Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі — пра пагрозу ліквідацыі свайго творчага саюзу


Радыё Свабода Літаратары, якія прыйшлі сёньня ў Вярхоўны Суд на працэс з пазову Міністэрства юстыцыі супраць Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, казалі пра палітычны падтэкст справы.

У судовую залю, дзе слухалі справу Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, трапіла толькі палова ахвотных. Як расказаў старшыня Саюзу Алесь Пашкевіч, кіраўніцтва суду чарговы раз праігнаравала просьбу даць большае памяшканьне. Пісьменьнік Васіль Якавенка у лік абраных не патрапіў: яму не хапіла месца.

(Якавенка: ) “Сам Лукашэнка прызнаўся, што гэта палітычная акцыя. З палітычных меркаваньняў некалі забралі Дом літаратара. Цяпер нахапіўся кіраўнік Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі, хацеў паадключаць кампутары, нават разэткі апячаталі ў Доме літаратара. Я чуў меркаваньні, што гэта ўсё чыніцца за ўдзел некаторых пісьменьнікаў у падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў. Ну, і ў Саюзе пісьменьнікаў абмяркоўваліся некаторыя адпаведныя пытаньні. Таму гэта чыста палітычная акцыя — няма ніякага сумневу”.

Паэт Сяргей Законьнікаў гэтаксама схільны лічыць, што прэтэнзіі да Саюзу беларускіх пісьменьнікаў маюць ня столькі юрыдычную, колькі палітычную афарбоўку.

(Законьнікаў: ) “Пісьменьнікі заслугоўваюць да сябе павагі толькі за тое, што немалая доля іхнае працы закладзена ў сёньняшнюю беларускую дзяржаўнасьць. Такую найстарэйшую арганізацыю, як Саюз беларускіх пісьменьнікаў, нельга зьліквідоўваць зь нейкіх надуманых прычынаў. Таму што ўсе прэтэнзіі, якія выстаўляюцца да кіраўніцтва Саюзу, легкаважныя й папросту штучна зробленыя. Нейкае дзьвюхкосьсе ў пячатцы альбо абвінавачаньне, што вісіць шыльда на будынку з гербам “Пагоня”, — гэта ўжо зусім непрыймальна. З той простай прычыны, што гэты будынак даўно ўжо знаходзіцца ў руках улады, а ня ёсьць маёмасьцю Саюзу пісьменьнікаў”.

Яшчэ адзін паэт, Генадзь Бураўкін, кажа, што бальшыня чыноўнікаў, якія намагаюцца зьліквідаваць пісьменьніцкую арганізацыю, наўрад ці знаёмы з творчасьцю беларускіх літаратараў. Але іх вельмі непакоіць грамадзянская пазыцыя сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

(Бураўкін: ) “Літаратура — гэта такая справа, у якой вельмі цяжка знайсьці зьвязаныя з канкрэтным палітычным днём рэчы, каб потым скарыстаць супраць яе. А Саюз пісьменьнікаў — што гэта такое? Гэта беларуская літаратура. І калі Мін’юст і іншыя падобныя арганізацыі пачынаюць судовы працэс супраць Саюзу, то зразумела, што гэта працэс супраць нацыянальнай беларускай літаратуры, а значыць, супраць пісьменьнікаў. Што тут — некаму не падабаецца тое, як піша Казько, ці як піша Барадулін? Не! Ім не падабаецца, што ў Саюзу пісьменьнікаў ёсьць вельмі дакладная, вельмі прынцыповая пазыцыя адносна беларускай мовы, беларускай культуры. Ну, а тым самым, і адносна беларускай дэмакратыі”.

Адзін з пунктаў абвінавачаньня з боку Міністэрства юстыцыі — эпізод, калі летась у кавярні Дому літаратара адбыўся ўстаноўчы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксандра Казуліна. Адзін з кіраўнікоў БСДП “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк цяпер выкліканы ў суд сьведкам:

(Нісьцюк: ) “Гэты палітычны падтэкст тут ня толькі адчуваецца, а рэальна бачны. Таму што, безумоўна, Саюз беларускіх пісьменьнікаў — арганізацыя, якая займаецца вельмі цікавай справай, вельмі карыснай для дзяржавы. Гэта людзі незалежныя, людзі, якія маюць сваю асабістую думку. А такія людзі ўладзе цяпер не патрэбны”.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч не выключае найгоршага сцэнару разьвіцьця падзеяў. Аднак кажа, што зусім не хацелася б працаваць у эміграцыі (а ўжо ёсьць прапановы зарэгістравацца за межамі Беларусі), таму разглядаюцца розныя варыянты існаваньня Саюзу.

(Пашкевіч: ) “Будзем і тут прыкладаць намаганьні. Ёсьць напрацаваныя варыянты, каб паўторна паспрабаваць зарэгістравацца тут, калі арганізацыя ўсё ж будзе зьліквідавана. Прыкладам, ёсьць яшчэ адна не занятая назва — Беларускі саюз пісьменьнікаў. Так ці інакш, я кірую Саюзам чатыры гады, і, паводле статуту, увосень павінен прайсьці справаздачна-выбарчы зьезд. І зьезд ува ўсялякім разе адбудзецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG