Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшы віцебскі кінатэатар пераробяць у гандлёвы цэнтар


Радыё Свабода, Віцебск Цяпер у Віцебску з амаль 400-тысячным насельніцтвам засталіся ўсяго два кінатэатры. Колькасьць жа так званых гандлёвых цэнтраў – як пераробленых з іншых непрыстасаваных будынкаў, так і пабудаваных новых гмахаў – перасягнула за паўтара дзясяткі.

Сёньня ўжо цяжка паверыць, што сорак год таму ў абласным цэнтры было 8 кінатэатраў, і па білеты ў чэргах даводзілася стаяць па гадзіне і болей. Поўную залю на 1000 месцаў зьбіраў некалі і самы буйны віцебскі кінатэатар “Беларусь”, пабудаваны ў 1973-м годзе, да тысячагадовага юбілею Віцебску.

Аднак часы росквіту “гіганта мясцовага кінапракату” незваротна сышлі: вялізны будынак з акварыюмамі ў фае, што даўней як магнітам прыцягвалі мясцовую дзятву, вымагаў капітальнага рамонту, а касавыя зборы пачалі падаць, бо прапанаваныя фільмы рэдка калі зьбіралі хаця б некалькі соцень гледачоў. Не выратавалі сытуацыю ані казыно, адчыненае ў “Беларусі”, ані начны клюб “Сава”, дзе час ад часу ладзіліся рок-канцэрты.

У 2004-м годзе віцяблянам было абвешчана, што ў будынку былога кінатэатра будзе адкрыты моладзевы забаўляльны цэнтар. Аднак на ягонае стварэньне не знайшлося спонсараў. Гарадзкі бюджэт тым часам фінансаваў “перабудову” іншай “кінапракатнай” установы – кінатэатру “Кастрычнік”, які зь вялікімі фінансавымі цяжкасьцямі і не за адзін дзесятак гадоў нарэшце ператварыўся ў Цэнтар дзіцячай творчасьці.

На думку начальніка гарадзкога аддзелу культуры Віктара Кібісава, кінатэатар “Беларусь” ня мае такога шанцу: пазыкі за камунальныя паслугі ды электрычнасьць у гэтай установы ужо перасягнулі 20-мільённы рубеж. Мясцовы бюджэт гэтага ня вытрымае, таму ўсе надзеі ўскладзеныя на прадпрымальнікаў, якія змогуць выкупіць будынак і пераабсталяваць яго пад любы прыдатны аб''ект гаспадараньня.

“Беларусь” была прададзеная на аўкцыёне.

Набыў яе вядомы ў Віцебску прадпрымальнік Віктар Вялюга, гаспадар “Эўропы” і “Кантынэнту” – двух самых вядомых і самых “дарагіх” гандлёвых цэнтраў у Віцебску.

Абвесткамі па мясцовым тэлебачаньні ён запрашае прадпрымальнікаў і гандляроў узяць удзел у пераабсталяваньні былога кінатэатра. Але прадпрымальнікі адгукаюцца пакуль ня дужа ахвотна. Прычыны гэтага тлумачыць Анатоль Шапавалаў, кіраўнік віцебскага недзяржаўнага прафсаюзу прадпрымальнікаў.

(Шапавалаў: ) "Я думаю, нявыгадна. Да прыкладу, маем рынак цукру: штодня прадаецца дзьве тоны, і працуюць 15 прадпрымальнікаў. Потым – ужо 30, і па-ранейшаму дзьве тоны, болей не прадаецца. Канечне, ва ўсіх прыбыткі адразу ўпалі. Так і тут. Прадпрымальнікі ўжо пішчаць: “Ня трэба нам гандлёвых цэнтраў болей!” Добры дзясятак ёсьць ужо. Там і арэндная плата большая, і падаткі вышэйшыя выходзяць. Натуральна, усё гэта ў кошты тавараў закладаюць".

Патэнцыйныя пакупнікі новага гандлёвага цэнтру “Беларусь” таксама ня выказваюць асаблівае радасьці з нагоды яго зьяўленьня. Апытаныя жыхары Віцебску разважаюць і пра тое, што варта было б зрабіць у будынку колішняга кінатэатру.

(Спадарыня: ) “Гандлёвых цэнтраў у нас – на кожным кроку. Калі шчыра, то ўжо абрыдла нават! І заробкі ў большасьці такія, што ў тых цэнтрах асабліва нічога ня купіш – кошты ўжо так накруцяць, што ўжо ня ведаю нават!”

(Спадар: ) “Калісьці “Беларусь” была найлепшым кінатэатрам у горадзе. Самая вялікая заля ў горадзе! Ну чаму б не зрабіць там сучасную залю, добры гук, якаснае відэа? Дзяржава мусіла б заняцца!”

(Хлопец: ) “Можа, начны клюб там зрабіць? У нас мала, бракуе добрых клюбаў, дзе можна культурна правесьці час – каб дыскатэка была і адпачыць было можна вечарам”.

(Дзяўчына: ) “Нашаму гораду патрэбны новы ЗАГС! Там і паболей месца было б, і ўвогуле, лічу, нешта б атрымалася ў гэтым будынку”.

(Спадар: ) “Зараз тэлебачаньне ёсьць, і ці ня ў кожнага “хатні кінатэатар” у доме. Цяпер людзі ў кіно ня ходзяць! Чым будынку пуставаць, хаця б штосьці там няхай зробяць.”

Паводле папярэдніх плянаў, новы гандлёвы цэнтар у Віцебску мае адчыніцца ў 2008-м годзе. Ягоны гаспадар, дарэчы, мяркуе захаваць першапачатковую назву “Беларусь”, і ў гэтым выпадку ў горадзе зьявіцца першы падобны аб''ект хоць зь нейкай нацыянальнай адметнасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG