Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць пра спадчыну Фройда сучасныя псыхааналітыкі?


Валер Каліноўскі, Прага Больш за сто гадоў прайшло з таго часу, калі Зыгмунд Фройд учыніў вялікі скандал у старамодным грамадзтве сваёй ідэяй, што кожны хлопчык хоча спаць са сваёй маці. Гэтая тэорыя была адрынутая ўсімі, апрача жменькі сапраўдных фрайдыстаў. Многія зь іншых ягоных ідэяў, такія як “зайздрасьць пэніса”, нібыта характэрная жанчынам, таксама не здабылі эмпірычнага пацьверджаньня. Пра тое, як сучасныя тэарэтыкі псыхалёгіі ўспрымаюць спадчыну вялікага псыхааналітыка 19-га стагодзьдзя, паведамляе карэспандэнт "Свабоды".

Несумненна тое, што ідэі Зыгмунда Фройда па-ранейшаму пранікаюць у сучасную культуру. Ягоныя кнігі вывучаюцца ва ўнівэрсытэтах, нягледзячы на тое, што цяпер іх чытаюць больш гісторыкі ці філёзафы, чым псыхолягі і псыхіятры. Прафэсар псыхалёгіі Вірджынскага ўнівэрсытэта Тымаці Ўілсан, гаворачы аб Фройду як тэарэтыку чалавечай прыроды, кажа, што ён быў геніем, які раней за іншых зразумеў, як шмат у мэнтальным жыцьці чалавека значыць падсьвядомасьць.

(Уілсан: ) “Яму сапраўды трэба аддаць належнае за тое, што ён казаў аб падсьвядомасьці як вельмі важнай сіле ў нашым жыцьці. Але адна з хібаў, якая была ягонай праблемай, але не ягонай памылкай,– тое, што ён ня меў магчымасьці займацца дасьледаваньнямі так, як гэта робім мы. Ён амаль цалкам пакладаўся на клінічныя назіраньні, і хоць ён быў сапраўды залатым клініцыстам, гэта адначасова абмяжоўвала ягонае разуменьне і вымушала яго выпускаць з-пад увагі нармальнае штодзённае функцыянаваньне падсьвядомасьці”.

Прафэсар Уілсан зазначае, што Фройд напісаў так шмат, што часам ён супярэчыў сам сабе і ня меў рацыі ў шмат якіх сваіх ідэях.

Сучасныя псыхолягі кажуць, што многія ягоныя ідэі няправільныя, у прыватнасьці з той прычыны, што ён зашмат увагі аддаваў сэксу. Але зь іншага боку, гаворачы, напрыклад, пра дзіцячыя сэксуальныя фантазіі, ён істотна папярэджваў бацькоў, і нельга сказаць, што зусім ня меў рацыі.

А вось іншая ідэя Фройда аб тым, што жанчыны зьяўляюцца няпоўнымі (ці непаўнавартаснымі) мужчынамі не выклікае ў спадара Ўілсана ніякай падтрымкі:

(Уілсан: ) “О, гэта зусім непраўдзіва. Я лічу, што тут ён быў проста абсурдны ў сваім трактаваньні жанчын. Гэта зразумела зь ягоных вялікіх хібаў, якія цяпер выглядаюць амаль што сьмехатворнымі”.

Спадчыне Фройда ў пэўным сэнсе не пашанцавала, што яго ўспрымаюць і вывучаюць ва ўнівэрсытэтах не як псыхоляга-тэарэтыка, а як філёзафа, які прапанаваў радыкальна новы погляд на рэчы.

Тым ня меней прафэсар Уілсан выкладае сваім студэнтам спадчыну Фройда менавіта як псыхоляга і тэрапэўта.

Хаця цяпер зусім нельга сказаць, што псыхааналіз па Фройду зьяўляецца найлепшым тэрапэўтычным сродкам пры псыхічных хваробах, але ёсьць вялікая прастора, дзе ён застаецца па-ранейшаму даволі эфэктыўны. Праўда на пытаньне, якія тэрапэўтычныя сродкі лепшыя, у псыхолягаў пакуль няма пэўнага адказу.
XS
SM
MD
LG