьці перавышае аўтаматычнае распазнаваньне па звычайных, двухмерных здымках і па адбітках пальцаў. Параўнаць эфэктыўнасьць можна толькі з ідэнтыфікацыяй па вясёлкавай абалонцы вока – занадта дарагой тэхналёгіі, на якую не паскупіліся для сваіх пашпартоў японцы. Але як быць зь інвалідамі?

(Вітушка: ) “Вясёлкавая абалонка вока? Ёсьць хворыя на катаракту. Адбіткі пальцаў? Ёсьць людзі, у каго няма рук. Альбо траўма, і палец страчаны. Ну і што ты будзеш рабіць з такім чалавекам? Знайсьці нейкі ўнівэрсальны мэханізм, прычасаць усіх аднолькава не атрымаецца. І калі гэтага няможна зрабіць для ўсіх?.. Жыцьцё падкідвае нам такія пытаньні, якія мы не гатовыя яшчэ асэнсаваць”.

Беларускі “Дзяржзнак” ужо наведалі амаль усе вядучыя вытворцы абсталяваньня для біямэтрычных сыстэм з прапановамі.

Тым часам, паводле намесьніка начальніка рэспубліканскага АВІРу Аляксея Бегуна, яшчэ нічога не вядома.

(Бягун: ) “Стандарту эўрапейскай камісіі і стандарту ICAO па гэтым пытаньні яшчэ няма. Зрэшты, сусьветная супольнасьць пакуль ня вызначылася, якая будзе біямэтрыя. Эўропа ўводзіць біямэтрыю, каб бязь візаў уяжджаць у ЗША. А ў адносінах да грамадзянаў Беларусі існуе візавы рэжым – біямэтрыю зьбіраюць пры разглядзе пытаньня аб выдачы візаў. Пакуль сусьветная супольнасьць ня вызначыцца, пакуль ня будуць выпрацаваныя стандарты... Я лічу, пакуль несвоечасова. Тым больш, што гэта вельмі дарагая тэхналёгія”.

Увядзеньне электронных дакумэнтаў абыдзецца расейскаму бюджэту больш чым у 10 мільярдаў рублёў. Згодна з пастановай расейскага ўраду да 2007 году на ўсёй тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі пачнуць выдаваць замежныя пашпарты зь мікрачыпамі. А першымі такія пашпарты ўжо пачынаюць атрымліваць жыхары "пілётных" зонаў – Масквы і Калінінградзкай вобласьці.

Новыя ангельскія пашпарты каштуюць 71 фунт стэрлінгаў. Амэрыканцы плацяць 82 даляры. Першыя дакумэнты зь біямэтрычнымі дадзенымі амэрыканцы атрымалі ў канцы мінулага году.

А ў Беларусі пакуль што спэцыялісты Дэпартамэнту па грамадзянстве й міграцыі МУС зь 1 красавіка пачнуць прымяняць новую тэхналёгію. Фотаздымак будзе ня ўклейвацца, а пасьля сканаваньня друкавацца на пашпартную старонку пры дапамозе прынтэра.

Словы “асабісты нумар” замененыя на “ідэнтыфікацыйны нумар”. Але ўсе будуць палічаныя. Некаторыя вернікі настойвалі на стварэньні альтэрнатыўнай сыстэмы рэгістрацыі без нумароў у прынцыпе. Згодна апакаліпсічным прадказаньням, пры татальным кантролі надыдзе канец сьвету. Тым часам некаторыя заходнія праваабаронцы б''юць трывогу з нагоды “інфармацыйнага Армагедону” – лічбавыя базы дадзеных на грамадзянаў могуць быць сакрэтна выкарыстаныя дзяржавай ці зламысьнікамі ў сваіх карысьлівых мэтах.

Гл.таксама • Беларускія пашпарты (першая частка)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG